У 2019 годзе Беларускі саюз мастакоў планаваў правесці выставу ў гонар 80-годдзя ўз’яднання заходняй і савецкай частак Беларусі. Гэта мусіла быць нашай творчай рэакцыяй на тую акалічнасць, што ў сумную гадавіну з дня афіцыйнага пачатку Другой сусветнай вайны пра падзеі 17 верасня спрачаліся ў асноўным Варшава і Масква, а голасу Беларусі, якой усё гэта датычыла самым непасрэдным чынам, чутно, на жаль, не было. Меркавалася, што выстава прадэманструе наша, беларускае бачанне 1939 года.
У той год з пэўных прычын запланаваная выстава не адбылася. Яна прайшла годам пазней, мела назву “Беларусь. Яднанне” і прысвячэнне 81-й гадавіне аднаўлення гістарычнай справядлівасці ў дачыненні да беларускага народа. Я быў куратарам тае выставы і праз гэта сутыкнуўся з тым, што людская памяць пра падзеі больш як васьмідзесяцігадовай даўніны і іх афіцыйная трактоўка ў савецкай гістарыяграфіі моцна розняцца. Зрэшты, няма чаму здзіўляцца, бо ўсё ў жыцці мае адначасова светлы і цёмны бок. Слушна сцвярджалася ў шлягеры савецкай пары: “Так уж бывает, так уж выходит — кто-то теряет, кто-то теряет, а кто-то находит”. Прычым так яно атрымліваецца што ў побыце, што ў так званай вялікай палітыцы.
Шчыра кажучы, для мяне было нечаканасцю тое, што мастакі Гарадзеншчыны і Берасцейшчыны, якіх я бачыў галоўнымі ўдзельнікамі тае выставы, ад такога гонару карэктна, але рашуча адмаўляліся. А адзін з іх мне патлумачыў, што паводле ўспамінаў іхніх бацькоў многае выглядае не так, як у падручніках гісторыі. Да таго ж у мясцовых мастакоў цудоўныя стасункі з калегамі ў братняй Польшчы, і таму вельмі не хацелася б вярэдзіць старыя раны. Дарэчы, і раней ад людзей старэйшых, якія памяталі жыццё “за польскім часам” і для якіх Польшча, па трапным выразе пісьменніка Вячаслава Адамчыка, была “чужой бацькаўшчынай”, я чуў, што і Беларусь савецкая з яе калгасным ладам і агрэсіўным атэізмам ім роднай маці не стала.
І тым не менш, і гэта факт, — у 1939 годзе Беларусь набыла ў тэрытарыяльным, дэмаграфічным і культурніцкім сэнсе тую крытычную масу, якая дазволіла ёй выстаяць у віхуры стагоддзя, захаваць тоеснасць, а потым і аднавіць паўнавартасную дзяржаўнасць. Беларусь стала кавалкам, які так проста не праглынеш.
Дарэчы, выстава “Беларусь. Яднанне” адбылася. Мела добры розгалас сярод прафесіяналаў. Але сродкі масавай інфармацыі гэтую падзею цалкам праігнаравалі.
Пра міжваенны перыяд гісторыі заходніх рэгіёнаў нашай краіны шырокая грамада ведае вельмі мала. Не быў гэты перыяд з пэўных прычын у фокусе беларускай грамадскай думкі. Адносна сацыяльнага статусу беларусаў у міжваеннай Польшчы ўсё больш-менш зразумела, эканамічны стан “крэсаў” таксама даволі сур’ёзна асэнсоўваўся, а вось тое, што ўяўлялі з сябе беларускае культура, беларускае мастацтва ў кантэксце “чужой бацькаўшчыны”, ведаюць хіба ў шчыльным коле спецыялістаў. Між тым вядома, што культурнае развіццё і творчыя дасягненні не знаходзяцца ў простай залежнасці ад сацыяльнай структуры і эканамічнага стану. Прыкладам, савецкая Беларусь у параўнанні з “крэсамі ўсходнімі” Польшчы выглядала прамысловым гігантам, а вось культурніцкі патэнцыял тых “крэсаў” быў не меншы за ўсходнебеларускі. Варта прызнаць, што захад Беларусі ў агульнанацыянальным кантэксце ў культурніцкім сэнсэ быў не рэцыпіентам, а акумулятарам ідэй, талентаў, імёнаў.
Рэч у тым, што ў мастацтве міжваеннай Польшчы натуральным чынам адлюстравалася ў спецыфічнай форме ўсё тое, што адбывалася ў еўрапейскім і сусветным мастацтве тае пары. Захоўваў пэўныя традыцыі нацыянальны рамантызм, шырокі распаўсюд мелі стыль Ар-дэко і мастацтва на мяжы рэалізму і беспрадметнасці. У той час як у Савецкім Саюзе, часткай якога была усходняя Беларусь, недзе з другой паловы 20-х гадоў у культурніцкай палітыцы распачаўся працэс, аналагічны калектывізацыі сельскай гаспадаркі — мастакоў з тэрыторыі адносна свабоднай творчасці пачалі выціскаць у “калгас” пад назвай “сацыялістычны рэалізм”.
Вось так і сустрэліся ў 1939 годзе пад адным, беларускім, дахам дзве культурніцкія сістэмы. Адна — з еўрапейскага памежжа, другая ж — падпарадкаваная брутальнай ідэалогіі . Потым — непазбежны узаемаўплыў, і ўжо ў пасляваенны час склалася тая беларуская мастацкая школа, якую мы лічым складнікам сваёй нацыянальнай тоеснасці. Нечаканай ілюстрацыяй да гэтага складніка можа быць творчасць нашага генія Аляксандра Кішчанкі. Мастак вучыўся ва Украіне, у Львоўскім мастацкім інстытуце. Да вайны Львоў — “крэсы”, а сама гэта творчая ВНУ была філіяй Варшаўскай мастацкай акадэміі. Кішчанка, калі вучыўся, заспеў яшчэ выкладчыкаў даваеннай пары. І праз іх ён атрымаў той досвед еўрапейскай культуры, да ўсведамлення якога ў Беларусі рэальна даспелі толькі недзе на мяжы 80-х. Так што, не было б 1939 года, маглі б і не мець мы сёння “Габелен стагоддзя”.
Самая каларытная постаць беларускага мастацтва ХХ стагоддзя — Язэп Драздовіч — наўрад ці магла б паўстаць і развіцца ў Савецкай Беларусі. Для яе станаўлення быў патрэбны менавіта той, штучна закансерваваны, местачковы лад жыцця заходняй Беларусі, дзе больш-менш мірна суіснавалі мовы і рэлігіі, шанаваліся асабістыя погляды творцы. Зноў нагадаю: мастацтва не з’яўляецца простым люстэркам сацыяльнай рэчаіснасці.
На маю думку, не зусім упісваўся ў “сацыялістычны рэалізм” і Міхась Сеўрук, які, маючы магчымасць стала атабарыцца ў Мінску, да скону не пакідаў хай і правіцыйны, але адухоўлены даўняй гісторыяй Нясвіж.
Па-рознаму склаліся ў савецкай Беларусі жыццё і творчасць заходнебеларускіх мастакоў, але іх уплыў на фармаванне агульнанацыянальнай мастацкай школы сумневу не падлягае. Асабліва гэта стала відавочным, калі ў нашым мастацтве сцвердзіўся напрамак, які меў грунтам этнаграфію і дакастрычніцкую гісторыю. Менавіта ў спадчыне заходнебеларускіх мастакоў творцы 70-х шукалі і знаходзілі беларускую тоеснасць.
Сама ж дата 17 верасня 1939 года не пакінула значнага следу ў беларускім мастацтве. Планавалі паставіць манумент. Прычым не столькі ў гонар уз’яднання беларускага народу, як дзеля славы Чырвонай Арміі, што перайшла ў той дзень савецка-польскую граніцу. Не паспелі. З’явіліся некалькі карцін, на якіх падзеі былі прадстаўлены, як правіла, у ідэалізаванай версіі. А потым была Вялікая Айчынная вайны, якая маштабам пакут і трыумфам перамогі засланіла падзеі верасня 1939 года.
На ролю мастацкага твора, набліжанага да гістарычнага дакумента, можа прэтэндаваць хіба што карціна сведкі тых падзей Монаса Манасзона “Сустрэча савецкіх танкістаў у Заходняй Беларусі”, напісаная ў 1940 годзе. Прынамсі, тыпажы і побытавыя дэталі перададзены даволі пераканаўча.
Пасля вайны Польшча трапіла пад савецкі ўплыў, і нагадваць саюзніку пра тое, што з ім у нядаўнім часе меліся канфлікты, вырашаць якія даводзілася зброяй, было неяк некарэктна. Таму і ў Беларусі памяць пра 17 верасня ды і ўвогуле пра “польскі час” была не тое каб пад забаронаю, але і вярэдзіць мінулае не рэкамендавалася. Занатаваная памяць уз’яднання была толькі ў назвах некалькіх вуліц гарадоў на захадзе рэспублікі.
І яшчэ. У 1957 годзе жывапісец Віталь Цвірка напісаў палатно, прысвечанае рыбакам возера Нарач — вольным людзям, якіх польская ўлада паспрабавала ператварыць у прыгонных сялян. Арганізаванасць і рашучасць рыбакоў, іх гатоўнасць давесці пратэст да стадыі збройнага супраціву прымусіла ўладу пайсці, як прынята казаць, на папятную. Каштоўнасць палатна не толькі ў гістарычнай дакладнасці вобразаў і эмацыйнага ладу, якім верыш, але і ў цудоўных мастацкіх якасцях. Гэты жывапіс высокага класу.
Што тычыцца саміх падзей 1939 года, то сёння мы на іх глядзім з вышыні нашага дзяржаўнага суверэнітэту, якога магло б не быць, каб не 17 верасня. І гэта самы галоўны гістарычны вынік, які ёсць у беларусаў. Яго трэба памятаць і шанаваць. Зрэшты, хай усход і захад для нашай зямлі застануцца чыста геаграфічнымі паняццямі. Беларусь адзіная і непадзельная ў сваіх дзяржаўных межах і духоўнай прасторы