Жыровіцкі манастыр. Рэстаўрацыя крок за крокам

№ 33 (1524) 14.08.2021 - 20.08.2021 г

Гісторыя Жыровіцкага манастыра самабытная і адметная: больш за 550 гадоў таму тут адбылося яўленне Божай Маці, пра якое сведчыць знакамітая ікона і крыніца. Драўляная царква, якую пабудаваў на месцы знаходжання цудатворнага абраза падскарбі Аляксандр Солтан, праіснавала да 1520 года, калі пацярпела ад пажару. Тады ў вогнішчы знікла і ікона. Але ў тым жа годзе ікона зноў была здабыта. Неўзабаве тут пабудавалі каменны храм, пры якім пачаў узнікаць манастыр… Цяпер у Жыровіцкім комплексе ёсць братэрскія карпусы і некалькі цэркваў — старажытныя будынкі, якія захоўваюць сваю частку гісторыі гэтага месца. І надзённая задача, якая стаіць сёння перад беларускім грамадствам, гэта захаванне ўсіх аб’ектаў і абавязковая рэстаўрацыя таго, што патрабуе гэтага.

/i/content/pi/cult/863/18312/011.jpgШлях вандроўнікам з Мінска ў Жыровічы не такі і блізкі — дзве з паловай гадзіны на аўтамабілі. Але нават у будні, калі я наведваў манастыр, тут было шмат народу. Маёй задачай, акрамя той, каб на свае вочы паглядзець на слынную Праваслаўную святыню, стала размова-даследаванне пра рэстаўрацыйныя работы, якія ўжо некалькі гадоў адбываюцца ў манастырскім комплексе, і будуць і надалей адбывацца бліжэйшым часам.

Напярэдадні намеснік начальніка аддзела па ўзаемадзеянні са СМІ, справах рэлігіі і нацыянальнасцей Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Скрыпко паведаміў мне, што ў мінулым годзе да юбілею манастыра была адбудавана новая званіца, яшчэ раней — рэстаўраваны стары братэрскі корпус.

Цяпер задача маштабней: мабыць, самы галоўны для рэстаўрацыі аб’ект, гэта Жыровіцкі Свята-Успенскі сабор. Таксама рамонту патрабуюць Георгіеўскі, Яўленскі, Крыжаўзвіжанскі храмы. Рамонт патрэбны адміністратыўнаму і гаспадарчаму карпусам, новаму братэрскаму корпусу, архіерэйскаму дому, духоўна-асветніцкаму цэнтру. Таксама плануецца перадаць манастыру стадыён і спартыўны корпус мясцовага аграрна-тэхнічнага каледжа. План на аднаўленне святыні зацвярджаецца Саветам Міністраў, а грошы выдзяляюцца па праграмме аднаўлення культурнай спадчыны. Гэта ў тэорыі. Ужо на месцы з айцом Аляксандрам Сняжко разбіраемся, як справы адбываюцца на практыцы.

Адразу пры ўваходзе на тэрыторыю мясціны можна ўбачыць корпус Мінскай духоўнай семінарыі. Работу яна пачала ў далёкім 1828 годзе, дзякуючы намаганням мітрапаліта Іосіфа Сямашкі, які садзейнічаў скасаванню Берасцейскай царкоўнай уніі. А семінарыя дапамагла падрыхтоўцы праваслаўных святароў для паствы. У XIX стагоддзі тут была адна з лепшых у Расійскай імперыі духоўных вучэлен. З пачатку Першай сусветнай вайны да канца Другой сусветнай вучэльня была зачынена. Потым часова дзейнічала, пакуль пры Хрушчове запалохваннямі і абяцанкамі ў маладых людзей не адбілі ахвоту тут вучыцца. Корпус быў пераданы аграрна-тэхнічнаму каледжу. І толькі намаганнямі мітрапаліта Філарэта духоўная школа была адроджана. Айцец Аляксандр расказвае, што гэты будынак быў рэстаўраваны адным з першых у Жыровічах. Тут вучыцца 90 чалавек, але іерэй Аляксандр узгадвае, што раней святароў рыхтавалі больш. Зараз жа, калі патрэба ў настаяцелях не такая вялікая, націск робіцца на якасць навучання.

Цікавы факт, што ў 90-я гады дадатковая вучоба святароў праходзіла ў першым братэрскім корпусе. Ён вядомы як аддзяленне завочнага навучання. Справа ў тым, што пры Саветах будучых бацюшак пасвяшчалі амаль што без ніякай спецыяльнай вучобы, проста па характарыстыках іх духоўных айцоў. І калі ў Жыровічах зноў адкрылі семінарыю, то менавіта тут вучыліся такія, як правіла “ўзроставыя”, навучэнцы. Яшчэ, каб зганьбіць святасць месца, да ўзнаўлення належнага жыцця манастыра, у гэтым будынку змяшчалася аддзяленне для псіхічна хворых. Гэты братэрскі корпус быў адрэстаўраваны ў мінулым годзе.

Пакуль па кампактнай тэрыторыі мясціны мы праходзім да зачыненай для прыхаджан тэрыторыі, айцец Аляксандр распавядае, што браты-манахі прызвычаліся да пастаянных наведвальнікаў і паломнікаў. Місія гэтага манастыра, акрамя іншага, духоўна настаўляць простых людзей.

На зачыненай тэрыторыі знаходзяцца дзве самыя старажытныя царквы. Адна з іх, каменная Яўленская, пабудавана на месцы яўлення Багародзіцы на камяні. Камень некалі быў выстаўлены на агульны агляд, пакуль паломнікі не пачалі адколваць ад яго кавалачкі на памяць. Тады камень зрабілі прастолам храма за зачыненай Царскай Брамай. Пабудаваны гэты храм у стылі базілікі.

Побач — адміністрацыйны корпус, самы малады будынак, зроблены, так бы мовіць, з падручных матэрыялаў. Аднак гэты будынак дарагі намесніку манастыра епіскапу Слонімскаму і Навагрудскаму Гурыю, бо тут калісьці жылі веравызнаўцы і старцы, якіх ён памятае. Таксама недалёка новы братэрскі корпус. Тут рэстаўрацыя патрэбна адназначна.

Царква Узвышэння крыжа Хрыстова — неад’емная частка архітэктурнага ансамбля Свята-Успенскага манастыра ў Жыровічах. У ролі фундатара ў далёкім 1716 годзе выступіла жонка пінскага лоўчага Элеанора Галоўшчына, якая вылучыла сродкі на пабудову храма Пакут Хрыстовых, дзе меркавалася здзяйсняць па ёй паніхіды пасля яе смерці. Будаванне зацягнулася больш чым на 50 гадоў, і храм быў пабудаваны толькі ў 1769 годзе. У 1839 годзе храм быў пераназваны ў Крыжаўзвіжанскі. Па задумцы царква сімвалізавала Галгофу — гару пакут і мучэнняў Ісуса.

Асаблівасцю пабудовы храма з’яўляецца і месца яго размяшчэння — быў ён збудаваны на самай высокай пляцоўцы з усёй тэрыторыі манастыра. Такое размяшчэнне — гэта сімвалічны знак, што адлюстроўвае гару пакут.

Падчас польскай акупацыі Заходняй Беларусі ў гэтым месцы дзейнічаў касцёл. Пасля Другой сусветнай вайны ўсялякае духоўнае жыццё ў храме было спынена, і толькі пасля візіта патрыярха Алексія ў 2002 годзе яно аднавілася.

За Крыжаўзвіжанскім храмам знаходзяцца малыя братэрскія могілкі, дзе пахаваны мітрапаліт Філарэт. Да гадавіны яго смерці плануецца ўзвесці каменны крыж замест драўлянага. Тут знайшлі супакой таксама і старцы, слынныя духоўнымі подзвігамі. Напрыклад, Мікалай (Рэдута), адзін са старэйшых намеснікаў мясціны. Яшчэ — Іеранім (Коваль), які пражыў больш за 15 гадоў на Святым Афоне і шмат у чым паказваў духоўны прыклад для братоў манастыра ў свой час. Старац Мітрафан (Ільін) прайшоў усю Айчынную вайну, быў у партызанах, меў баявыя ўзнагароды. Падчас акружэння ў гэтых краях даў абяцанне Богу, што, калі застанецца жывым, прыйдзе сюды і ахвяруе Яму жыццё. Мітрапаліт Філарэт асабліва цаніў яго духоўны подзвіг.

Калі прайсці крыху далей, бачны стадыён і спартыўны корпус аграрнага каледжа. Не хочацца нават думаць, што побач з месцам пахавання такіх людзей моладзь іграе ў футбол… За стадыёнам яшчэ храм, драўляны Георгіеўскі. Усім згаданым цэрквам патрэбна абследаванне і рамонт.

Набажэнствы ў храмах на зачыненай тэрыторыі адбываюцца рана раніцай, таму бываюць тут толькі браты, паломнікі, якія засталіся на начлег і рэдкія мясцовыя вернікі.

Большасць людзей прыязджае ва Свята-Успенскі сабор. Пабудаваны ён быў у перыяд з 1613 па 1650 гады і шмат разоў рэканструяваўся. Вось і зараз будынку патрэбна замена крокваў і даху. Айцец Аляксандр распавядае, што ў некаторых месцах на саборы бачны расколіны. Плануецца і перанесці з сабора і свечачную лаўку — у калідор.

Па словах іерэя Аляксандра, рэстаўрацыя мае свой плён: пад алтаром Свята-Успенскага сабора і ёсць месца, дзе ўзнікла крыніца падчас аднаго са з’яўленняў Багародзіцы. Пры Савецкай уладзе створаны калісьці калодзеж са святой вадой засыпалі будаўнічым смеццем і бетонам. Пры аднаўленні манастыра было прынята рашэнне аднавіць калодзеж і крыніцу. Але можна было згубіць і тыя лічаныя кроплі, якія здабывалі адсюль. Тым не менш, рэстаўрацыя дапамагла — цяпер сюды могуць заходзіць паломнікі і каштаваць святую ваду з маленькіх кубачкаў.

Я таксама піў гэтую ваду, бачыў на свае вочы абраз Божай Маці, манахаў і прыхаджан манастыра. Верыцца, што пасля рамонту гэта знакавае для беларускага Праваслаўя месца будзе адчынена для ўсіх вандроўнікаў, паломнікаў і проста людзей добрай волі яшчэ доўгія гады.