У кірунку да спадчыны
У выставачнай зале Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці 21 кастрычніка адкрылася выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва майстроў народнай творчасці Ваўкавыскага раёна “Карані творчасці”.
“Звыш 140 работ ткацтва, вышыўкі, керамікі, выцінанкі, саломкапляцення, мастацкага роспісу, лясной скульптуры, жывапісу 15-ці сучасных майстроў народнай творчасці расквецілі выставачную экспазіцыю, — адзначыла ў сваім лісце загадчыца аддзела традыцыйнай культуры Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Яніна Барысевіч. — Але асаблівая даніна павагі аддадзена тканым вырабам народнага майстра Балёнь Любові Сцяпанаўны з вёскі Студзянец Ваўкавыскага раёна. Дзякуючы ёй і яе пераемніцы Яніне Іюльскай на Ваўкавышчыне збераглі і практыкуюць да гэтага часу простае двухнітовае ткацтва”.
Дарэчы, навучаюць гэтаму рамяству дзяцей і ўсіх ахвотных у філіяле “Роскі цэнтр рамёстваў” Ваўкавыскага раённага Цэнтра рамёстваў. Па гэтай прычыне экспазіцыя выставы і распачынаецца з 12-метровага стракатага ходніка, вытканага ў дзіцячым гуртку дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Куфэрак” Роскага ЦР старадаўняй тэхнікай ткацтва.
На адкрыцці выставы загадчыца Роскай установы Святлана Кудаш распавяла пра творчасць выбітных майстроў Ваўкавышчыны: вышывальшчыц Ірыны Пекар, Аксаны Талькоўскай, Надзеі Развадоўскай, керамістаў Аляксея Рамаусава і Марыны Гайдзель, майстра мастацкага роспісу Жанны Сямак, майстра выцінанкі Марыны Дубовік, майстроў саломкапляцення Аксаны Урублеўскай і Святланы Прахінай.
Напісалі ў лісце на нашу рэдакцыйную пошту і пра 15-годдзе, якое 17 кастрычніка адзначыў жаночы вакальны калектыў “Спадчына” Грынкаўскага сектара клубнай і бібліятэчнай работы Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці. Названы калектыў вядомы далёка за межамі раёна. Рэпертуар складаецца з твораў, якія выконвалі бабулі і дзядулі ўдзельнікаў “Спадчыны”. Дарэчы, вершы і мелодыі з народу ў свой час выклікалі цікавасць і ў беларускага харавога дырыжора, фалькларыста, музычнага і грамадскага дзеяча, народнага артыста Беларусі і СССР Рыгора Шырмы, які ў 1930-х гадах прыязджаў на Свіслаччыну ў экспедыцыі.
На свята, як піша нам рэжысёр Грынкаўскага сектара клубнай і бібліятэчнай работы Марыя Самалевіч, сабраліся прыхільнікі калектыву, яго сябры і аднадумцы, каб павіншаваць, сказаць добрыя словы, адзначыць падарункамі, а ўдзельнікі аматарскіх аб’яднанняў і гурткоў клуба выступілі перад гасцямі са сваімі музычнымі нумарамі. Натуральна, што са сваімі ўлюбёнымі песнямі на сцэну выйшаў і вакальны калектыў “Спадчына”.
Добрыя сустрэчы
20 кастрычніка Лідскую раённую бібліятэку імя Янкі Купалы наведалі літаратары, а менавіта члены літаб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты”. Падставай для сустрэчы стала прэзентацыя кнігі Ірэны Сліўко “Выток пачынаўся ад Гаўя”.
Дарэчы, аддзел абслугоўвання і інфармацыі раённай бібліятэкі прысвяціў новы выпуск анлайн-праекта “Літаратурнае сузор’е Лідчыны” жыццю і творчасці пісьменніцы, а таксама падрабязна спыніўся на яе кнізе “Выток пачынаўся ад Гаўя”. Адзін з экзэмпляраў гэтай кнігі Ірэна Нікадзімаўна падаравала і падпісала для Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы.
А ў Палацы культуры горада Ліды працягнулася добрая традыцыя па правядзенні творчых сустрэч з таленавітымі людзьмі Лідчыны: 15 кастрычніка ўсе ахвотныя змаглі далучыцца да душэўнай цёплай атмасферы вечара-сустрэчы з удзельніцай аматарскага аб’яднання “МузАльянс” Ліліі Каранеўскай-Радзевіч.
“Дабрынёй і пяшчотай, хваляваннем і цяплом напоўнены кожны твор аўтара. Многія вершы выдатна ляглі на музыку і ператварыліся ў песні, якія разнастаілі вечар і напоўнілі яго атмасферу лірыкай, настальгіяй і рамантыкай”, — адзначаецца ў лісце.
Беларускі фармат
Допіс пра цікавы бібліятэчны праект даслала нам метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Свіслацкай раённай бібліятэкі Алена Рабчанка. Праект для моладзі “Будзь у фармаце — чытай беларускае” скіраваны на прывіццё маладому пакаленню гонару за Беларусь, павагі і любові да роднай мовы, павышэнне прэстыжу чытання беларускай кнігі.
Праз арганізацыю цыкла тэматычных выстаў “Адкрый для сябе беларускую кнігу” ва ўстанове культуры папулярызуюцца лепшыя творы беларускай літаратуры і кнігі пра Беларусь. Як піша аўтар допісу, у моладзі выклікаюць цікавасць выстава-парада “Моладзь чытае і прапануе”, юбілейная выстава “Атланты беларускай літаратуры”, кніжна-ілюстрацыйная экспазіцыя “Праз кнігу ўбачыць краіну: BELARUS”, выстава-заклік “Час чытаць кнігі роднай краіны!”, “Чытайце беларускае!”, выстава-рэклама “Быць маладым — быць адукаваным”.
“Маладыя людзі актыўна далучыліся да інтэрнэт-акцыі “#Моладзь Свіслаччыны чытае беларускую кнігу” і літаратурнага марафона “Book-сімпатыя”, дзе чыталі радкі з любімых твораў, раілі сваім равеснікам кнігі, якія найбольш іх зацікавілі”, — паведамляе Алена Рабчанка.
Дарэчы, бібліятэкары запрасілі моладзь Свіслаччыны прыняць удзел у крэатыў-конкурсе “Фатаграфія з любімай кнігай беларускага аўтара” і прапанавалі зрабіць цікавую версію фотапартрэта — сэлфі з кнігай, а менавіта з беларускай кнігай. Да таго ж супрацоўнікі раённай бібліятэкі падрыхтавалі і размясцілі на сайце ўстановы і ў сацыяльных сетках літаратурны хіт-парад “Топ-5”, які змяшчаў падборку твораў пра Вялікую Айчынную вайну, Беларусь, каханне ды пра іншыя кнігі маладых таленавітых празаікаў. А да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у бібліятэках прайшоў раённы паэтычны марафон “Гучы, беларускае слова!”, прысвечаны роднай краіне.
Акрамя таго, у рамках праекта былі зладжаны і іншыя цікавыя акцыі, арганізоўваліся інтэрактыўныя пляцоўкі, ладзілася рэкламна-выдавецкая дзейнасць. Так, на старонках раённай газеты пад рубрыкай “На бібліятэчнай паліцы” перыядычна размяшчаюцца агляды твораў беларускіх аўтараў. Бібліятэкары распрацавалі літаратурны цыкл закладак “Пісьменнікі-юбіляры”, “Навінкі з кніжнай паліцы”, рэкамендацыйныя спісы кніг “Для вас, аматары…” (прыгодніцкага жанру, дэтэктываў і фантастыкі, паэтычнага слова, гістарычнага рамана) і распаўсюдзілі іх сярод моладзі.
І апошняе. Як піша нам наша сталая аўтарка, загадчыца гарадской бібліятэкі горада Ашмяны Людміла Зарэцкая, з 18 па 29 кастрычніка ва ўстанове культуры праходзіць прафілактычная рэспубліканская акцыя “За бяспеку разам”. Ладзіцца яна з мэтай павышэння ўзроўню бяспекі насельніцтва, актывізацыі пажарна-прафілактычнай работы па папярэджанню пажараў і гібелі людзей. Так, бібліятэкары падрыхтавалі тэматычную выставу, каля якой праводзяцца гутаркі і прапаноўваецца літаратура для далейшага азнаямлення. Акрамя таго, карыстальнікам раздаюцца памяткі. Названая работа, па словах Людмілы Зарэцкай, праводзіцца сярод розных катэгорый чытачоў.
Беражыце сябе, шаноўныя чытачы! Не забывайце насіць маскі, захоўвайце сацыяльную дыстанцыю і, як раюць урачы, зрабіце, калі ласка, прышчэпку ад каранавіруса. Я дык, прынамсі, ужо вакцынаваўся, чаго і вам жадаю. Сустрэнемся праз тыдзень!
На здымках: Святкаванне калектыву “Спадчына” Грынкаўскага сектара клубнай і бібліятэчнай работы Свіслацкага раёна, на выставе ў Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці, падчас рэспубліканскай акцыі “За бяспеку разам” у гарадской бібліятэцы горада Ашмяны, Ірэна Сліўко на прэзентацыі сваёй кнігі ў Лідскай раённай бібліятэцы.