— Новая кніга, пра якую мы сёння гаворым, у вас далёка не першая. А колькі кніг увогуле вы напісалі?
— Цяжка сказаць дакладна, нават не лічыла: ёсць і сур’ёзныя манаграфіі, ёсць з большым ухілам у практыку. З папулярных можна згадаць “Беларускі народны касцюм. Крой, вышыўка і дэкаратыўныя швы” 2009 года — у яе было два перавыданні. Гэтая кніга ў немалой ступені і паспрыяла таму, што цікавасць да беларускіх строяў так узрасла, — людзі атрымалі магчымасць навучыцца самі іх шыць. Ці “Повязь часоў — беларускі ручнік” 2002 года — яна таксама перавыдавалася, таксама вельмі запатрабаваная: там паказана ўнікальнасць і разнастайнасць беларускіх ручнікоў, тое, наколькі моцна ў іх адлюстроўваюцца гістарычныя і культурныя традыцыі розных рэгіёнаў Беларусі. Памятаю, калі кніга выйшла, украінскія калегі вельмі зайздросцілі, казалі — а ў нас і столькі ручнікоў няма, і альбома такога выдатнага няма! З параўнальна нядаўніх была даволі гучная работа — “Мастацтва дзеля славы Божай. Саламяныя іканастасныя вароты і царкоўна-культавыя прадметы” — за гэтую кнігу я атрымала Нацыянальную прэмію у галіне выяўленчага мастацтва. Па саломцы я пісала кандыдацкую дысертацыю, а вось ужо доктарскую прысвяціла беларускаму традыцыйнаму тэкстылю. І напісаўшы спачатку пра ручнік, пасля пра касцюм, лагічна было звярнуць увагу і на посцілку, якая ўвагай даследчыкаў крыху абдзеленая.
— А чаму так сталася, што на посцілкі звярталі мала ўвагі?
— Бо па сутнасці гэта такія звычайныя рэчы, побытавыя. Яшчэ і сёння яны ёсць амаль у кожнай хаце, але іх ужо практычна не вырабляюць — акрамя прафесіяналаў з Дамоў рамёстваў, напрыклад. А выдання сур’ёзнага, з вялікім ілюстратыўным матэрыялам, і не было. Пры тым што посцілкі — гэта такая невычарпальная скарбніца творчасці: з мноствам тэхнік, узораў, арнаментаў, спалучэнняў колераў, разнастайных кампазіцыйных прыёмаў… Мастацтвазнаўцу тут ёсць што вывучаць, а чалавеку, які любіць мастацтва, ёсць чым захапляцца. Мой падыход увогуле адрозніваецца ад чыста этнаграфічнага. Я мастацтвазнаўца — і па адукацыі, і па погляду на рэчы, і па прафесійным падыходзе. Народнае мастацтва я разглядаю менавіта як мастацтва, а не толькі як частку традыцыйнай культуры: у першую чаргу мяне прывабліваюць сапраўды мастацкія рэчы. У Ленінградзе ў Акадэміі мастацтваў я вучылася на ўзорах класічнага мастацтва, але лічу, што ўзоры народнага ім не саступаюць.
На жаль, калі даводзіцца сутыкацца з творчасцю нашых прафесійных мастакоў па тэкстылі, бачна, што яны гэтага матэрыялу не ведаюць. Можа, менавіта таму, што ён не быў яшчэ абагульнены, не быў прадстаўлены ў даступнай для ўсіх форме, — да музейных сховішчаў, дзе посцілкі проста стосамі ляжаць адна на адной, не ў многіх ёсць магчымасць дабрацца. На мой погляд, ад мастакоў гэтая тэма зараз патрабуе асэнсавання і перакладу на сучасную мову дэкаратыўнага мастацтва. Спадзяюся, кніга таму паспрыяе — у ёй, акрамя тэксту, змешчана і каля паўтысячы фотаздымкаў, добрая частка з якіх зроблена менавіта так, каб можна было разгледзець нават дэталі ткацтва і ўзораў. Гэта вельмі цікавая з’ява, якая, нягледзячы на розныя запазычанні, безумоўна, нясе на сабе нацынальны адбітак і пры гэтым мае многа цікавага з пункту гледжання агульнамастацкіх каштоўнасцей.
— У назве кнігі вы аб’ядноўваеце посцілкі і дываны. І яшчэ адно слова прыцягвае ўвагу — “антрапалогія”. Мабыць, трэба патлумачыць.
— Дыванамі ў вёсках прынята было называць самыя лепшыя посцілкі, самыя прыгожыя, самыя святочныя — не радзюжкі, не радно, не дзяружкі… Дываны часта ткаліся не толькі з ільну — у іх дадавалася і воўна, і тады атрымлівалася ўжо значна даражэй. Але посцілкі і дываны — з’ява адна і тая ж. На яе мне хацелася паглядзець з не зусім стандартнага ракурсу. Антрапалогія — гэта даследаванне чалавека, а ў дадзеным выпадку — гэта даследаванне рэчы ў кантэксце яе ўжывання, стварэння і выкарыстання чалавекам. У ёй маглі траву насіць, а маглі накрыць ёю каня, выкарыстаць як коўдру, пазней — заслаць сядзенне аўтамабіля… Апошнім часам пачалі ўсплываць здымкі недзе з 50-х гадоў мінулага стагоддзя — сямейныя фота на фоне посцілкі. І гэта шмат кажа пра тое, чым для людзей была посцілка: самай прыгожай рэччу ў доме, якую выносілі для такой значнай і рэдкай па тым часе для вяскоўцаў справы — сямейнага фота. Гэтая “простая” рэч вылучала чалавека са штодзённасці, была часткай нейкага іншага, лепшага, святочнага жыцця.
Вось тады ў мяне і з’явілася думка паглядзець на тэму з пункту гледжання жыцця чалавека: посцілка як абавязковы атрыбут дзявочага пасагу — на захадзе Беларусі дзяўчына перад вяселлем проста павінна была мець падвойны дыван; посцілка як мера багацця і дабрабыту; посцілка як магчымасць для жанчын займацца творчасцю, і г. д. Яшчэ такі цікавы момант — новае жыццё посцілак у гарадскім асяроддзі: бо для гараджан яны набываюць ужо іншы сэнс, менш утылітарны — у першую чаргу ўспрымаюцца як спадчына, як памяць. Посцілка ў выставачнай ці музейнай прасторы — яшчэ адна тэма.
— У вас у кнізе каля 500 самых разнастайных фота. Адкуль яны ўсе?
— Сабраць фота якраз і было самым складаным. Бо, напрыклад, калі мы рабілі кнігу пра ручнікі, ёй папярэднічала вялікая нацыянальная выстава “Беларускі ручнік” у Нацыянальным гістарычным музеі — з усёй краіны былі прывезеныя лепшыя ўзоры. З фатографам Георгіем Ліхтаровічам мы амаль два тыдні працавалі, не выходзячы з музея. Зараз такой магчымасці не было. Усё збіралася з розных крыніц — нешта з маіх уласных экспедыцый, некаторую колькасць добрых здымкаў далі — ці дазволілі зладзіць у сваіх сховішчах спецыяльную фотасесію — Нацыянальны мастацкі музей, Нацыянальны гістарычны музей, Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей. Дапамагло і Студэнцкае этнаграфічнае таварыства. Увогуле, посцілкі захоўваюцца ў самых розных музеях, але, як правіла, калекцыі гэтыя немагчыма прагледзець. Яны і не алічбаваныя. Для многіх посцілак з Нацыянальнага гістарычнага музея — а ён іх мае больш за чатыры сотні — у кнізе будзе проста “прэм’ера”, дзякуючы фатографу Міхасю Аракчэеву.
— Ці можна падзяліць беларускія посцілкі па рэгіёнах? Я так разумею, мы гаворым менавіта пра вясковую традыцыю?
— Канешне, хацелася б паглядзець, што там ткалася на мануфактурах Тызенгаўза ў Гародні, якія дываны былі на мануфактуры Агінскага ў Карэлічах. Але такія рэчы амаль не дайшлі на нашага часу, а калі і дайшлі, то знаходзяцца за межамі Беларусі. У нас амаль што няма ўзораў XVIII—XIX стагоддзяў. Хаця, зразумела, што на гэтых мануфактурах і працавалі простыя сялянкі. Але тое, што прадстаўлена ў кнізе, гэта менавіта вясковае ткацтва, на звычайных вясковых кроснах.
Сапраўды, перада мной стаяла пытанне, як класіфікаваць матэрыял. Ручнікі можна было разбіваць па рэгіёнах і па лакальных варыянтах, але з посцілкамі такі падыход не працуе. Ручнікі — з’ява старажытная, а посцілкі развіліся досыць позна: датычна сялянскай традыцыі можна казаць пра другую палову ХІХ стагоддзя — калі пачаў змяняцца інтэр’ер, калі адыходзілі ў нябыт курныя хаты — без дымаходаў — і з’яўляліся чыстыя, калі пашыраўся асартымент рэчаў менавіта дэкаратыўных, святочных. Акрамя таго, развіццё посцілак на Беларусі шчыльна звязанае з развіццём тэхнікі ткацтва. У XVIIІ стагоддзі на нашу тэрыторыю пачалі прыходзіць традыцыі еўрапейскага ткацтва, і яны распаўсюджваліся па ўсёй тэрыторыі. І я вырашыла класіфікаваць посцілкі і дываны па назвах. Прычым да адной асноўнай, найбольш папулярнай назвы, я дадаю многа іншых, што ўжываліся ў розных мясцовасцях. Радзюжкі — самыя простыя, радугі — з вясёлкавымі колерамі: з’ява ў асноўным гродзенская. Назва “радуга” паходзіць ад рускага слова, але сустракаецца для іх і назва “тынчовік” ад польскага “тэнча”. Падвойныя дываны найбольш характэрныя Гродзеншчыне і Заходняй Брэстчыне. Ёсць прыклады шматнітовага ткацтва з пераважна геаметрычнымі ўзорамі — дымкі, ёсць выцяганкі, перабіранкі, сейпакі, ёсць выкладанкі, у якіх можна выкласці любы ўзор якога хочаш колеру — што немагчыма зрабіць, напрыклад, у дымцы. Выкладанкі, дарэчы, гэта практычна апошні зрэз народнай традыцыі, іх пачалі ткаць пераважна ўжо пасля Другой сусветнай вайны — бо з’явіліся адпаведныя катушачныя ніткі: ірыс, мулінэ. У 70-я, 80-я ў ткачых яшчэ не было праблем з матэрыялам. А напрыканцы 80-х магчымасць набываць ніткі знікла, і на гэтых выбіранках народная традыцыя, можна сказаць, скончылася. З часам усё перайшло ў сферу культуры, у Дамы рамёстваў. І дзякуй богу, што маладыя майстры яшчэ паспелі навучыцца з першых рук — ад бабуль і маці.
— Як вы думаеце, каго найперш кніга павінна зацікавіць?
— Мне здаецца, не толькі спецыялістам, але і шырокаму колу чытачоў яна будзе цікавая. Паўтаруся, у ёй шмат яскравых фотаздымкаў. Адна з асноўных задач — паказаць багацце традыцыі нашым мастакам і творцам, і нагадаць музеям пра такую з’яву — бо, шчыра кажучы, у апошнія гадоў 20 ці нават 30 яны па сутнасці ўжо не збіраюць посцілкі, апошняя хваля развіцця гэтага мастацтва — 80-х гадоў — у музяех практычна не прадстаўлена. На сваёй старонцы ў Facebook я пачала выкладваць здымкі розных посцілак, і рэакцыя людзей нават сталася для мяне нечаканай — аказваецца, калі “звычайную” посцілку прадставіць у сеціве і падаць як твор мастацтва, яна выклікае буру эмоцый і захаплення. Я буду рада, калі мая кніга падштурхне людзей да асэнсавання гэтай рэчы менавіта як нашай культурнай спадчыны.