Былі падведзеныя вынікі Дзён культуры Таджыкістана ў Рэспубліцы Беларусь, якія завяршыліся на гэтым тыдні. У рамках мерапрыемстваў адбыліся два гала-канцэрты майстроў мастацтваў Таджыкістана і Дні таджыкскага кіно. Для абмеркавання беларуска-таджыкскага супрацоўніцтва ў сферы кінематаграфіі і вывучэння магчымасці сумеснай працы адбыліся візіты прадстаўнікоў дэлегацыі Таджыкістана на нацыянальную кінастудыю “Беларусьфільм” з удзелам Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Таджыкістан у Беларусі Махмуда Хакдода, першага намесніка міністра культуры Таджыкістана Абіда Назарыёна і старшыні саюза кінематаграфістаў Рэспублікі Таджыкістан Сафара Хакдодава.
У рамках Дзён культуры Беларусі ў Расійскай Федэрацыі, якія пройдуць у Маскве з 31 кастрычніка па 3 лістапада, адбудзецца сумесная калегія Міністэрстваў культуры. Увазе маскоўскай публікі будуць прапанаваныя спектаклі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы і выстава, падрыхтаваная Беларускім саюзам мастакоў, а таксама пройдуць Дні беларускага кіно.
У рамках сусветнай выставы “Экспа-2020” у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, якая праходзіць у Дубаі, адбываецца шэраг мерапрыемстваў з удзелам творчых калектываў з Беларусі, сярод якіх народны ансамбль песні і танца “Талака”, фальклорная група “Купалінка”, Дзяржаўны акадэмічны ансамбль танца, а таксама салісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета і прадстаўнікі Віцебскай абласной філармоніі.