Урачыстае адкрыццё адбылося ў чацвер у Беларускай дзяржаўнай філармоніі, у зале імя Рыгора Шырмы. На канцэрце прысутнічалі прадстаўнікі Міністэрства культуры нашай краіны, Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь, былі зачытаны прывітанні на адрас фестывалю ад міністраў культуры абедзвюх краін — Анатолія Маркевіча (Беларусь) і Вольгі Любімавай (Расія).
Сапраўды, такі форум ладзіцца ў нас упершыню. А ў замежжы ён ужо заявіў пра сябе. Стартаваў у Санкт-Пецярбургу ў 2018-м, праз год адбыўся ў Рыме, атрымаўшы статус міжнароднага. Цяперашні фестываль складаецца з дзвюх частак, што ахопліваюць сталіцы Беларусі і Расіі: восеньскаму мінскаму сезону папярэднічаў вясновы маскоўскі.
Ініцыятарамі, галоўнымі арганізатарамі і мастацкімі кіраўнікамі форуму выступілі дзве маладыя арфісткі — лаўрэаты міжнародных конкурсаў, якія маюць добрую канцэртную практыку і адначасова выкладаюць у навучальных установах дзвюх краін. Гэта ўладальніца прэміі Урада Масквы Надзея Сяргеева, якая выкладае ў Маскоўскім дзяржаўным інстытуце імя Шнітке, у музычным каледжы пры ім, у Дзіцячай музычнай школе імя Танеева і курыруе канцэртныя праграмы Дзяржаўнага гістарычнага музея Расіі. А таксама Вераніка Грабоўская — артыстка аркестра Вялікага тэатра Беларусі, выкладчыца па класе арфы Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і адначасова магістрантка Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных.
— Ідэя такога свята, — распавяла Вераніка Грабоўская, — належала Надзеі Сяргеевай. Але падобныя думкі неаднаразова наведвалі і мяне. Бо вельмі хочацца развіваць арфавае мастацтва ў Мінску, папулярызаваць гэты інструмент, пашыраць уяўленне пра яго багатыя магчымасці. Мы вельмі ўдзячны дзяржаўным установам, якія нас падтрымалі, прадаставілі фестывалю лепшыя залы.
У выніку далікатная арфа выступіла ў час форуму як сольна, так і ансамблева, а таксама з аркестрам. На адкрыцці, што ішло ў суправаджэнні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава, гучалі арфавыя канцэрты Моцарта, Гендэля, Буальд’е, Гліэра, канцэртная сімфонія Кікты “Фрэскі Сафіі” для арфы з аркестрам, творы Бакерыні, Равэля, Дэбюсі, Альбеніса і інш. Некаторымі творамі дырыжыравала студэнтка нашай Акадэміі музыкі Валерыя Рыбінская. Дарэчы, шэраг выдатных твораў для арфы (і ў тым ліку кельцкай) стварылі апошнім часам беларускія кампазітары. Чым не частка праграмы наступных фестываляў?
Учора ўдзельнікі форуму выступілі ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Чарговы канцэрт адбудзецца сёння ўвечары — у Камернай зале імя Ларысы Александроўскай. А завершыцца свята анлайн-трансляцыяй канцэрта лаўрэата міжнародных конкурсаў Аляксандра Балдачова — арфіста, кампазітара, запрошанага саліста Вялікага тэатра Расіі, мастацкага кіраўніка Цюрыхаўскага фестывалю арфаў, эксклюзіўнага арфіста Арфавага дома Salvi Harps (Расія — Швейцарыя). Жыўцом ягонае выступленне прайшло напярэдадні ў зале Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры БДАМ: менавіта гэтая навучальная ўстанова выступае афіцыйным арганізатарам мінскай часткі фестывалю. Там жа ладзіліся і ўсе шэсць майстар-класаў. А заўтра ўсе жадаючыя змогуць паглядзець папраўдзе феерычны канцэрт А.Балдачова ў інтэрнэце і, магчыма, цалкам змяніць сваё ўяўленне пра гэты інструмент, якому, як аказалася, падуладныя нават выкшталцоныя пералажэнні рок-музыкі.