Наш беларускі скансен у параўнанні з аналагічнымі музеямі свету яшчэ даволі малады — напрыканцы 1976 года была прынята пастанова аб стварэнні Музея народнай архітэктуры і побыту, а адкрыты для наведвальнікаў ён быў у 1985 годзе. Але яшчэ ў 1908-м знакаміты беларускі мастак Фердынанд Рушчыц здзейсніў першыя спробы арганізаваць такі музей, вяртаўся да ідэі і на пачатку 30-х — хацеў тады зладзіць беларускі скансен пад Вільняй. У сярэдзіне мінулага стагоддзя ў грамадстве БССР ужо было ўсведамленне, што з развіццём будаўніцтва і прамысловасці з’явілася рэальная пагроза страты помнікаў драўлянага дойлідства і народнай матэрыяльнай культуры, у выніку чаго музей і з’явіўся.
Можна сказаць, што ён усё яшчэ фарміруецца: калекцыі і будынкаў, і этнаграфічных рэчаў працягваюць папаўняцца. На гэты момант тэрыторыя падзелена на сектар “Цэнтральная Беларусь”, дзе сабраныя хаты, гаспадарчыя пабудовы, храмы, цэлыя вуліцы, і пакуль часткова створаныя сектары “Паазер’е” і “Падняпроўе”. Пярлінай архітэктурнага збору Падняпроўя можна назваць менавіта тую царкву, у якую мы зазірнём на новую выставу “Беларускія народныя касцюмы”, — драўляную Свята-Праабражэнскую царкву, пабудаваную ў вёсцы Барань Аршанскага раёна ажно ў 1704 годзе, гэта значыць чатыры стагоддзі таму! Вядучы навуковы супрацоўнік музея Аляксей Друпаў лічыць, што па сваёй архітэктоніцы — ярусна-цэнтрычнай — гэта тыповы беларускі храм, адрозны ад праваслаўных расійскіх ці ўкраінскіх. Калісьці такіх цэркваў, натуральна, было нямала, але ж дрэва не такое трывалае, як камень, і на гэты момант на ўсю краіну ў нас захаваўся толькі адзін падобны храм — менавіта гэты, унікальны, з вёскі Барань, і ўбачыць яго цяпер можна ў Строчыцах.
Архітэктурная рэстаўрацыя Спаса-Праабражэнскай царквы, перавезенай у музей пад Мінскам у 80-я гады, была скончана ў 2016 годзе, і храм адкрылі для наведвальнікаў. Цяпер стаіць задача аднавіць у храме інтэр’ер, стварыць іканастас згодна гістарычнай праўдзе. Гэта вельмі грунтоўная, у першую чаргу навуковая праца. А пакуль царква стала выдатнай прасторай для выстаў. І вось напярэдадні лета там адкрылася вялікая яскравая экспазіцыя “Беларускі народны касцюм”. Многія музеі збіраюць свае падобныя калекцыі — у кагосьці яны больш значныя і каштоўныя, у кагосьці менш. Тое, што зараз можна ўбачыць у Строчыцах, сабрана менавіта супрацоўнікамі Музея народнай архітэктуры і побыту за 40 з лішнім гадоў. Цікава, што ў Беларусі гэтая выстава паказваецца ўпершыню, але тры гады таму яна з поспехам экспанавалася ў знакамітым польскім сельскагаспадарчым музеі Кшыштафа Клюка ў гарадку Цеханавец на Беласточчыне. Наш музей і польскі — які таксама часткова скансен — сябруюць і нярэдка абменьваюцца выставамі.
Дык вось, што можна пабачыць, завітаўшы ў старажытную царкву ў Строчыцах? Такія багатыя на касцюмы выстаўкі здараюцца нячаста, далёка не кожны краязнаўчы музей здольны на падобнае. Звычайна, калі ўдаецца паказаць хаця б тры-чатыры поўныя камплекты, то і гэта ўжо выдатна, а строчыцкі музей выстаўляе ажно 20 поўных камплектаў — 20 манекенаў, апранутых цалкам, і гэта касцюмы з ўсіх шасці этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі. Натуральна, касцюм з Падзвіння вельмі значна адрозніваецца ад касцюма з Заходняга Палесся ці з Падняпроўя — выстаўка вельмі разнастайная, экспанаты непадобныя адзін да аднаго, калі толькі яны не суседскія па геаграфіі, не з аднаго рэгіёна. Напрыклад, кобрынскі строй і маларыцкі на выставе — абодва з Заходняга Палесся, і там і там у аздабленні дамінуе палоска. Але ж палоскі розныя — дзе шырокія, а дзе вузкія, дзе гарызантальныя, дзе вертыкальныя. Розныя і наміткі, і манера іх навівання... Увогуле, касцюмы многасастаўныя, са шматлікіх дэталяў — разглядаць і разглядаць.
І хоць як ва ўсіх падобных экспазіцыях дамінуюць жаночыя строі, ёсць і мужчынскія — “мужыцкія”, як кажа навуковы супрацоўнік Аляксей Друпаў:
— Звычайна куды ні прыдзеш на выставу народнага касцюма, там адно толькі жаночыя. Зразумела, яны ярчэйшыя, прыгажэйшыя, іх збіралі ў першую чаргу. Але ж і мужчыны сваім адзеннем вызначаліся. Няхай нагавіцы ва ўсіх рэгіёнах збольшага былі падобныя — сукно альбо лён, але ж кашулі, паясы, абутак мелі свае асаблівасці ў залежнасці ад рэгіёна. Мы паказалі і два мужыцкія камплекты.
Усе прадметы, уся вопратка мае як мінімум стогадовы ўзрост. У сэнсе — усё гэтае адзенне насілі рэальныя людзі ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя. Як зазначае Аляксей Друпаў, народны касцюм — настолькі архаічная і кансерватыўная рэч, што на працягу стагоддзяў ён змяняўся вельмі павольна, а беларускія строі ўжо выразна сфарміраваліся ў сярэднявеччы. І толькі ў ХХ стагоддзі, калі на вёску прыйшлі гарадскія павевы, гарадскія матэрыялы і моды, змены ў адзенні пачалі адбывацца хутка. А тое, што на выставе ў музеі вопратка менавіта канца XIX стагоддзя, а не старэйшая, тлумачыцца толькі часам, калі музейныя супрацоўнікі пачалі яе збіраць — гэта канец 70-х і далей: што яны тады маглі яшчэ знайсці ў належным стане, тое і знайшлі.
Як ні дзіўна, яшчэ і зараз удаецца прыдбаць для музея нешта старадаўняе і сапраўднае. Як расказаў Аляксей Друпаў, ужо сёлета, у 21-м годзе, ён сам у Пружанскім раёне знайшоў намітку, а іншы супрацоўнік музея — Алег Аксючыц — з’ездзіў да свайго дзеда ў вёску Сакавічы Лагойскага раёна ды прайшоўся па хатах: прывёз адтуль адметны “пінжак” — як сто гадоў таму казалі, кашулю ўжо з крамной тканіны з вышыўкай крыжыкам і тыповы для Паазер’я пояс — віты шнур. На выставе можна ўбачыць і каштоўныя творы, што музею перадала Валянціна Якімаўна Філіпчык са Светлагорскага раёна. Яна працавала бібліятэкарам і сама збірала пры бібліятэцы этнаграфічны музейчык. Бібліятэку зачынілі, і ў Валянціны Якімаўны паўстала пытанне, куды падзець сабраныя ёй экспанаты, — яна прапанавала іх Музею народнай архітэктуры і побыту. І там аказаліся фантастычныя, паводле выразу Аляксея Друпава, рэчы: менавіта ад яе на выставе — калінкавіцкі строй і гарсэт, што вісіць асобна. Калісьці адзенне належала цёткам Валянціны Якімаўны, што мелі прозвішча Гвоздзь.
А найбольш архаічнымі, найбольш старымі на выставе можна назваць ужо згаданыя раней кобрынскі і маларыцкі жаночыя строі. Кашулі пухавіцка-асіповіцкага строя датуюцца прыкладна 1910 годам, пояс на столінскім мужчынскім строі — касцюме маладога ў дзень вяселля — зроблены ў вельмі архаічнай тэхніцы пляцення на сцяне, якая з’явілася яшчэ раней за ткацтва, — ён таксама з пазамінулага стагоддзя.
Трэба зазначыць, што выстава не абмяжоўваецца толькі манекенамі з поўнымі камплектамі касцюмаў — многія прадметы адзення размешчаны на вітрынах, на сценах. Этнаграфічная калекцыя музея ў прынцыпе вельмі багатая: і адзення, і галаўных убораў, і абутку. Так, асобна выстаўлены гарсэты. У кожнага прадмета ўвогуле ж свая гісторыя — і стварэння, і ўжытку, у кожнага чалавека, што гэта насіў, свая гісторыя. І музейшчыкі вельмі імкнуцца яе разгадаць, даведацца сакрэты, схаваныя ў атрыманай для музея рэчы. Дык вось, сярод выстаўленых гарсэтаў ёсць адзін з вёскі Цярэблічы Столінскага раёна. І на гэтым гарсэце нашытыя польскія вайсковыя гузікі.
— Калі мы вывозілі выставу ў Польшчу, месцічы вельмі дзівіліся на гэтыя гузікі. А яны, хутчэй за ўсё, менавіта з 1916 — 1921 гадоў, бо толькі тады яны ўжываліся ў легіёнах Пілсудскага, — расказаў Аляксей Друпаў.
Дарэчы, на выставе экскурсаводы гатовыя расказаць пра кожны касцюм, пра кожны экспанат — бо ёсць што.
Заехаўшы летам у Строчыцы і зайшоўшы на выставу касцюма, там жа, у Спаса-Праабражэнскай царкве, можна будзе ўбачыць і іншую адметную экспазіцыю: у правым крыле царквы месціцца адзенне, а ў левым — выстава “Сакральная культура ў народным побыце Астравецкага раёна”. У планах гэтую галерэю выкарыстаць пад выставу керамікі.
Фота прадастаўлены Беларускім дзяржаўным музеем народнай архітэктуры і побыту