Адкрыты фармат дысертацыі

№ 28 (1519) 09.07.2021 - 17.07.2021 г

Пра навуковыя здабыткі і іміджавыя праекты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў — гэта, як вядома, не толькі ўстанова адукацыі, але і буйны навуковы цэнтр, дзе ажыццяўляецца навукова-даследчая праца, арганізуюцца міжнародныя, рэспубліканскія навуковыя і навукова-практычныя канферэнцыі, у тым ліку і студэнцкія, умацоўваюцца і развіваюцца навуковыя сувязі паміж айчыннымі і замежнымі даследчыкамі ў сферы культуры і мастацтва. Пра навуковы аспект працы БДУКМ, супрацоўніцтва з рэгіёнамі, міжнароднае супрацоўніцтва ды многае іншае “К” пагутарыла з прарэктарам па навуковай рабоце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Аленай КОРСАКАВАЙ.

/i/content/pi/cult/858/18217/Kultura-28-page-7-S.jpg— Алена Яўгенаўна, ці паўплывала на навуковую дзейнасць БДУКМ сённяшняя неспрыяльная эпідэміялагічная сітуацыя? Як змаглі адаптаваць сваю працу, скажам, пры правядзенні навуковых канферэнцый?

— Як ні дзіўна, пандэмія некаторым чынам спрыяла развіццю навуковай дзейнасці. Пераход канферэнцый у рэжым анлайн спрыяў павелічэнню іх колькасці. Якраз з нядаўняга часу мы пашырылі спектр нашых навуковых і навукова-практычных канферэнцый: раней ладзілі пяць, цяпер — сем. Натуральна, з-за неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі давялося новыя канферэнцыі ладзіць у завочным фармаце. Так, у канцы красавіка ў нас адбылася міжнародная завочная навуковая канферэнцыя “Барышаўскія чытанні”, а літаральна днямі, 24 чэрвеня, прайшла яшчэ адна міжнародная завочная канферэнцыя “Культура: адкрыты фармат”. На апошняй, дарэчы, прысутнічалі прыкладна 85 удзельнікаў як з Беларусі, так і з Кітая, Украіны, Расіі.

— А ці ўдзельнічаюць у падобных навуковых канферэнцыях спецыялісты з рэгіёнаў? І, калі ўдзельнічаюць, то хто менавіта?

— Так, на згаданай мной канферэнцыі “Культура: адкрыты фармат” былі прадстаўнікі рэгіянальнай сферы культуры з Віцебска, Магілёва, Мазыра, Лунінца, іншых гарадоў. Пераважна гэта нашы былыя студэнты, магістранты, аспіранты, якія цяпер працуюць ва ўстановах культуры розных раёнаў Беларусі, і, натуральна, не парываюць сувязей са сваёй alma mater. І мы заўсёды рады бачыць і іх, і іншых прадстаўнікоў рэгіянальнай сферы культуры Беларусі на сваіх навукова-практычных канферэнцыях.

— Вы згадалі пра аспірантаў. А колькі іх цяпер навучаецца ў БДУКМ? Ці паспяхова дзейнічае савет па абароне дысертацый, створаны пры ўніверсітэце?

— На сёння ў нас у дактарантуры і аспірантуры навучаецца 186 чалавек, з якіх 10 — дактаранты, 89 —

аспіранты Беларусі, а 87 — аспіранты з Кітайскай Народнай Рэсбублікі. Наш Савет па абароне дысертацый па культуралогіі і мастацтвазнаўстве, згодна з данымі Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь, з’яўляецца адным з пяці найбольш эфектыўных саветаў краіны. Таксама ў нас працуе Савет па абароне дысертацый па тэорыі, методыцы і арганізацыі сацыяльна-культурнай дзейнасці і бібліятэказнаўстве, бібліяграфазнаўстве і кнігазнаўстве. Работы спецыялістаў, якія абараняюцца ў БДУКМ, вылучаюцца якаснай распрацоўкай навуковых тэм, што пацвярджаецца высокімі ацэнкамі экспертаў з іншых навучальных і навукова-даследчых устаноў Беларусі.

— А якая тэматыка кандыдацкіх і доктарскіх работ пераважае ў Савеце па абароне дысертацый? На якія навуковыя і даследчыя праблемы ў сферы культуры звяртаецца найбольшая ўвага?

— Найбольш спецыялістаў абараняюцца па спецыяльнасцях “Тэорыя і гісторыя мастацтва”, “Тэорыя і гісторыя культуры”, найменш — па бібліятэказнаўстве. З найбольш цікавых дысертацый апошняга часу магу адзначыць работы Алены Пагоцкай “Мастацка-стылявая эвалюцыя сцэнічнай прасторы і тэатральных збудаванняў у Беларусі канца XVI — пачатку XX стагоддзя” і Марыны Татарэвіч “Культурная інтэграцыя носьбітаў мусульманскай традыцыі на тэрыторыі Беларусі”. Таксама ў нас абараняюцца і замежныя спецыялісты, напрыклад, з Кітайскай Народнай Рэспублікі.

— Наколькі я ведаю, цяпер у вас ёсць планы па стварэнні яшчэ аднаго навуковага часопіса. Магчыма, у ім былі б дарэчы і навуковыя публікацыі аўтараў рэгіянальнай сферы культуры?

— Так, на сёння ў нас ёсць “Веснік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў”, а з восені гэтага года мы мяркуем выдаваць яшчэ адзін навуковы часопіс “Арт-форум”, дзе будзем публікаваць матэрыялы з галіны тэорыі і гісторыі культуры, тэорыі і гісторыі мастацтва. Гэты часопіс будзе, у першую чаргу, друкаваць работы нашых аспірантаў і магістрантаў, але ж, натуральна, мы адкрыты да супрацоўніцтва і з рэгіянальнымі аўтарамі. Галоўнае, каб навуковыя артыкулы былі якасныя, цікавыя, напісаныя на высокім навуковым узроўні. Дарэчы, мы таксама выдаём і навуковую літаратуру. Напрыклад, нядаўна з друку выйшла калектыўная манаграфія “Ацэнка эфектыўнасці дзейнасці бібліятэк па стварэнні электронных інфармацыйных рэсурсаў”, падрыхтаваная супрацоўнікамі нашага ўніверсітэта.

— А наколькі гэтая і іншыя вашыя выданні запатрабаваны ў рэгіёнах? Ці ідзе абмеркаванне ўзнятых вашымі спецыялістамі праблем у рэгіянальных установах культуры — музеях, бібліятэках, СДК ці РДК?

— Думаю, нашы публікацыі, нашы кнігі па розных тэмах культурнага жыцця Беларусі знаходзяць важкі водгук у рэгіянальных установах культуры, у тых жа раённых бібліятэчных сістэмах. Сведчанне гэтаму — павелічэнне попыту на нашых спецыялістаў у рэгіёнах ад работадаўцаў, бо часта на аднаго спецыяліста паступае адразу некалькі, а то і пяць-сем заявак. Гэта сведчыць пра тое, што ў рэгіёнах ведаюць пра нашы дасягненні, пра нашу навуковую базу, пра тыя навуковыя веды, якія мы перадаём нашым студэнтам, робячы з іх высакакласных і запатрабаваных спецыялістаў, здольных да аналізу тых ці іншых праблем і пытанняў сферы рэгіянальнай культуры.

— А ўвогуле, наколькі моцная сувязь БДУКМ з рэгіёнамі, з установамі культуры? Ці ладзіце вы сумесныя праекты?

— Часам ладзім, хоць, можа, не так часта, як хацелася б. Напрыклад, нядаўна, 25 чэрвеня, у Барысаве, сёлетняй Культурнай сталіцы Беларусі, ладзілася канферэнцыя “Падтрымка моладзевых ініцыятываў і стартапаў у сферы культуры ў дзяржавах— удзельніцах СНД”. Мерапрыемства прайшло ў рамках правядзення Міжнароднай выставы “ART EXPO” дзяржаў-удзельніц СНД. Мы з’яўляліся адным з арганізатараў названай канферэнцыі, на якой ўдзельнікі — а гэта студэнты, выкладчыкі ВНУ сферы культуры, прадстаўнікі СМІ і грамадскіх арганізацый з многіх краін, — змаглі абмеркаваць шматлікія праблемныя пытанні, метады і вопыт падтрымкі моладзевых ініцыятываў і стартапаў у сферы культуры ў дзяржавах — удзельніцах СНД.

— Там, на канферэнцыі, былі прадэманстраваны і тыя іміджавыя праекты, у якіх удзельнічае Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў?

— Так, мы паказалі калегам з розных краін два сваіх праекты. Першы, пад назвай “Беларуская дуда” прадэманстраваў кандыдат мастацтвазнаўства, вядучы навуковы супрацоўнік універсітэта Аляксандр Сурба. Другі міжнародны выставачны праект называецца “108 хвілін. Дарога ў космас”, быў прысвечаны 60-годдзю з часу першага палёту чалавека ў касмічную прастору. Гасцям канферэнцыі гэты праект прэзентавала студэнтка БДУКМ Наталля Трус. Названы праект, да слова, быў рэалізаваны сумесна ўстановамі і арганізацыямі Беларусі і Расіі пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі, пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь, Расійскага цэнтра навукі і культуры ў Мінску. На выставе ў Нацыянальным гістарычным музеі былі прадэманстраваны ўнікальныя артэфакты, якія выкарыстоўвалі падчас сваіх касмічных палётаў Юрый Гагарын, Валянціна Церашкова, а таксама экспанаты, якія расказвалі пра Пятра Клімука, Уладзіміра Кавалёнка, Алега Навіцкага — ураджэнцаў Беларусі, якія таксама неаднойчы пабывалі ў космасе.

— Нядаўна я быў на рэспубліканскім семінары, што ладзіўся ў сценах БДУКМ. Напрыканцы мерапрыемства гасцям паказалі музейную экспазіцыю “Скарбы мастацтваў: сувязь часоў”. Гэта таксама частка навуковай дзейнасці ўніверсітэта?

— Так, безумоўна. Аснову названай вамі музейнай экспазіцыі, якую мы адкрылі 14 чэрвеня, складаюць творы розных відаў мастацтва: музыкі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, мастацтва кнігі, створаныя як у розных жанрах і тэхніках, так і ў розныя перыяды гісторыі. У музейнай экспазіцыі прадстаўлены гістарычныя экспанаты, сабраныя Навукова-метадалагічным Цэнтрам традыцыйнай беларускай культуры і работы студэнтаў — стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, лаўрэатаў міжнародных конкурсаў і дыпламантаў рэспубліканскіх выстаў.

— І апошняе. Калісьці мы друкавалі шмат матэрыялаў пра навуковыя даследаванні, зробленыя ў БДУКМ. Магчыма, вашым выкладчыкам было б цікава апублікаваць у “К” свае артыкулы, пазнаёміўшы нашых чытачоў з апошнімі дасягненнямі спецыялістаў?

— Безумоўна, мы будзем рады супрацоўніцтву з газетай “Культура”. У нас сёння на кафедрах распрацоўваюцца 24 навуковыя тэмы, таму, мяркую, расказаць і прадэманстраваць свае знаходкі і дасягненні на старонках рэспубліканскага друку будзе рады кожны выкладчык нашага ўніверсітэта.

Фота аўтара і з сайта БДУКМ

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"