Музычны “уік-энд” у Паставах

№ 25 (1516) 19.06.2021 - 26.06.2021 г

Кожнае мястэчка нашай краіны мае свае адметнасці, якія вельмі дарагія мясцовым жыхарам, і якія могуць прыемна ўразіць гасцей гэтага кутка. Так і на Беларускім паазер’і, горад Паставы слынны сваёй адметнай прыродай, прыгожай архітэктурай, вядомымі людзьмі, якія нарадзіліся тут раней, і сучаснікамі, якія ўмеюць цаніць і працу, і адпачынак. Міжнародны фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”, які прайшоў у гэтым горадзе ў 31 раз, усё гэта толькі пацвярджае.

Доўжылася падзея з 11 па 13 чэрвеня. Узгадалі на фестывалі і знакамітых прашчураў Пастаўшчыны — У. Дубоўку, А. Тызенгаўза, А. Ромера, і сучасных мясцовых творцаў. Асноўнымі падзеямі сталі традыцыйны конкурс “Хто каго?”, на якім спаборнічалі запрошаныя музычныя калектывы, “горад майстроў” і выстава сельскіх падворкаў, адкрыцце фэсту і галаканцэрт.

Праз старшыню пастаўскага райвыканкама Сяргея Чэпіка, вітальнае слова ўдзельнікам фестывалю перадаў міністр культуры Анатолій Маркевіч: “Час паказаў, наколькі запатрабавана і ў аматараў народнай музыкі і творчасці, і ў гледачоў такое яскравае, маючае сваю адметную непаўторнасць і хараство свята народнага мастацтва. Прыемна, што ваш выдатны фестываль мае свае творчыя традыцыі і сваю верную, адданую аўдыторыю. Штогод ён збірае найлепшыя творчыя калектывы з усіх рэгіёнаў Беларусі і краін замежжа, шчодра дорыць жыхарам і гасцям горада радасць сустрэчы з сапраўдным мастацтвам”.

/i/content/pi/cult/855/18156/5_1.jpg

Фестываль, фестываль...

Музычнае свята на Пастаўшчыне сапраўды добрая нагода, каб збіраць сяброў. За ўсю гісторыю тут пабывалі дылегацыі з больш чым 20 краін свету. У іх ліку і краіны не блізкага замежжа, такія, як Венесуэла, Індыя, Куба, Ізраіль, і таксама бліжэйшыя суседзі: Украіна, Малдова, Польшча, краіны Прыбалтыкі, Расія. Вось і сёлета паказаць сябе завіталі калектывы з Кітая, Расіі, Туркменістана, карэйскай дыаспары ў Беларусі.

Конкурс “Хто каго?”, дзе выбіралі лепшых музыкаў, судзіла прафесійнае журы. У яго ліку народны артыст Беларусі Яўген Гладкоў, дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя Іосіфа Жыновіча Аляксандр Крамко, выкладчык Наваполацкага дзяржаўнага музычнага каледжа, кампазітар Віктар Малых, саліст Беларускай дзяржаўнай філармоніі Уладзіслаў Плігаўка, дырэктар Віцебскага каледжа культуры і мастацтваў Ірына Абдулаева, дырэктар Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя Антонія Тызенгаўза Анатоль Собаль, настаўнік Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў Валянцін Жагула.

Распачалі спаборніцтва дзіцячыя калектывы. У адным з нумароў дырэктар варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў Юрый Гваздзеўскі акампаніраваў сваім падапечным. Па яго словах, дзецям асабліва важна праявіць свае таленты і таму ён выступае на сцэне менавіта з імі, хаця школа магла сабраць і калектыў з дарослых выкладчыкаў-музыкантаў.

/i/content/pi/cult/855/18156/5_2.jpg

Аляксандр Крамко са сваім аркестрам.

Уразіў публіку нумар сенніцкага дуэта “Пан музыка”, гарманіста Сяргея Пагарэльскага і бубнача Германа Бандарэнкі. Герману толькі 24 гады, і на беларускім бубне ён грае ўсяго год, але рытмы, якія ён задаваў, не маглі не здзіўляць.

На так званых кітайскіх цымбалах — гучэн, цудоўна адыграла студэнтка Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта Чэнь Сыін. Дзяўчына вырашыла звязаць лёс з музыкай, і з’яўляецца пераможцай конкурсаў рознага ўзроўню ў Кітаі, удзельнікам рэспубліканскіх фестываляў замежных студэнтаў у Беларусі.

А вось госць з падмаскоўнага Пушкіна, горада-пабраціма Пастаў, Аляксандр Малькоў удзельнічае ў фестывалі ўжо тройчы. На сцэне ён граў сольна на баяне. Вядома, атрымалася цудоўна, бо Аляксандр прафесійны баяніст-акампаніатар. Некалькі гадоў таму ён у складзе ансамбля “Мяцеліца” ўзяў прызавое месца на Пастаўскім фестывалі.

Тройчы на фэсце — і ансамбль настаўнікаў музычнай школы з аграгарадка Мірнага, што пад Баранавічамі, “Бон-Тон”. Публіку яны ўразілі апрацованай на беларускі матыў мелодыяй “Хава-нагіла”. Як паведаміў адзін з кіраўнікоў калектыву Андрэй Шуста, сярод іх калектыву няма выпадковых людзей, ва ўсіх ляжыць душа да музыкі. Гэтаксама і ў працы з дзецьмі. Іх ансамбль для малечы “Званочак” стварыў у 1990 годзе выкладчык музыкі Сяргей Белановіч, і было б цудоўна, сказаў ён, калі б у наступны раз на гэту сцэну запрасілі і яго.

На чале свайго ансамбля “Стрэчанне” заліхвацкімі прыпеўкамі сыпала Святлана Ціхіня з Мазыра. У іх калектыву багатая трыццацігадовая гісторыя. Выбірае Святлана для выступленняў у асноўным беларускую народную творчасць.

/i/content/pi/cult/855/18156/5_3.jpg

У горадзе майстроў.

Высокую канкурэнцыю падтрымаў і Аляксандр Кавалёў, кіраўнік горацкага ансамбля “Жывіца”. Для іх гэта не ў першыню, бо на некаторых конкурсах яны гралі зусім без суправаджэння адмысловай гукавой апаратуры, і нават бралі Гран-пры. Хаця калектыў аматарскі, бо ўдзельнічаюць у ім людзі розных прафесій.

Загучалі на ўсю моц і студэнты мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў у складзе цымбальнага ансамбля “Ліра”. Па прызнанню яго кіраўніка Зміцера Стэльмаха, цалкам выпадкова была абрана для выступлення апрацоўка народнай песні “Цячэ вада ў ярок”, што стварыў Аляксандр Крамко для свайго аркестра імя Жыновіча, які да таго ж быў у журы. Таму ўсе асабліва і хваляваліся пры выкананні твора перад яго аўтарам. У калектыве моладзь творчая, і ёй падабаецца граць і эстрадную, і класічную і, канечне, беларускую музыку, асабліва, калі яна апрацавана на сучасны лад. Ансамбль не аднаразова прадстаўляў краіну на шматлікіх замежных днях беларускай культуры.

А пакуль доўжыўся конкурс у Доме культуры, на гарадской плошчы праходзіла выстава майстроў віцебскай вобласці. Вось, напрыклад, Таццяна Пётух, загадчыца пастаўскага Дома рамёстваў распавяла, што разам з ёй 7 чалавек займаецца саломапляценнем, бісерапляценнем, шые народныя строі, вырабляе маляванку і выцінанку. Сама яна працуе ў Доме рамёстваў з дня адкрыцця ўстановы ўжо 13 гадоў.

Лепш за ўсё частавалі гасцей на варапаеўскім падворку. Таксама іх культурная праграма больш за ўсё спадабалася высокаму журы, у складзе якога былі начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Карповіч, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, першы сакратар пасольства Расіі ў Беларусі Раман Хасіеў, пасол Францыі ў Рэспубліцы Беларусь Нікаля дэ Буян дэ Лякост. Насамрэч, высокае прадстаўніцтва!

На адкрыцці фестывалю суботнім вечарам майстар-клас паказаў баяніст-імправізатар Уладзіслаў Плігаўка. Яго творчы шлях таксама распачаўся з фестывалю “Звіняць цымбалы і гармонік”. Калі хлопцу не было яшчэ і 8 гадоў, ён з поспехам паказаў сябе на мясцовай сцэне, і яго на ўсё жыццё ўразіла атмасфера выступлення. Цяпер, у свае 35 гадоў, віртуоз Уладзілаў Плігаўка лаўрыят больш як 30 міжнародных музычных конкурсаў.

/i/content/pi/cult/855/18156/5_4.jpg

Цымбальны ансамбль “Ліра”.

Завяршыўся святочны дзень канцэртам эстрадных выканаўцаў, вогненным шоу, салютам і дыскатэкай.

На наступны дзень, у нядзелю, удзельнікам фестывалю прапаноўвалася лекцыя па наданню большага нацыянальнага каларыта музычным калектывам з дапамогай увядзення беларускіх духавых інструментаў. А крыху пазней Аляксандр Крамко на чале аркестра імя Жыновіча выступіў у Пастаўскім касцёле, а на цэнтральнай плошчы гралі ваенныя музыканты.

Працягнулася свята ў гарадскім парку, дзе адбыўся гала-канцэрт удзельнікаў фестывалю. Тут аб’явілі і пераможцаў. Першае месца занялі калектыў “Стрэчанне” з Мазыра, і мінскі цымбальны ансамбль “Ліра”. Ва інструментальнай намінацыі перамог дуэт “Пан музыка”. Лепшая прыпевачніца — Кацярына Радзівілава, сярод дзяцей — Дар’я Гучык.

“Магчыма нашыя патрабаванні да выступоўцаў і былі высакаваты, — падвёў вынік старшыня журы, народны артыст Беларусі Яўген Гладкоў. — Але мы аб’ектыўна глядзелі на правільнасць самой музыкі, таму і хутка адабралі найлепшых. Аднак адзначу, што ўзровень на конкурсе “Хто каго?” быў аднолькава роўны ва ўсіх, слабых нумароў не было. Галоўнае, што фестываль адбыўся. Вельмі важна захаваць яго, бо зараз такога кшталту мерапрыемстваў засталося зусім мала. А каб надалей падтрымаць высокі ўзровень фестывалю, трэба ўвесці папярэдні адбор для выступаючых. Тады і журы будзе складана выявіць пераможцу, і слухач захавае сваю цікавасць”.

Фота аўтара