Аляксандр Вышка — вядомы і паважаны ў прафесійным і калямастацкім асяроддзі чалавек. На ягоным творчым рахунку — распрацоўка шэрага музейных і выставачных экспазіцый; узоры графічнага дызайну, сярод якіх вылучаецца фірмовы стыль “Славянскага базару ў Віцебску”, арыгінальныя жывапісныя і графічныя творы. Ёсць мастакі, якія занадта доўга шукаюць справу, да якой можна прыстасаваць свой талент, ніяк не могуць акрэсліцца адносна свайго прафесійнага прызначэння; высветліць, што для іх увогуле істотна, а што не. Прыходзіць аднойчы такой асобе час азірнуцца на жыццё, падсумаваць зробленае, а за спінаю — нічога, акрамя спантанных эксперыментаў без відавочных вынікаў. Спадар Аляксандр не з гэтага шэрага. Ён не пускае свой талент у распыл, хоць і займаецца самымі рознымі справамі. Частка ягоных спецыялізацый згадана мною вышэй. Рэч у тым, што ягоная разнапланавасць — гэта найперш магчымасць раскрыць для сябе і іншых грані ўласнага таленту пры наяўнасці даволі канкрэтнай мэты. У маіх вачах ён асоба, якая хоча палепшыць матэрыяльная асяроддзе чалавека, што ў сваю чаргу паспрыяе гарманізацыі чалавечай натуры. У сэнсе канцэптуальным гэта дызайн у чыстым выглядзе.
Я памятаю яго яшчэ студэнтам. Мы аднакурснікі. Мяне яшчэ тады ўражвала ягоная здольнасць эфектна і якасна зрабіць якую заўгодна працу. Памятаю, усе вельмі хваляваліся, ці зацвердзяць нам дыпломныя тэмы. Бо кожны абіраў тое, на што здольны, на чым думкі сканцэнтраваныя, што, здаецца, лепш разумее і адчувае. А вось Аляксандр казаў: “А мне ўсё адно. Я любую тэму зраблю”. І насамрэч, спачатку браўся за адну тэму, якую кафедра не зацвердзіла, а на абарону выйшаў з іншай. І абараніўся выдатна.
Ён і цяпер такі. Аляксандр кажа: “Бяруся за любую работу. Нават калі напачатку яна мне не цікавая. Я імкнуся ў нецікавым цікавае знайсці і на гэтым засяродзіцца. Я і студэнтаў гэтаму вучу: няма кепскіх тэм, ёсць кепская рэалізацыя. Гэта як у тэатры: можна “Рамэа і Джульету” паставіць, сыграць бяздарна, а можна геніяльна. А тэкст адзін і той жа”.
Да светладынамічнага жывапісу спадар Аляксандр прыйшоў амаль выпадкова. Гэта калі ўвогуле лічыць, што ў творчасці ёсць месца выпадковасці як з’яве. Мне асабіста бліжэй думка, што выпадковасць — гэта не што іншае, як праява лёсавызначальнай неабходнасці. Так яно і паводле філасофскай тэзы, і па жыцці. Проста ў нейкі момант мастаку стала цесна ў двухмернай прасторы аркуша ці палатна, і нават трохмернасць аб’ёмных рэчаў яго ўжо не задавальняла. Захацелася выйсця ў чацвёртае вымярэнне — у час. Вывесці аб’ект са статыкі ў дынаміку, у анімацыю, у працэс.
Сэнс светладынамікі ў тым, што выява прадстае ў вачах публікі рознай у залежнасці ад асвятлення. Паколькі скарыстоўваюцца фарбы, што святло назапашваюць, і фарбы, што святло адлюстроўваюць, пры розным асвятленні ствараюцца розныя візуальныя вобразы. Пры звычайным асвятленні адно, пры накіраваным на рэч ультрафіялеце — другое. А яно яшчэ і ў поўнай цемры зіхаціць. І гэта ўжо не проста мастацкая выстава ў звыклым разуменні, а падабенства светлавога шоу. Нешта падобнае на тэатр, бо і ў тэатры сцэнічны вобраз ствараецца, сярод іншых чыннікаў, спецыяльным асвятленнем.
Сваё вынаходніцтва спадар Аляксандр назваў “цудам свету”. Прычым трынаццатым. Не думаю, што такім чынам ён хацеў прысуседзіцца да Егіпецкіх пірамід ці Вавілонскай вежы. “13” — лічба не сакральная. Гэта не “7” і не “12”. Двухсэнсоўная, няўцямная нейкая лічба… Я вось, да прыкладу, упэўнены, што нарадзіўся пад трынаццатым знакам Задыяка, які ёсць, але яго не заўважаюць, каб не псаваў умоўную гармонію зорнага неба, увасобленага менавіта ў дванаццаці сузор’ях. Можа, і ў спадара Аляксандра такія ж думкі… Але хутчэй за ўсё, даючы свайму творчаму праекту такую прэтэнцыёзную назву, аўтар меў на ўвазе тую акалічнасць, што цуды — гэта не толькі старажытныя міфы і неразгаданыя загадкі быцця, што заганяюць у ступар і дылетантаў, і навукоўцаў. Яны вакол нас паўсюль. Проста трэба вочы расплюшчыць і пабачыць звыклае ў іншым асвятленні. І тады кожны можа, нібыта выпадкова, сутыкнуцца са сваім уласным 13-м цудам свету.