Апошні вобраз пазычаны з афіш, праграмак, флаераў да гэтага спектакля — палова расколатага грэцкага арэха, што нагадвае галаўны мозг. У Гомельскім маладзёжным вельмі паважліва ставяцца да рэкламнай прадукцыі, надаюць вялікае значэнне яе дызайну. Яркі, запамінальны, той доўгі час вярэдзіць памяць, выклікае шырокія асацыятыўныя сувязі і тым самым стварае вобразна-філасофскае “аблічча” спектакля. А галоўнае, прыцягвае адпаведную публіку, гатовую шукаць і знаходзіць ключы да разумення ўбачанага.
Зварот да заходнееўрапейскай драматургіі канца ХХ і нават ХХІ стагоддзяў даўно не навіна для айчынных тэатраў. Як і ўвасабленне п’ес, што сталі кінастужкамі. Ды ўвага рэжысёраў звычайна скіравана на камедыі: маўляў, яны больш блізкія для гледачоў. П’еса ж Зелера, што пазначана аўтарам як трагіфарс і з’яўляецца другой часткай трылогіі “Мама”, “Тата”, “Сын”, прысвечана балючай тэме, часцяком закрытай для грамадскага абмеркавання. Бо ў цэнтры — праблемы чалавечай старасці і яе хвароб, звязаных са стратай памяці. У спектаклі захавана жанравая прыналежнасць — трагічны фарс, але акцэнт пастаўлены на першым слове. Другое ж раскрываецца хіба ў самым пачатку, калі мы ўспрымаем убачанае бы тэатр абсурду. А як іначай ставіцца да таго, што ў ролі дачкі раптам з’яўляецца іншая актрыса? І паводзіць сябе так, быццам нічога не ведае пра тое, што адбывалася літаральна некалькі хвілін таму.
Асаблівасць п’есы ў тым, што мы бачым навакольную рэчаіснасць вачыма галоўнага героя: нейкія новыя, незнаёмыя людзі называюць сябе сваякамі, паводзяць сябе як гаспадары, а з дому пры гэтым знікаюць рэчы. Такі прыём дазваляе ўцяміць, што дзівацкія рэплікі ды выбрыкі старога выкліканы зусім не жаданнем насаліць дачцэ і зяцю. Наадварот, бацька ўпэўнены, што гэта навакольныя яго разыгрываюць, каб пераканаць, што яму патрэбны памагатыя. Навошта? Ён поўны сіл і ў стане самастойна забяспечыць сябе ўсім неабходным. Вось толькі не можа патлумачыць папраўдзе невытлумачальнае.
Сцэнаграфія Крысціны Баранавай вельмі простая, але вобразная і функцыянальная. Чамаданы становяцца шафамі, крэсламі, нават сталом. Празрыстая шырма і дзверы — выхад у іншае вымярэнне. У першым выпадку — да падсвядомасці. У другім — у вечнасць, да смерці. Паліванне фікуса, што перасоўваецца за вяровачку, бы дзіцячая машынка, — сімвал завядзёнкі, што вяртае ў дзяцінства: стары, як гавораць у такіх выпадках беларусы, здзяцінеў.
Рэжысура сканцэнтравана на акцёрах, якія псіхалагічна дакладна, у поўным сэнсе слова “гіперрэалістычна” ўвасабляюць герояў. Сяргей Чугай (Андрэ), Валерыя Лагута (Ганна), Галіна Анчышкіна (Лора) і раней вылучаліся асаблівым артыстызмам. Але ў цяперашнім спектаклі іх майстэрства ўзрасло яшчэ больш — настолькі, што пры ўсіх тэатральных умоўнасцях вымушае паверыць у рэальнасць падзей і персанажаў, прымерыць іх на сябе. Гэта магчыма яшчэ і таму, што астатнія артысты (Ліза Астрахава, Ірына Чарняўская, Яўген Хромаў ды іншыя) пры ўсёй кантраснасці сваіх герояў і асабліва “двайнікоў” не парушаюць агульнай давяральнай атмасферы.
Спектакль выклікае шквал сапраўдных эмоцый. Камусьці ўжо давялося сустрэцца ў жыцці з падобнай з’явай і вырашаць праблему, што рабіць далей: змясціць бацькоў у спецыяльную медыцынскую ўстанову (дарэчы, у нас гэта зрабіць куды складаней, чым у той жа Францыі) ці кінуць працу і даглядаць іх у хатніх умовах, не разлічваючы на падзяку ў адказ. А для кагосьці закранутая тэма — увогуле адкрыццё новых бакоў жыцця. У аншлагавай зале было шмат моладзі, якая сачыла за дзеяннем з не меншай цікавасцю, не хаваючы ў фінале слёз. Бо спектакль на вечную тэму бацькоў і дзяцей заклікае не да спачування ці спагады, а да жыцця. І неабходнасці ў цяперашнім мітуслівым свеце паспець выказаць словы любові і прызнання сваім родным і блізкім. Бо ў любы момант можа стаць позна — не толькі з-за смерці, але і з-за хваробы, з-за іншых перашкод. Пры ўсёй складанасці праблематыкі спектакль прасякнуты любоўю — да жыцця і людзей. Ці ж не гэтага нам усім так нестае?
Фота Яўгена Чарняўскага