А потым быў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры. Вучобу сумяшчала з працай у Цэнтры пазашкольнай работы “Кантакт” Цэнтральнага раёна Мінска. І па сёння адным з любімых калектываў для Наталлі Віктараўны з’яўляецца Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Генадзя Цітовіча. “Была ў мяне магчымасць уладкавацца на працу ў гэты калектыў, — згадвае яна, — але я вярнулася ў родны Светлагорск. І не шкадую”.
І ЗАЛА ПАДПЯВАЕ
З 2004 года малады спецыяліст працуе ў Светлагорскім гарадскім Цэнтры культуры кіраўніком дзіцячага фальклорнага вакальна-харэаграфічнага ансамбля “Зорачка” і адначасова спявае ў ансамблі «Светліца». Стварылі апошні ў 1988 годзе, ансамблем кіравалі Галіна Ур’еўская і Святлана Пінчук. Народны вакальны ансамбль “Светліца” ўжо падчас першых сваіх выступленняў заваяваў любоў гледачоў Светлагорска. У 2007 годзе дырэктар СЦК прапанаваў Наталлі Віктараўне стаць кіраўніком “Светліцы”. Калектыў выконвае беларускія і рускія народныя песні, песні вядомых беларускіх аўтараў і кампазітараў, прапагандуе сучасную музыку, напісаную ў народным стылі. Выступленні заўсёды яркія і відовішчныя. Глядзельная зала часта падпявае самадзейным артыстам.
Наталля Баршчэўская імкнецца захаваць у калектыве сяброўскія адносіны, усяляк заахвочвае імкненне ўдзельніц развівацца.
Дачка Наталлі Віктараўны скончыла музычную школу, але жыццё сваё звязала з вывучэннем замежных моў. Яна студэнтка Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Цяпер усе надзеі на стварэнне музычнай дынастыі Наталля Баршчэўская ўскладае на малодшага сыночка, які заўсёды спявае ў вольны час і з задавальненнем ходзіць з мамай на рэпетыцыі.
ГАСТРОЛІ І ЎЗНАГАРОДЫ
Ансамбль “Светліца” — удзельнік міжнароднага фестывалю фальклорных калектываў у акрузе Мендып (Вялікабрытанія), канцэртнай праграмы на міжнародным фестывалі песні «Падляская нота» ў горадзе Бельск-Падляскі (Польшча). Калектыў браў удзел у справаздачным канцэрце Гомельскай вобласці ў зале Белдзяржфілармоніі, у рэспубліканскім фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі “Дажынкі”, рэгіянальным фестывалі народнай творчасці, народных промыслаў і рамёстваў “Дрыбінскія таржкі”, у выступленнях на XXIV Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, у канцэртнай праграме, прысвечанай Дню беларускага пісьменства ў Рагачове, у тэлевізійным аглядзе-конкурсе “Песні маёй краіны”, у міжрэгіянальным фестывалі мастацтваў “Зоры над Дняпром” (Рагачоў). Усе канцэртныя пляцоўкі “Светліцы” і не пералічыць.
За вялікі ўклад у культурнае развіццё Светлагорска хормайстар і артысты калектыву неаднаразова ўзнагароджваліся дыпломамі, ганаровымі граматамі, падзякамі гарадской адміністрацыі і Гомельскай вобласці. Калектыў атрымаў Гран-пры на VI Абласным міжгаліновым фестывалі аматарскай мастацкай творчасці прафсаюзаў, дыпломы рэспубліканскага фестывалю харавога мастацтва “Пеўчае поле”, абласнога агляду-конкурсу вакальных ансамбляў народнай песні з найменнем “народны”, прысвечаным 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне…
УМЕННЕ ПРАЦАВАЦЬ З ПУБЛІКАЙ
У рэпертуары калектыву — больш за 100 песень. Ёсць сольныя нумары, дуэты, трыа. Часцей за ўсё ў Наталлі Віктараўны няма асаблівых прынцыпаў у падборы рэпертуару. Яна выбірае песні да душы, а затым раіцца з калектывам. Галоўная задача кіраўніка ансамбля, каб удзельнікі ў выкананне кожнага твора ўкладалі душу. У калектыве — людзі творчыя, захопленыя музыкай і песняй. Таму ў развіцці гурта і асаблівых праблем няма. Нягледзячы на занятасць на асноўнай працы, удзельнікі ансамбля поўныя энергіі, творчых ідэй і запалу, жадання дарыць людзям радасць.
Уменне працаваць з публікай, “запаліць” залу, завабіць слухачоў сваім спевам і песнямі, заўсёды працаваць з поўнай аддачай — вось сакрэт поспеху калектыву. Як адзначыла Баршчэўская: “Святліца — гэта светлы, чысты парадны пакой у доме. Я думаю, назва нам адпавядае, бо атмасфера ў калектыве цёплая, шчырая, песні спяваем з душой і збіраем вакол сябе сяброў”.
Галіна КАПЕЦКАЯ
Светлагорск
Фота з асабістага архіва Наталлі Баршчэўскай.