Аляксей Стукін — чалавек камунікабельны. У 2000 годзе працаваў у тэлекампаніях “БТ” і “Мір”, а потым наогул на радыёстанцыях іншых краін свету. Будучы ў шматлікіх камандзіроўках, працягнуў знаёміцца з жыццём заходнееўрапейцаў у Францыі, дзе паступіў у тэатральную студыю Марсэля Марсо ў Парыжы. Тут і спасцігаў адваротны бок працы жывой статуяй, палюбіў гэта мастацтва і вучыўся валоданню ім. Ненадоўга вярнуўся ў Беларусь, паўдзельнічаў у праекце Нацыянальнага мастацкага музея ў сваёй новай прафесіі, потым часова з’ехаў ва Украіну. Практыкаваўся ва ўпадабаным рамястве ў Кіеве, Львове, вёў на ўкраінскім тэлебачанні перадачу «Свет вачыма статуі» аб разбурэнні скульптур і вандалізме. Перш чым зноў вярнуцца ў Беларусь, гастраляваў у Санкт-Пецярбургу, Мурманску, Растове-на-Доне, Прыбалтыцы.
Аляксей з жонкай Вяронікай у вобразах.
“Вось і атрымліваецца, што спасцігаў мастацтва працы жывой статуяй доўга і ў зусім розных месцах, — распавядае Аляксей. — У 2013 годзе, ужо маючы вялікі досвед удзелу ў розных творчых мерапрыемствах, быў адным з арганізатараў міні-фестывалю вулічнага мастацтва ў Гродне. А ў 2014 годзе было прыемна атрымаць запрашэнне працаваць жывой статуяй у гасцявой зоне падчас Чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску. Пасля пачаў развіваць жанр у сталічным Верхнім горадзе. Дзякуючы гэтаму занятку сустрэў сваю жонку, якая стала маім памочнікам і, без перабольшання, сэнсам жыцця”.
Вяроніка Шрайнер, жонка Аляксея, таксама асоба творчая. Яе бацька і брат пішуць цудоўныя палотны алеем. Адна з яе адукацый — курсы моды і дызайну ў студыі Канстанціна Багамолава. Магія жывых статуй неўпрыкмет ішла поруч з ёй доўгі час. У старшых класах яна пісала сачыненне на вольную тэму, пабачыўшы рэпартаж аб гэтым артыстычным мастацтве. Была ў Нацыянальным музеі, калі Аляксей упершыню выступаў там, але тады не пазнаёмілася з ім. Шчыра дзівілася жывым статуям у турыстычных паездках па еўрапейскіх гарадах. І вось неяк праз гады, працуючы ў адным творчым праекце, выпадкова ўбачыла некалькі жывых статуй у Верхнім горадзе. Запрасіла артыстаў сфатаграфавацца ў фотазоне праекта пасля заканчэння працы. Прыйшоў толькі Аляксей. Так і завязаліся кантакты, а пасля пачалося жыццё “рука аб руку”.
У адной позе бывае патрэбна стаяць вельмі доўга.
«Цяпер працую мастаком па касцюмах Аляксея, — працягвае Вяроніка. — У нас яны адрозніваюцца асаблівай рэалістычнасцю за кошт жывапіснай тэхнікі, якую я ўжываю. Мусіць, таму супольнасцю артыстаў гэтага жанру, якіх у свеце ўсяго 10 тысяч чалавек, мы афіцыйна прызнаныя. Я і сама магу іграць жывую статую. Нам з мужам вельмі памятны момант, калі на Minsk international fire fest мы разам выступалі перад гледачамі. Быў вялізны поспех, доўгая праграма, у канцы якой герой Аляксея, пірат, выратоўваў маю гераіню, прынцэсу Маргану, пацалункам. Як бачыце, мы імкнёмся ўкласці ў творчасць частку нашай душы».
— Аляксей, а чаму выбралі менавіта гэты напрамак акцёрскага майстэрства?
— Пантаміма — адно з самых старажытных і самых складаных акцёрскіх уменняў. Толькі стаянне нерухома не робіць пераапранутага чалавека жывой статуяй, хоць сапраўды, бывае, заканчваеш выступ, які можа доўжыцца ад дзвюх да чатырох гадзін, з ламатой ва ўсім целе. Але, як правіла, людзі да прафесійна адыгранай статуі падыходзяць фатаграфавацца, кідаюць у скрынку манеткі. Тут і трэба пачынаць нешта пацешнае рабіць. Смешных выпадкаў за ўсю гісторыю маёй працы было вельмі шмат. Мінакі так шчыра палохаюцца, калі замерлая статуя раптам рухаецца, што мімаволі засмяешся.
Вось такія атрымліваюцца калядныя фота з Крампусам.
— Якія выявы карыстаюцца папулярнасцю, якія асабліва любімыя вамі?
— Усяго ў нас 12 гатовых вобразаў. Дзецям падабаецца зімовы касцюм Сінтэр Клааса. Ён настолькі папулярны, што мяне запрасілі прайсціся ў сталічнай працэсіі Дзядоў Марозаў яшчэ перад пандэміяй. У дарослых захапленне выклікае вобраз Крампуса. Гэта паганскі бог урадлівасці ў альпійскіх народаў, якім палохаюць дзяцей. Паводле падання, калі дзіця паводзіць сябе дрэнна, перад Калядамі Крампус забірае яго ў лес. А больш за ўсё асабіста мне падабаецца вобраз Залатога Рэжысёра, бо шмат з ім звязана.
— Раскажыце, што гэта за рэжысёр?
— У 2017 годзе я з жонкай адкрыў эксперыментальны тэатр-студыю жывых скульптур “Студыя Залатога Рэжысёра”. Нашы выпускнікі пры сваіх выступах рэкламуюць яе, а пасля да нас паступаюць заяўкі па ўдзеле на карпаратыўных вечарах, што і з’яўляецца асноўнай крыніцай заробку. Дарэчы, я адзіны вулічны артыст, які атрымаў ад Міністэрства культуры краіны статус творчага работніка, што вызваляе ад пэўных падаткаў. Без сумневу, гэта сур’ёзная падтрымка ў манетызацыі дзейнасці. У нашу студыю штогод прыходзяць спрабаваць сябе каля ста чалавек, але, як правіла, толькі ў дваіх атрымоўваецца застацца ў гэтым рамястве. Трэба мець добрае здароўе, цярпенне, любіць стасункі з людзьмі, каб працаваць жывой статуяй. Падыходзіць гэты занятак моладзі ад 20 гадоў, бо ў яе шмат сіл, энергіі.
— Дзе часцей за ўсё выступаеце?
— Як правіла, каля ратушы ў Мінску. Тут сама архітэктура горада як своеасаблівая дэкарацыя для стварэння ілюзіі. Хаця не раз бывалі на гастролях у абласных гарадах Беларусі, на тых жа фестывалях. Таксама ў Траецкім прадмесці і на Камсамольскім возеры зараз вызначаны тэрыторыі для свабоднага выступлення вулічных артыстаў. І міліцыя любіць нашы мізансцэны, канфліктаў з ёй за ўвесь час не ўзнікала. Хоць, напрыклад, у Піцеры і Маскве сярод артыстаў-статуй пайшла мода быць дакучлівымі, пераследаваць мінакоў, пакуль яны не дадуць грошай. Гэтага я катэгарычна не прымаю. Бо наша задача — дарыць людзям станоўчыя эмоцыі.