Адкрываючы святочную імпрэзу, прарэктар БДУКМ па навуковай рабоце Алена Корсакава зазначыла, што ВНУ мае даўнія сувязі з навукай.
— Напрыклад, дастаткова згадаць, што першай ВНУ сферы культуры, акрэдытаванай у якасці навуковай арганізацыі, стаў менавіта Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, — адзначыла Алена Корсакава. — А гэта прызнанне высокага ўзроўню навуковых даследаванняў, якія ладзяцца ў сценах нашай ВНУ. Навуковыя распрацоўкі дапамагаюць нам ствараць новыя творы мастацтва, напрыклад танец, заснаваны на сінтэзе музыкі, святла, руху, адраджаць забытыя або страчаныя тэхнікі ганчарства або саломкапляцення, рэканструяваць беларускую дуду і народную скрыпку.
Падчас цырымоніі адкрыцця фестывалю былі адзначаны дыпломамі выкладчыкі ўніверсітэта, якія дасягнулі значных поспехаў у арганізацыі і ўдасканаленні навуковай працы, а таксама за актыўны ўдзел у студэнцкім жыцці, цікавасць да навуковай дзейнасці і значныя дасягненні ў навуцы былі ўзнагароджаны асобныя студэнты БДУКМ. А пасля ўсім прысутным быў прадэманстраваны названы адметны танец, заснаваны на сінтэзе музыкі, святла і руху, які выклікаў сапраўдную цікавасць ва ўсіх прысутных.
На імпрэзе можна было ўбачыць 12 пляцовак, дзе дэманстраваліся тэхналогіі ткацтва, саломкапляцення, ганчарства ды іншыя. Тут жа, на стэндах, можна было пагартаць друкаваныя працы магістрантаў, студэнтаў, завочнікаў, якія навучаюцца ў БДУКМ, а таксама замежных студэнтаў з Кітая. Акрамя таго, падчас мерапрыемства ладзіліся майстар-класы па саломкапляценні, ткацтве, лепцы з гліны, сучасным і народным танцах, якія, натуральна, прыцягнулі значную ўвагу ўсіх студэнтаў і нават выкладчыкаў.
Асобнае месца ў экспазіцыі было вылучана для прэзентацыі дзейнасці Навукова-метадычнага Цэнтра традыцыйнай беларускай культуры, у склад якога ўваходзіць дзве навукова-творчыя лабараторыі: “Традыцыйныя рамёствы беларусаў” і “Беларускія народныя музычныя інструменты”. А на стэндзе кафедры мастацтва эстрады наведвальнікі мелі магчымасць пазнаёміцца з камп’ютарнымі праграмамі, якія дазваляюць кіраваць гукавымі рэсурсамі электраінструментаў і ствараць сучасны высокамастацкі музычны прадукт.
— Сярод найбольш значных дасягненняў нашых студэнтаў мне хацелася б адзначыць працы Валерыі Васілеўскай, — адзначыла ў размове з “К” Алена Корсакава. — Так, менавіта гэта студэнтка-завочніца на 4 курсе была абвешчана лаўрэатам XXVI Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў за працу “Камунікацыйная палітыка музейных устаноў: спецыфіка праектнай дзейнасці Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь”. А сёлета, з’яўляючыся студэнткай 5 курса, яна ж перамагла ў гэтым жа конкурсе з працай “Культурная дыпламатыя ў знешняй палітыцы Рэспублікі Беларусь у Дзяржаве Ізраіль”.
Да слова, акрамя Валерыі Васілеўскай, у сёлетнім XXVІI Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў дыпломамі першай ступені былі адзначаны работы дзевяці студэнтаў, магістрантаў і выпускнікоў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Гэта яшчэ раз сведчыць пра тое, што навука ў БДУКМ актыўна і паспяхова развіваецца і мае шмат перспектыўных распрацовак і праектаў, якія з цягам часу абавязкова будуць увасоблены ў дзейнасці шматлікіх устаноў культуры Беларусі.