Памятаць пра лепшае

№ 29 (1520) 17.07.2021 - 23.07.2021 г

Народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка — заўсёднік “Славянскага базару ў Віцебску”: без яго ўдзелу, здаецца, не праходзіў ніводны фестываль. А сёлета знакаміты кіраўнік “Сяброў” яшчэ і старшыня журы ХХХ Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2021”. Таму “К” і звярнулася да яго за парадай маладым спевакам.

/i/content/pi/cult/859/18231/7.jpg— Хочацца пажадаць канкурсантам, — даў свой “старшынскі наказ” Анатоль Іванавіч, — каб яны змаглі сканцэнтравацца і не “мандражавалі” на сваіх выступленнях. Бо як часцяком здараецца? Рыхтуецца чалавек, рэпетуе ў класе, на сцэне — усё цудоўна. А выходзіць спяваць уласна ў час конкурсу — і ўсё, перажыванні не даюць яму магчымасці выкласці як мае быць тое, што назапашана. Дый на такім прыстыжным спаборніцтве, як “Славянскі базар у Віцебску”, дадаецца яшчэ груз адказнасці не толькі за сябе і сваіх выкладчыкаў, а за ўсю краіну, якую прадстаўляеш. Між тым, любы конкурс патрабуе найперш праславутых “змагарскіх якасцей”, умення засяродзіцца на песні і яе выкананні, а не на сваіх пачуццях і перажываннях з-за конкурснай барацьбы. Журы ацэньвае не адоранасць чалавека ўвогуле, а менавіта тое, што чуе і бачыць “сёння і зараз”. І надае вялікую ўвагу артыстызму — тым больш, што гэта конкурс не проста вакалістаў, а выканаўцаў эстраднай песні, дзе ўсё павінна быць у комплексе: тэмбр голасу, прафесійныя якасці, рэпертуар, знешні выгляд, сцэнічныя паводзіны.

Але ж да “Славянскага базару ў Віцебску” рыхтуюцца не адно канкурсанты. Кожны эстрадны артыст задумваецца, якую прэм’еру ён зможа паказаць, многія песні пішуцца акурат да гэтага “фестывалю фестываляў”. Будуць прэм’еры і ў мяне — найперш, “Ты памятаеш” пра чалавечыя каштоўнасці, пра тое, што зразумела і блізка ўсім людзям, незалежна ад іх прафесійнага, сацыяльнага статусу ці нацыянальнай прыналежнасці. Гэта песня з’явілася ў маім рэпертуары па ініцыятыве нашага вядомага кампазітара Алега Елісеенкава. Ён прапанаваў мне вершы расійскай паэткі Віталіі Раменскай з Таганрога, я імі зацікавіўся — і ён напісаў музыку. Удзельнічаю я і ў іншых фестывальных праграмах. Але ж галоўнае не ўва мне, а ў самім фестывалі: “Славянскі базар у Віцебску” збірае ўсё лепшае ў культуры, што ёсць не толькі ў нас, але і ў Еўропе, у свеце. Ён будзе заўсёды.