Алена Клімовіч, начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама:
— Цяпер адчынены сем залаў першачарговай рэстаўрацыі. За два дні работы абноўленага аб’екта яго наведала больш за тысячу чалавек. Людзі могуць убачыць музейныя экспазіцыі, прысвечаныя гісторыі замка, узнікненню гарадзенскага княства і гісторыі нашых зямель у складзе ВКЛ, асобе караля Стэфана Баторыя і грамадзянскага жыцця Гродна ў часы росквіту Рэчы Паспалітай. Аб гэтым распавядаюць шматлікія археалагічныя артэфакты, а таксама мультымедыйныя вітрыны. Інфармацыя з дапамогай іх добра ўспрымаецца і дапаўняе словы экскурсавода. Рэстаўрацыя выканана на высокім еўрапейскім узроўні. У 2022-2023 годзе плануецца адкрыць яшчэ чатыры залы з экспазіцыямі. А далей мы будзем рэстаўрыраваць знешні выгляд замка і старажытныя пабудовы на яго тэрыторыі.
— Працягваецца стварэнне музейнай экспазіцыі на месцы былога канцлагера ў Бярозе. У будынку былых казарм працуе часовая выстава, але цяпер распрацоўваецца навуковая канцэпцыя па яе ўдасканаленні. Што адбываецца на аб’екце?
Таццяна Кавалёк, начальнік аддзела культуры Бярозаўскага райвыканкама:
— На месцы трох памяшканняў былога канцлагера дзейнічае выстава, на якой прадстаўлены інфармацыйныя стэнды, архіўныя дакументы, асабістыя справы зняволеных. Шэраг экспанатаў перанесены сюды з раённага краязнаўчага музея, таксама змешчаны перададзеныя прадметы з абласнога музея. Тут праводзяцца экскурсіі, у якіх зацікаўлены наведвальнікі. Цяпер ідзе распрацоўка эскізу таго, як будзе выглядаць экспазіцыя далей.
— І другое пытанне. У Бярозе вядуцца работы па аднаўленні мемарыялу памяці на Броннай Гары. На гэтым месцы, недалёка ад горада, былі расстраляны 50 тысяч чалавек падчас Вялікай Айчыннай вайны. Што плануецца зрабіць на гэтай тэрыторыі?
— Створана працоўная група па пошуку ў архівах імёнаў усіх ахвяр на Броннай Гары і вызначэнню межаў іх пахавання. Таксама распрацоўваецца эскіз таго, як будзе выглядаць гэта месца далей. У хуткім выкананні азначаных работ зацікаўлены мясцовыя ўлады. Трэба адзначыць, што памяць аб трагедыі тут ушаноўваюць два помнікі — 1992 і 1997 гадоў. А наша задача — ажыццявіць добраўпарадкаванне тэрыторыі.
Падрыхтаваў Павел САЛАЎЁЎ