Міністр культуры Анатолій Маркевіч адзначыў, што ўзаемадачыненні Беларусі і Таджыкістана ў сферы культуры застаюцца надзвычай эфектыўнымі, а таксама падкрэсліў, што такая сітуацыя абумоўленая, у тым ліку, агульнай гісторыяй нашых народаў і тым унёскам, які ў свой час зрабілі прадстаўнікі таджыкскага народа ў справе вызвалення Беларусі і перамогі над нацызмам. Адметна, што з пятнаццаці ўраджэнцаў Таджыкістана, якія ўшанаваныя званнем Героя Савецкага Саюза, трое атрымалі яго за ўдзел у вызваленні Беларусі.
Міністр прапанаваў стварыць сумесную рабочую групу з ліку супрацоўнікаў сферы культуры Беларусі і Таджыкістана, якая ў рамках узаемных візітаў вызначыла б далейшыя дзеянні па супрацоўніцтве нашых краін у гэтай галіне. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Таджыкістан у Беларусі Махмуд Хакдод падтрымаў гэтую думку, прапанаваўшы стварыць у гэтай справе міжурадавую камісію.
Удзел у сустрэчы прыняў таксама старшыня Саюза кінематаграфістаў Беларусі Віктар Васільеў, які адзначыў шматгадовае супрацоўніцтва беларускіх і таджыкскіх кінамайстроў і ўручыў старшыні Саюза кінематаграфістаў Таджыкістана Сафару Хакдодаву медаль Саюза кінематаграфістаў Беларусі. Першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Таджыкістан Абід Назарыён падзякаваў беларускаму боку за гасціннасць і заўважыў, што цяпер зусім не адчувае сябе чужым у нашай краіне.