Архітэктар Галіна Левіна распавяла аб уласным досведзе практычнай работы над мемарыялізацыяй месцаў памяці. Творчая майстэрня Леаніда Левіна, якую сёння ўзначальвае лектар, дачка вядомага архітэктара, з’яўляецца хіба найбольш дасведчаным асяродкам у справе стварэння мемарыялаў на месцах памяці аб падзеях часоў Другой сусветнай вайны ў Беларусі. Кожнае такое месца мае сваю гісторыю, і толькі ад самога архітэктара залежыць, ці здолее ён яе пабачыць. Галіна Левіна дзеліцца, што самае няпростае рашэнне — адмовіцца ад работы над мемарыялізацыяй таго ці іншага месца, калі архітэктар не ў стане знайсці патрэбны вобраз.
Свой расповед дакладчыца пачала з экскурсу ў гісторыю развіцця практык мемарыялізацыі ад 1944 года і да нашых дзён. Адразу ж пасля заканчэння вайны ўшанаванне памяці яе герояў і ахвяр праводзілася цэнтралізавана, былі нават распрацаваныя альбомы тыпавых помнікаў. Вядома, ва ўмовах пасляваенных гадоў, калі краіна ледзь-ледзь пераадольвала нягоды і страшныя наступствы ліхалецця, гэта быў вельмі правільны і моцны крок.
Але разам з тым узнікалі і стыхійныя мемарыялы, якія на месцах забойства і пахавання сваіх суседзяў усталёўвалі простыя жыхары вёсак і мястэчак. На жаль, сёння такіх помнікаў у Беларусі збераглося мала, з часам пры рэканструкцыі іх замянялі на больш грунтоўныя і сучасныя знакі. Але менавіта тыя сціплыя помнікі, якія былі ўсталяваныя аднавяскоўцамі ў першыя ж пасляваенныя гады на магілах часта асабіста знаёмых ім людзей, былі асабліва эмацыйна насычанымі сімваламі памяці аб трагедыі. Яны могуць не мець мастацкай ці архітэктурнай вартасці, але з’яўляюцца каштоўнымі сведчаннямі сваёй эпохі.
Таму архітэктары, якія праектуюць новыя мемарыялы, мусяць улічваць традыцыю ўшанавання, якая ўжо існуе на тым ці іншым месцы памяці. У выпадку, калі такі помнік збярогся, яго, вядома, пажадана захоўваць і ўпісваць у новы праект. Часта такія памятныя знакі нясуць унікальную інфармацыю. На іх, часам нязграбных, але заўжды кранальных, могуць быць змешчаныя вельмі простыя і шчырыя па форме тэксты, у якіх згадваюцца імёны ахвяр, абставіны іх гібелі, пазнакі аб тым, хто і калі паставіў сам помнік. Вядома, на такія звесткі абавязкова варта звяртаць увагу.
У пошуках вобразу
Не магла не згадаць Галіна Левіна і пра знакаміты мемарыял, у стварэнні якога браў удзел яе бацька, Леанід Левін. Гаворка, натуральна, пра сусветнавядомую Хатынь. Узнікненне ў 1969 годзе гэтага велічнага комплекса было пераломным момантам у сферы ўшанавання месцаў памяці аб вайне ў Беларусі. У гэтым выпадку ўпершыню была рэалізаваная мемарыялізацыя не канкрэтнага пункту, а цэлай прасторы, дзе адбылася трагедыя і былі пахаваныя ахвяры.
Мастацкае рашэнне, якое прадугледжвала звяртанне да вобразу спаленай вёскі, было надзвычай смелым для свайго часу. Упершыню велізарная ўвага была нададзеная захаванню памяці аб кожным забітым і фіксацыі тапаграфіі месца трагедыі: асобныя памятныя знакі ў выглядзе пячных комінаў са званамі з’явіліся акурат на месцах спаленых разам з жыхарамі хат, і на кожным з іх былі пазначаныя не толькі імёны, але і ўзрост ахвяр.
Часам удавалася рэалізаваць нават такія нязвыклыя рашэнні, якія падаваліся немагчымымі. Пры стварэнні мемарыялу на месцы расстрэлу і пахавання яўрэяў ля Гарадзеі ў Нясвіжскім раёне Леанід Левін прапанаваў незвычайны спосаб увекавечвання памяці — змясціць на тэрыторыі мемарыяла тысячу сто трыццаць сем камянёў, адпаведна колькасці ахвяраў трагедыі, якая адбылася на гэтым месцы ў 1942 годзе. І самі мясцовыя жыхары, хто на трактарах, хто на аўтамабільных прычэпах, сапраўды прывезлі неабходную колькасць камянёў, якія цяпер можна пабачыць на полі, дзе стаіць помнік.
Агульнаеўрапейская трагедыя
Намеснік кіраўніка Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна Аляксандр Далгоўскі засяродзіў увагу на гісторыі мемарыялізацыі месца, дзе ў 1941–1944 гадах знаходзіўся лагер смерці ў Малым Трасцянцы ля Мінска. Зладжаны нацысцкімі акупантамі на сядзібе калгаса імя Карла Маркса, ён быў адным з найбуйнейшых месцаў масавага знішчэння на акупаваных тэрыторыях колішняга СССР. Гэтаму паспрыяла зручнае размяшчэнне паселішча — яно знаходзілася ля перасячэння буйных аўтамабільнай і чыгуначнай дарог, што дазваляла акупантам дастаўляць сюды для масавага знішчэння не толькі мясцовых ахвяраў, але і яўрэяў з Германіі.
Структура лагера складалася з самой сядзібы колішняга калгаса, дзе ўтрымліваліся вязні, якія выкарыстоўваліся для прымусовай працы, расстрэльнай паляны ва ўрочышчы Благаўшчына, а таксама месца пахавання людзей, забітых у так званых газвагенах — машынах-душагубках, абсталяваных газавымі камерамі, ва ўрочышчы Шашкоўка. Таксама вядомае месца на чыгунцы непадалёк ад сённяшняга Партызанскага праспекта, куды прыбывалі цягнікі з дэпартаванымі з Германіі яўрэямі, а таксама пляцоўка, на якой іх збіралі, каб потым перавозіць да месца знішчэння.
Першыя помнікі ў Трасцянцы былі ўсталяваныя ў 1960-х гадах — спачатку сціплы знак быў усталяваны на месцы, дзе стаяў сарай, у якім 30 чэрвеня 1944 года, перад адступленнем нацыстаў з Мінска, былі спаленыя жыўцом апошнія вязні лагера. Другі помнік, вялікі абеліск, з’явіўся на поўнач ад Партызанскага праспекта ў Вялікім Трасцянцы, у месцы, якое, уласна кажучы, не мела дачынення да лагера, і мела чыста сімвалічнае значэнне. Трэці памятны знак быў усталяваны ў 1966 годзе ў Шашкоўцы.
Месца масавых расстрэлаў у Благаўшчыне заставалася ніяк не адзначаным ажно да 2002 года, калі тут з’явіўся першы памятны камень, а ў 2018 годзе быў адкрыты і паўнавартасны мемарыяльны комплекс, распрацаваны майстэрняй Леаніда Левіна. З дапамогай адмысловай каменнай пліткі тут пазначаныя на тэрыторыі месцы, дзе знаходзіліся расстрэльныя рвы, у якіх былі знойдзеныя парэшткі ахвяр. Мемарыяльны ж комплекс непасрэдна на месцы самога лагера ў Малым Трасцянцы з’явіўся толькі ў 2015 годзе, першая чарга мемарыяла была ўрачыста адкрытая ў сімвалічны дзень 22 чэрвеня.
Мемарыялы, якія ствараюцца непасрэдна на месцах здзяйснення страшных злачынстваў часоў нацысцкай акупацыі і пахавання іх ахвяр, маюць велізарнае значэнне для ўшанавання памяці аб трагедыі апошняй вайны. Асаблівую вагу надае такім мясцінам максімальнае выкарыстанне і мастацкая інтэрпрэтацыя звестак аб усіх абставінах тых жахлівых падзей, якія здарыліся на нашай зямлі ў гады ваеннага ліхалецця. Таксама пры ўшанаванні такіх месцаў вельмі важна захоўваць памяць аб асобах ахвяр, калі гэта толькі магчыма. Праз асабістую трагедыю нашых папярэднікаў напоўніцу раскрываецца перад вачыма сучаснікаў агульная трагедыя вайны і акупацыі, і расце разуменне таго, што гэтыя страшныя беды ў гісторыі нашай зямлі не павінны ніколі паўтарыцца.
Фота з прэзентацый дакладчыкаў
На фота: Помнік на месцы расстрэлу яўрэяў у Дзяржынску, усталяваны ў першыя пасляваенныя гады, Эскіз мемарыяльнага комплексу ў Хатыні, Мемарыял на месцы лагера ваеннапалонных у Маладзечне, Помнік на брацкай магіле савецкіх салдат на праспекце Дзяржынскага ў Мінску.