За семдзясят шэсць гадоў свайго насычанага творчага жыцця харэаграфічная гімназія-каледж стала адной з самых вядомых навучальных устаноў нашай краіны. Дваццаць шэсць выпускнікоў каледжа ўдастоены звання «Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь», дванаццаць — звання «Народны артыст Рэспублікі Беларусь».
Балетныя трупы Вялікага тэатра Беларусі і Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага Музычнага тэатра цалкам сфармаваныя і штогод папаўняюцца выпускнікамі гімназіі-каледжа. Асноўны склад труп Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі”, Беларускага Дзяржаўнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі”, Акадэмічнага ансамбля песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча складаецца з выпускнікоў гімназіі-каледжа.
Вялікая ўвага ў гімназіі-каледжы надаецца міжнароднаму супрацоўніцтву. Сёння ў каледжы навучаюцца грамадзяне з Расіі, Украіны, Швецыі, Англіі, Японіі, Галандыі. Штогод на базе гімназіі-каледжа арганізоўваюцца балетныя туры для навучэнцаў-грамадзян Японіі.
Выхаванцы гімназіі-каледжа дастойна прадстаўляюць Беларусь на міжнародных конкурсах у галіне харэаграфічнага мастацтва. Так, у 2020/2021 навучальным годзе восем вучняў паспяхова прымалі ўдзел у мерапрыемствах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў, на якіх атрымалі дыпломы лаўрэатаў I ступені.
На базе гімназіі-каледжа павышаюць свой прафесійны ўзровень харэографы з многіх рэгіёнаў Беларусі. Арганізоўваецца правядзенне майстар-класаў педагогамі гімназіі-каледжа і вядомымі харэографамі блізкага і далёкага замежжа для спецыялістаў Рэспублікі Беларусь.
У 2020/2021 годзе ў Вучэбным тэатры паспяхова праведзеныя мерапрыемствы і творчыя акцыі, накіраваныя на пашырэнне адукацыйнай і асветніцкай дзейнасці, павышэнне маральнасці і культуры ў грамадстве, зацвярджэнне прэстыжу здаровага ладу жыцця.
Грамадзянска-патрыятычная акцыя “І памятае свет уратаваны”, арганізаваная для моладзі горада, дабрачынная калядная акцыя «Дзеці дзецям», падрыхтаваная спецыяльна для дзяцей з дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў, цэнтраў карэкцыйнага развіцця, “SOS — Дзіцячая вёска” для шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў, серыя мерапрыемстваў «Сагрэем далоні, сагрэем сэрцы» для Беларускага таварыства інвалідаў і ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і працы, атрымалі шырокае прызнанне аўдыторыі і сродкаў масавай інфармацыі.
Творчы праект гімназіі-каледжа «Творчасць юных — роднай Беларусі», які праводзіцца ў Віцебску, Маладзечна, Магілёве, Баранавічах, Салігорску, Полацку, Гродне, Лідзе, Слуцку і Брэсце, выклікаў вялікую цікавасць у гледачоў. Штогод з вялікім натхненнем юныя артысты даюць канцэрт на сцэне Вялікага тэатра. У рамках творчай акцыі «Мы — беларусы» на высокім прафесійным узроўні праведзеныя канцэрты ў Расіі, Польшчы, Казахстане, Украіне, Германіі, Італіі, Англіі.
Гімназія-каледж уносіць значны ўклад у культурнае жыццё Рэспублікі Беларусь. Навучэнцы занятыя ва ўрадавых канцэртах, грамадска-палітычных акцыях: цырымоніі ўручэння прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва, спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Беларускі спартыўны Алімп”, балетных спектаклях Вялікага тэатра Беларусі, Беларускага акадэмічнага Музычнага тэатра, праводзяць дабрачынныя вечары балета, даюць канцэрты для кіраўнікоў дыпламатычных місій, высокіх гасцей Рэспублікі Беларусь. Штогод арганізоўваецца правядзенне канцэртаў на прадпрыемствах, у вайсковых частках, адукацыйных установах.
Гімназія-каледж неаднаразова заносілася на дошку гонару адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска за першае месца ў сацыяльна-эканамічным спаборніцтве сярод арганізацый у сферы культуры. За ўсталяванне сяброўскіх сувязяў паміж Беларуссю і Японіяй у 2018 годзе гімназія-каледж была ўзнагароджаная Ганаровай граматай Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Японіі ў Рэспубліцы Беларусь.
У 2018 годзе калектыву гімназіі-каледжа была прысуджаная спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.