“Тэт-а-тэт” з “эгаістам”

№ 26 (1517) 26.06.2021 - 03.07.2021 г

Ля самавара — ад старажытнасці да сучаснасці
Са стварэннем у Бабруйску мастацкага музея пачаўся працэс вяртання на малую радзіму аб’ектаў творчасці мастакоў — выхадцаў з нашага гораду. У музеі прайшлі выставы такіх вядомых бабруйчан як заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Людвіга Асецкага, лаўрэата Міжнароднай прэміі імя Мікалая Рэрыха Іосіфа Капеляна, Леаніда Марчанкі і іншых творцаў, у прыватнасці, расійскіх... А зараз для нашых наведвальнікаў адкрыта выстаўка калекцыянера і стваральніка самавараў Андрэя Сайкова, ураджэнца Бабруйска, а цяпер жыхара Тулы. Экспазіцыя адлюстроўвае эстэтычныя, канструктыўныя і тэхналагічныя асаблівасці вытворчасці самавараў за больш чым сто пяцьдзясят гадоў.

Паказ вялікай калекцыі самавараў — падзея незвычайная. Яе падрыхтоўка, ад ідэі да рэалізацыі, працягвалася каля года. У выніку выстава ў Бабруйскім мастацкім музеі стала вытанчаным падарункам для бабруйчан да Дня горада.

/i/content/pi/cult/856/18185/11_1.jpg

Экспазіцыю складаюць больш за пяцьдзясят самавараў. Прадстаўлены многія вядомыя тульскія брэнды канца XIX — пачатку XX стагоддзяў, работы эдынбургскіх і іранскіх майстроў і, вядома, сучасныя, сярод якіх самавары працы самога Андрэя Сайкова. Калекцыя дапоўнена відэафайламі: выявамі самавараў з музейных збораў з апісаннем іх асаблівасцяў і рэпрадукцыямі карцін на “самаварную” тэму. Гэта не толькі зрабіла экспазіцыю больш цікавай, але ўзмацніла ўражанне ад прадстаўленай разнастайнасці экспанатаў і стала дадатковым пацвярджэннем мастацкай значнасці калекцыі. Дзякуючы ілюстрацыям, гутаркі з наведвальнікамі пра самавары засноўваюцца не толькі на прадметах экспазіцыі, але і дазваляюць разглядаць многія факты і тэхнічныя тонкасці самаварнай справы.

Займаецца Андрэй Сайкоў самаварамі ўжо шмат гадоў. Спачатку было захапленне іх прыгажосцю, якое непрыкметна перарасло ў калекцыянаванне, затым дадаліся рамонт і аднаўленне, а далей — адкрыццё ўласнай невялікай самаварнай вытворчасці. І вось зараз, як цалкам заканамерны крок, імкненне паказаць людзям сабраныя скарбы — вынікі творчасці многіх майстроў, сапраўдны брэнд рускай культуры.

/i/content/pi/cult/856/18185/11_2.jpg

Па сваім прызначэнні самавары неаднастайныя і прыстасаваны не толькі пад чайныя цырымоніі, хоць у экспазіцыі большасць самавараў звычайныя — жаравые. Ёсць прыклады еўрапейскіх бульётак з награваннем “тулава” размешчанай знізу спіртавай гарэлкай. Фантан-самавары, па канструкцыі аналагічныя антычным аутэпсам і прызначаныя для разагрэву або ахалоджвання напояў. У некаторых жаравых самавараў адсутнічае кран, яны нагадваюць кітайскія самавары “хо-га” і могуць выкарыстоўвацца ў кулінарыі самым шырокім чынам. Еўрапейскае паходжанне маюць самавары-кафейнікі. Звяртае ўвагу дзяленне экспанатаў па аб’ёме. Вылучаецца манументальнасцю трохведзерны тракцірны “самавар-звон”, захапляюць сваім вытанчанасцю самавары — “тэт-а-тэт” і “эгаісты”, разлічаныя на адну-дзве шклянкі гарбаты.

Сярод эстэтычных асаблівасцяў самаварнай вытворчасці прыярытэтнай з’яўляецца форма, яе бясконцую разнастайнасць з выкарыстаннем самых розных крыніц, як бездакорныя геаметрычныя аб’ёмы, прадметы жывой прыроды, вырабленыя ў розных культурах ўзоры посуду. Пры падрыхтоўцы выставы Сайкоў ставіў задачу максімальна паказаць гэту разнастайнасць. І ў экспазіцыі мы бачым у аснове фармальных рашэнняў самавараў цыліндр, шар і конус — дасканалыя геаметрычныя аб’ёмы; яйка, груша, жалуды — прыгожыя прыродныя аб’екты; разнастайныя пазнавальныя рукатворныя прадметы — звон, бочачкі, рондалі, чаркі і кубкі самага звычайнага і незвычайнага выгляду, антычныя кратэры, гідрыі і ойнахоі.

Акрамя гарманічнай формы, пры стварэнні кожны самавар імкнуліся ўпрыгожыць унікальнымі адлітымі і каванымі дэталямі, дзякуючы чаму многія вырабы атрымаліся непаўторнымі, у некаторых сценкі “тулава” ўпрыгожаны чаканкай ці цэзаліроўкай. Разнастайныя ножкі самавараў: у некаторых ажурныя выгнутыя, у іншых — цяжкія. Да прыкладу, у выглядзе чарапахі, што нібы зямлю нясе на сваёй спіне велічную канструкцыю. Вытанчанасць і своеасаблівасць самаварам надаюць незвычайныя ручкі: адны адлітыя ў выглядзе льва ці стылізаваных элементаў расліннага арнаменту з ужываннем дэталяў з дрэва або косці, іншыя выгнутыя падобна шыі лебядзей. Упрыгожаны ажурнымі завіткамі галінкі кранаў, з фантазіяй выкананы ўсе, нават самыя маленькія дэталі. Менавіта ў дэталях найбольш прыкметны ўплыў, які змяняў адзін аднаго, адлюстраванне прынятых у мастацтве канонаў і адпаведны творчай самабытнасці многіх пакаленняў майстроў самаварнай справы.

Разнастайнасць формаў, канструктыўных асаблівасцяў, мастацкіх рашэнняў зачароўвае, але гэтым выстава не вычэрпваецца. Вытворчасць Андрэя Сайкова абапіраецца на традыцыі, якія складваліся стагоддзямі. Ад вырабу да вырабу працягваецца пошук формаў, лёгкасці і вытанчанасці дэталяў. Аднак, кожная эпоха, па меры тэхналагічнага развіцця, прыўносіць у вытворчасць самавараў нешта сваё, непаўторнае і арыгінальнае. Не стаў выключэннем і наш час. І адным з навадзелаў стаў самавар-віцязь у выглядзе галавы волата з паэмы Аляксандра Пушкіна. Наколькі гэты досвед апынецца ўдалым — пакажа час. Але ў любым выпадку — творчы пошук неабходны.

Выстава Андрэя Сайкова ў Бабруйскім мастацкім музеі прапануе пазнаёміцца з найцікавым напрамкам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, ацаніць прыгажосць самавара і адчуць яго значэнне ў жыцці кожнай асобнай сям’і. Тое, як яго цяпло, не толькі фізічнае, але і душэўнае, якое дарыў ён сваім гаспадарам, прыўносіла ў іх побыт часцінку радасці ад штодзённых чаяванняў, якія аб’ядноўвалі людзей, умацоўваючы сямейныя сувязі, напаўнялі іх жыццё адзінствам і сардэчнасцю.

Генадзь БЛАГУЦІН, старшы навуковы супрацоўнік Бабруйскага мастацкага музея

Фота Вячаслава Аўсюка