Канечне ж, захаванне традыцый крыецца ў тым, каб перадаць іх найбольш аўтэнтычна наступным пакаленням. У Іванаўскую школу бондарства прымаюць вучняў 6-7 класаў. Дзяцей запрашаюць на спасціжэнне майстэрства на 3 гады. Прадметы, якія тут вывучаюць, цікавыя і, як правіла, спецыяльныя — тэхналогія вытворчасці бондарнага посуду, яго аздабленне, мастацкія рамёствы. Выкладаюць і агульныя прадметы, якія могуць таксама спатрэбіцца ў інжынернай прафесіі, — чарчэнне, малюнак, кампазіцыя, матэрыялазнаўства, вытворчае навучанне.
Наогул жа ў Іванаўскім раёне дзейнічае 7 школ мастацтваў. Так, у гарадской дзіцячай харэаграфічнай школе працуюць групы па гімнастыцы для дашкалят, а таксама студыя сучасных танцаў для моладзі. У Іванаўскай школе народна-дэкаратыўнага мастацтва — гурток “Майстравы”. У Адрыжынскай дзіцячай школе мастацтваў — студыя эстэтычнага развіцця для самых маленькіх.
У школах мастацтваў Іванаўскага раёна вядзецца праца па ўдасканаленні адукацыі. У раёне штогод адбываюцца педагагічныя форумы і кірмаш інавацый, на якіх выкладчыкі абменьваюцца напрацоўкамі.
Таленавітыя вучні дзіцячых школ мастацтваў раёна штогод бяруць удзел ва ўсіх знакавых раённых і абласных грамадска-культурных акцыях і канцэртах, годна прадстаўляючы Іванаўскі раён. Адным з самых яркіх мерапрыемстваў у школах мастацтваў з’яўляюцца справаздачныя канцэрты.
Іванаўскія настаўнікі супрацоўнічаюць з педагогамі Брэсцкага музычнага каледжа, Пінскага і Баранавіцкага каледжаў мастацтваў. Іх выкладчыкі на працягу ўсяго навучальнага года праводзяць адкрытыя ўрокі, майстар-класы, праслухоўванні, кансультацыі. Усё гэта дазваляе скіраваць таленавітую моладзь на далейшае ўдасканальванне здольнасцей і атрыманне творчай прафесіі, дапамагае замацоўваць падрыхтаваныя кадры ў рэгіёне.
Без сумневу, добра наладжана дадатковая адукацыя і ў вялікіх абласных гарадах. Так, у Магілёве працуе 7 школ мастацтваў. Уявіце, што ў адной толькі Магілёўскай дзіцячай школе мастацтваў №4 займаецца каля 400 чалавек! Тут дзятва вучыцца валоданнем фартэпіяна, скрыпкі, віяланчэлі, ударнымі і духавымі інструментамі, асвойваюць акадэмічны і народны вакал. Школа гэтая больш за 40 гадоў працуе над эстэтычным выхаваннем моладзі. Дзеці абавязкова ўдзельнічаюць у разнастайных фестывалях і конкурсах горада, рэгіёна, рэспублікі.
Перамагаюць маладыя творцы і за мяжой — у Расіі, Латвіі, Францыі, Германіі, Іспаніі, Польшчы, Чэхіі. За мінулы год уладальнікамі Гран-пры сярод юных музыкаў школы сталі трыа гітарыстаў “Віват” на конкурсе ў Смаленску, Паліна Якаўлева, а таксама хор малодшых класаў “Трэлі” ў Маскве. Ушанавалі маленькіх цымбалістаў з ансамбля “Пралескі” ў Балгарыі.
На хвалях радыё “Акіян-плюс” 2 чэрвеня ў рамках Рэспубліканскага конкурсу “Secondo strumento” школу прадставіла Дар’я Чуркіна і атрымала дыплом за лепшае выкананне твора беларускага аўтара. Становяцца стыпендыятамі Прэзідэнцкага фонду таленавітай моладзі магілёўскія вучні. Напрыклад, Дзмітрыю Шыяну, вядомаму ўжо на творчых пляцоўках маленькаму музыку, уручана ганаровая прэмія гэтага фонду.