Юрый Якавенка, Аляксандр Сільвановіч, Сяргей Грыневіч, Уладзімір Панцялееў, Валянціна Шоба, Вікторыя Ільіна. Іх майстэрні побач. Гэтым мастакам звыклы фармат сяброўскага сумоўя і сумеснай працы — я маю на ўвазе групавыя выставы ў Беларусі, калі яны рэпрэзентуюць свой горад, і за межамі, калі прадстаўляюць краіну.
Пра кожнага з іх шмат сказана і напісана. Ды і ў сталіцы іх творы экспанаваліся неаднойчы. Той, хто сочыць за творчасцю гэтых майстроў, сустрэнецца на выставе і з вядомымі, у пэўным сэнсе — класічнымі творамі, і адкрые новыя рысы ва ўжо знаёмых сюжэтах. Прыкладам, Юрый Якавенка ўразіў мяне графікай, надрукаванай не на паперы, а на фарфоры. Доўгі шэраг талерак, якія страшна ў рукі браць — настолькі яны падаюцца крохкімі, — упіраецца ў манументальных памераў станковыя палотны Сяргея Грыневіча. Гэта, мабыць, галоўная (прынамсі, самая эфектная) візуальная перспектыва выставы. Яна выклікае асацыяцыю з параднай залай палаца ці багатай шляхецкай сядзібы. А спалучэнне вытанчанасці графічных твораў з моцнай энергетыкай жывапісных палотнаў, функцыянальна падобных да габеленаў Сярэднявечча і адначасова вельмі сучасных па форме, стварае поле прыцягнення, якое доўга не адпускае гледача.
Юрый Якавенка — майстар настолькі дасканалы, што іншы раз здаецца, што ён паводле сваёй натуры проста не можа вырвацца з палону шляхетнай эстэтыкі і складана выбудаванай гармоніі, нават калі тэма вымагае выразнага дысанансу і формы простай, лаканічнай. “Вымагае” мо не тое слова, бо мастак увогуле і спадар Юрый канкрэтна нікому нічога не вінен. Але калі ў наяўнасці магчымасць выказаць думку выяўленчай мовай, зразумелай не толькі эстэтам, дык такую магчымасць калі-нікалі варта скарыстоўваць. Варта хаця б дзеля новых уражанняў сысці з наезджанай дарогі і паглыбіцца ў нязвыклую прастору. А там, глядзіш, намалююцца і новая стылістыка, і новыя далягляды.
Вікторыя Ільіна вядомая як майстар настальгічнага краявіду і колеравых нюансаў. Ля яе карцін я думаю пра тое, што, бадай, кожны ў сталым узросце крыху сумуе па страчаных ілюзіях юнацтва і матэрыяльным свеце, які іх ўвасабляў. Яе карціны як ілюстрацыі да сумных і мудрых казак Андэрсана, якія па-рознаму ўспрымаюцца ў дзяцінстве і ў сталыя гады. Новае ў стылістыцы спадарыні Вікторыі — манахромнасць. Калі-нікалі з някідкімі ўключэннямі колеру, кшталту агеньчыка ў акне дома, дзе ўсе астатнія агні начною парою пагашаныя. Але за яе манахромнасцю прачытваецца колеравая поліфанія, бо ніякія іншыя колеры не маюць такую безліч адценняў, як белы і чорны.
Аляксандр Сільвановіч — гэта вытанчаная графіка ў фармаце станковага жывапісу. Яна падаецца рэфлексіўнай, нібыта не мастак малюе лінію, а лінія вядзе мастака. Аднак насамрэч работы выбудаваны структурна, паводле задумы. Да таго ж адчуваецца, што ведае мастак болей, чым гаворыць.
Ад твораў Валянціны Шоба маеш уражанне як ад краявіду, дзе сышліся розныя прыродныя чыннікі — горы, лес, пусткі, мора… І ў залежнасці ад настрою такі шматузроўневы краявід можа выклікаць самыя розныя пачуцці. Падкрэсліваю: у залежнасці ад настрою… Мноства фактур і выяў, сабраныя спадарыняй Валянцінай у адзінай візуальнай структуры як элементы табліцы Мендзялеева, можна доўга разглядаць. І ў нейкі момант, як і ў згаданай табліцы, адчуць іх унутраную сувязь і па-свойму гарманічную ўзаемаабумоўленасць.
Уладзімір Панцялееў як скульптар шмат зрабіў для роднай Гародні. Ягоныя манументальныя творы ўпрыгожваюць гарадскую прастору. Але ён мае і талент станкавіста. Такое спалучэнне здараецца нячаста. Звычайна дамінуе нешта адно. Цікава, што ў станковай пластыцы спадар Уладзімір дэманструе разнастайнасць творчага почырку і канцэптуальных падыходаў. Ён робіць скульптуры фігуратыўныя, абстрагаваныя, дзе адчуваецца прадметная аснова, але вынік — знак. А яшчэ яму даспадобы быць суаўтарам прыроды: узяць кавалак дрэва, які сам сабою прыгожы, і троху яго дапрацаваць. Творы ўсіх трох тыпаў ёсць на гэтай выставе.
Спяшайцеся бачыць. “Кася” і “Бася” запрашаюць вас у вандроўку па гродзенскім Манмартры.