Дарэчы, закрывацца форум будзе акурат гэтым спектаклем. Але прымеркаванасць прэм’еры да фестывальнай праграмы сталася не прычынай, а наступствам звароту да драматургічнага матэрыялу айчынных аўтараў.
Спярша было слова — друкаванае: дакументальны артыкул Аркадзя Шульмана з Віцебска пра старую яўрэйку, што згадвае ваеннае ліхалецце. Той аповед прачытаў тэатральны мастак Пётр Анашчанка, у якога адразу склалася візуальнае аблічча магчымага спектакля па гэтым сюжэце. З такімі думкамі ён і прыйшоў да аўтара: сумеснымі намаганнямі (мастак узяў псеўданім — Ян Карпінскі) узнікла п’еса, прапанаваная розным тэатрам і змешчаная, у рэшце рэшт, у інтэрнеце.
Адгукнуўся Бабруйск — і невыпадкова. У горадзе існуе яўрэйская суполка, каардынатар яе культурна-адукацыйных праграм Мая Казакевіч звярнулася за фінансавай падтрымкай у Фонд Меера Зелінгера, заснаваны нашчадкамі вядомага майстра і мецэната родам са Слуцка, які шмат зрабіў для захавання памяці аб ахвярах бабруйскага гета.
Але спектакль не пра жахі і нечалавечыя ўмовы жыцця ў гета, што напаткалі яго вязьняў. У цэнтры аповеду — тыя складанасці ваеннага і пасляваеннага часу, з якімі сутыкнуліся маладзенькая яўрэйская дзяўчына Пэся і сталы цыган Янко, цудам ацалелыя пасля масавых растрэлаў. Іх каханне народжана спробай збегчы ад душэўнага і фізічнага холаду, адзіноты, ад жудасных успамінаў. Выратаванне спалучана з далейшымі не менш цяжкімі выпрабаваннямі, бо яны вымушаны хавацца, жыць у лесе, у спаленай вёсцы, нідзе надоўга не затрымлівацца, самастойна здабываць ежу, цурацца не толькі немцаў, але і сваіх, каб не наклікаць бяду. Дый пасляваеннае жыццё для Янко пачынаецца з дзесяці гадоў лагеру, а для Пэсі — з невядомасці, куды падзеўся яе грамадзянскі муж: пэўна, збег з цыганскім табарам?
У спектаклі няма ні звыклага ўра-патрыятычнага тону, ні раз’юшана-патэтычнага жывапісання фашысцкіх здзекванняў. Змест выкладаецца проста і будзённа, гэта ўспаміны, што ўзраслі на балючых, ды крыху загоеных часам ранах. Героі пазбаўлены рамантызацыі, у кожным з іх ужываюцца супрацьлегласці. Бо на першым плане — праўда жыцця з яе не заўсёды прыемнымі падрабязнасцямі.
Смелы разведчык можа аказацца гвалтаўніком, а жонка старасты, што пайшоў працаваць на немцаў, — выратавальніцай ад голаду. Пэся нараджае хлопчыка, Янко прымае роды і гаворыць, што той мёртвы. А жанчына да канца свайго жыцця так і не зможа даведацца, было тое горкай праўдай ці цыган, ратуючы яе і сябе, пазбавіўся дзіця, каб яно не выдала плачам іх месцазнаходжанне. Спектакль парушае стэрэатыпы ўспрыняцця герояў, вучыць ставіцца да людзей у адпаведнасці з іх учынкамі, а не словамі, што могуць быць падманнымі. Узнятыя ў ім і надзвычай вострыя тэмы гендарнай праблематыкі, існавання жанчын на вайне, калі прыгажосць становіцца дадатковай небяспечнасцю і фактарам рызыкі.
Рэжысёр Таццяна Дарагабед, сама будучы актрысай тэатра, дабілася ад артыстаў папраўдзе жывога дакументальнага аповеду. Ніхто з іх не фарсіруе гук, у чым дапамагаюць падвешаныя на каласніках мікрафоны. Тэкст вымаўляецца з дакладнымі псіхалагічнымі адценнямі, без аніякага пафасу і залішняй тэатралізацыі. Гэта тычыцца абсалютна ўсіх, хто заняты ў спектаклі: Ігара Бурака (Янко), Паўла Мікуліка (Самуіл — пасляваенны муж Пэсі, бацька яе сына Мішы), Арцёма Чарнабылава (Кандрат), Наталлі Кашпур (Паварыха), Дзмітрыя Тужакова (Карэспандэнт). Ала Грахава настолькі ўжываецца ў ролю Пэсі ў старасці, што ў яе змяняецца нават тэмбр голасу. Пэсю ў маладосці іграе Марыя Дарагабед. І дзве жанчыны, раздзеленыя часам, успрымаюцца як адно цэлае ці як сапраўдныя сваякі ў розных пакаленнях.
Спалучэнне часавых пластоў вырашана як суіснаванне герояў на розных прасторавых узроўнях. Уверсе — цяперашняя Пэся, унізе — ранейшая. Аркестравая яма ператвараецца і ў магільны прытулак расстраляных, і ў лясное возера, што зарасло таямнічымі паданнямі. Яблыневае дрэва на задніку — сімвал жыцця. Ды ўсё ж сцэнаграфія Пятра Анашчанкі, пры ўсёй сваёй функцыянальнасці і працягу эстэтычных традыцый апошніх савецкіх дзесяцігоддзяў, магла б быць больш вынаходлівай.
Як бы тое ні было, а спектакль вылучаецца чысцінёй стылю, дакладна вытрыманым малюнкам кожнай ролі і асаблівай унутранай энергетыкай. Ён не пра вайну, а пра жыццё. І пра тое, што гэтыя дзве рэчы несумесныя. Бо жыццё і выжыванне знаходзяцца на розных палюсах чалавечага існавання. А вайна — увогуле па-за межамі ўсяго чалавечага.