Сістэмны падыход да рэстаўрацыі

№ 31 (1522) 31.07.2021 - 06.08.2021 г

Нататкі з выязной калегіі Міністэрства культуры Беларусі
Як мы ужо паведамлялі, 23 ліпеня, у Нясвіжы адбылося выязное пасяджэнне калегіі Міністэрства культуры пад назвай “Аб ходзе выканання інвестыцыйнай праграмы, работ па капітальным будаўніцтве на аб’ектах культуры, што фінансуюцца за кошт рэспубліканскага бюджэту, умацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы і павышэння эфектыўнасці выкарыстання бюджэтных сродкаў”. Удзел у пасяджэнні прыняў міністр культуры Беларусі Анатолій Маркевіч.

/i/content/pi/cult/861/18281/020.jpgТраве тут не месца

Спярша члены калегіі наведалі касцёл Божага Цела, дзе пазнаёміліся з ходам яго рэканструкцыі і рэстаўрацыі. Гмах будынка, пабудаванага ў 1587-1593 гадах па праекце італьянскага архітэктара Яна Марыі Бернардоні і на сродкі Мікалая Радзівіла Сіроткі, стаў, як вядома, першым збудаваннем у стылі барока на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Зразумела, што за чатырыста з лішкам гадоў гісторыі касцёл неаднаразова рэканструяваўся і аднаўляўся, а маштабныя рэстаўрацыйныя работы пачаліся на названым аб’екце ўжо ў нашы часы.

Не варта і казаць, што разам з Палацам Радзівілаў гэты аб’ект архітэктуры, унесены ў Спіс сусветнай спадчыны UNESCO, заўсёды прыцягваў і будзе прыцягваць шматлікіх як айчынных, так і замежных турыстаў, што наведваюць Нясвіж. Таму ўвага да гэтага старадаўняга культавага будынка, да тэмпаў яго рэканструкцыі і рэстаўрацыі — самая пільная з боку Міністэрства культуры Беларусі.

Міністр і члены калегіі ўважліва пазнаёміліся з ходам рэстаўрацыйных работ. Прычым, знаёмства тое не было павярхоўным: Анатолій Маркевіч дэталёва распытваў адказных за той ці іншы кірунак працы пра ўзніклыя праблемы і пытанні ды выказваў свае прапановы па іх вырашэнні, як кажуць, не сыходзячы з месца.

Увагу міністра прыцягнула нават трава, што вырасла дзе-нідзе паміж пліткамі невялікай дарожкі, што акаляе касцёл Божага Цела. На думку Анатолія Маркевіча, гэтая трава — сведчанне неахайнасці адказных асоб, бо дзяржава ўкладвала і ўкладвае значныя, шматмільённыя рублёвыя сродкі ў рэканструкцыю і рэстаўрацыю архітэктурных помнікаў Беларусі, каб зрабіць іх больш прывабнымі для турызму, каб захаваць нашу ўнікальную архітэктурную спадчыну для нашчадкаў. А падобныя “дробязі” накшталт травы на дарожцы ці плямаў фарбы на даху касцёла могуць негатыўна паўплываць на ўражанні турыстаў ад наведвання старажытнага храма і ўсяго Нясвіжа ці нават адштурхнуць прыезджых гасцей ад наведвання іншых славутых мясцін нашай краіны. Таму падобных “дробязей”, натуральна, у такіх месцах быць не павінна.

Ад даху да агароджы

Пасля члены калегіі завіталі ў храм, дзе невялікую экскурсію для іх зладзіў пробашч парафіі касцёла Божага Цела ў Нясвіжы айцец Пётр. Паглыбляцца ва ўсе нюансы экскурсіі не буду, адзначу толькі, што з моманту адкрыцця і па сённяшні дзень храм у Нясвіжы ніколі не зачыняў свае дзверы для вернікаў. Пагадзіцеся, унікальны факт, калі ўлічыць усе тыя падзеі пакручастай гісторыі Беларусі і тыя войны, што прайшліся па яе тэрыторыі за гэтыя часы, у тым ліку, натуральна, і на Нясвіжчыне.

І яшчэ адзін цікавы факт, які прыцягнуў увагу ўсіх прысутных: як вядома, пад касцёлам знаходзіцца вялікая сямейная пахавальня Радзівілаў, дзе спачываюць прадстаўнікі славутага роду, пачынаючы з 1616 года. Дарэчы, названая касцёльная крыпта была калісьці трэцяй па колькасці дынастычных пахаванняў у Еўропе пасля Габсбургаў у Капуцынеркірхе і Бурбонаў у Сэн-Дэні. У крыпце на сёння знаходзіцца алтар Нявіннага Зачацця, 70 саркафагаў, адзін з іх — рытуальны, а таксама захоўваецца урна з прахам нашчадка нясвіжскай лініі Антонія Радзівіла, прывезеная з Лондана 8 чэрвеня 2000 года.

Цяпер у крыпце таксама ладзяцца рэстаўрацыйныя работы, за ходам якіх мелі магчымасць паназіраць усе члены выязной калегіі Міністэрства культуры Беларусі, спусціўшыся туды па сходах.

Падчас экскурсіі было не раз адзначана, што за часы рэстаўрацыі касцёла Божага Цела былі адрамантаваны дах і купал храма, прыведзены да ладу фасад будынка і яго інжынерныя камунікацыі. Пасля завяршэння рэстаўрацыйных работ у крыпце Радзівілаў распачнецца рэстаўрацыя званіцы касцёла і яго агароджы. Дарэчы, на працяг рэстаўрацыйных работ у касцёле Божага Цела ў Нясвіжы, як паведамляла ў мінулых нумарах “К”, сёлета запланавана выдаткаваць па дзевяцьсот тысяч рублёў з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў адпаведна.

Вопыт для пераймання

Пасля агляду касцёла члены калегіі, прайшоўшы праз старадаўні парк, перамясціліся ва ўтульныя апартаменты Нясвіжскага палаца, дзе і адбылося афіцыйнае пасяджэнне. Падчас мерапрыемства абмяркоўваўся ход выканання дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы, работы па капітальным рамонце на аб’ектах культуры, што фінансуюцца за кошт рэспубліканскага бюджэту, пытанні ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры, павышэння эфектыўнасці выкарыстання бюджэтных сродкаў ды многія іншыя. Прагучалі даклады начальніка ўпраўлення капітальнага будаўніцтва і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Міністэрства культуры Беларусі Сяргея Саракача, начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алены Клімовіч, намесніка старшыні Нясвіжскага райвыканкама Міхаіла Афанасіка.

Так, сярод іншага, у дакладзе Сяргея Саракача была вылучана Гродзенская вобласць, дзе вырашэнне пытанняў мадэрнізацыі аб’ектаў культуры маюць сістэмны падыход. Напрыклад, у вобласці адразу фарміруецца пералік аб’ектаў па капітальным рамонце, рэканструкцыі і рэстаўрацыі, якія ўключаюцца ў планы мерапрыемстваў з указаннем тэрмінаў выканання названых работ, крыніц фінансавання і адказных выканаўцаў, а потым штотыдзень адбываецца разгляд праблемных пытанняў намеснікам старшыні аблвыканкама. Натуральна, што гэты, даволі цікавы і плённы вопыт працы, варты для пераймання і ў іншых рэгіёнах Беларусі.

Па словах начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алены Клімовіч, цяпер у вобласці паводле Дзяржаўнай інвестпраграмы адбываецца рэстаўрацыя Старога Замка ў Гродна, на што выдаткаваны тры мільёны рублёў з рэспубліканскага і два з паловай мільёны рублёў з мясцовага бюджэту, ідзе рэканструкцыя з кансервацыяй Навагрудскага замка (сёлета вылучана з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў 600 і 445,9 тысяч рублёў адпаведна). Таксама працягваюцца працы і на іншых аб’ектах Гродзеншчыны — у Свяцку, Жыровічах, Астраўцы.

На калегіі ішла гаворка і пра тэмпы рэканструкцыі і рэстаўрацыі гісторыка-архітэктурных аб’ектаў у іншых абласцях краіны. Так, працягваецца аднаўленне неагатычнага палаца Пуслоўскіх у Косаве Івацэвіцкага раёна, палаца Булгакаў XVIII стагоддзя ў Жылічах, што ў Кіраўскім раёне, палаца Сапегаў у Ружанах Пружанскага раёна, а таксама адбываюцца працы і на іншых аб’ектах. Не заўсёды, на жаль, гэтыя работы праводзяцца згодна з зацверджаным графікам, маюць месца і недафінансаванне будаўніцтва ці рэстаўрацыі тых ці іншых аб’ектаў, сустракаюцца і хібы ў выкананні будаўнічых работ. На ўсіх гэтых і некаторых іншых праблемных аспектах акцэнтаваў увагу прысутных Анатолій Маркевіч, загадваючы, каб адказныя асобы тэрмінова іх выпраўлялі або ўносілі свае прапановы па тым, якім чынам вырашыць тое ці іншае набалелае пытанне.

Напрыканцы пасяджэння асаблівая ўвага была нададзена таксама і Нацыянальнаму мастацкаму музею Рэспублікі Беларусь. Сёлета тут плануецца адкрыць два будынкі музейнага кварталу — на вуліцы Карла Маркса, а таксама на вуліцы Кірава, дзе будуць размешчаны памяшканні рэстаўрацыйнага цэнтра, фондасховішча і музейная бібліятэка. Акрамя таго, па словах дырэктара НММ Уладзіміра Пракапцова, 17 верасня, у гадавіну ўз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі, у музеі плануецца адкрыць выставу, на якой будзе прадстаўлена сакральнае царкоўнае мастацтва, сучаснае беларускае і рускае мастацтва, заходняе мастацтва ды іншыя цікавосткі.

А пасля для членаў выязной калегіі была зладжана невялікая экскурсія па шэрагу экспазіцыйных залаў Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”. Што і казаць, у Нясвіжскім палацы Радзівілаў зараз усё навідавоку, усё зразумела і для спецыялістаў, і для шараговых наведвальнікаў — і тое, як з вялікай колькасці аўтэнтычных каштоўнасцяў збудаваць велічны вобраз беларускага Сярэднявечча, і як далікатна ўключыць сучасныя артэфакты ў гістарычны кантэкст, і як зменнымі выставамі вобразна дапаўняць пастаянную экспазіцыю, дбаючы пра свой высокі статус. Гэты вопыт нясвіжскіх музейшыкаў — у пабудове экспазіцыі і перадачы “духу” эпохі — таксама, дарэчы, варты ўвагі калег з музеяў іншых рэгіёнаў Беларусі, і асабліва тых музейных устаноў, пра рэканструкцыю і рэстаўрацыю якіх вялася гаворка на выязной калегіі Міністэрства культуры Беларусі.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"