Чарговы раз была ўзнятая тэма вакцынацыі ад COVID-19, міністр падкрэсліў важнасць актывізацыі тлумачальнай работы сярод супрацоўнікаў сферы культуры аб неабходнасці прафілактыкі захворвання, зазначыўшы, што практыка вакцынацыі абгрунтавана прызнаная самым надзейным сродкам змагання супраць пандэміі.
Абмяркоўвалася пытанне арганізацыі ўдзелу маладых дзеячаў мастацтваў Беларусі ў XV Моладзевых Дэльфійскіх гульнях, якія сёлета будуць прысвечаныя трыццацігоддзю Садружнасці Незалежных Дзяржаў і адбудуцца ў дыстанцыйным фармаце. Прыём заявак на ўдзел у гульнях пройдзе з 22 кастрычніка па 26 лістапада.
Анатолій Маркевіч чарговы раз падкрэсліў патрэбу забяспечыць для наведвальнікаў усіх музейных устаноў магчымасць набыцця сувенірнай прадукцыі з выкарыстаннем дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь. Таксама была звернутая ўвага на неабходнасць прывядзення інтэрнэт-старонак усіх устаноў сферы культуры ў адпаведнасць з заканадаўствам і забеспячэння прадстаўлення інфармацыі на гэтых сайтах на абедзвюх дзяржаўных мовах.