Чытач — газета — Міністэрства

№ 24 (1515) 12.06.2021 - 19.06.2021 г


— Калегія Міністэрства культуры, што адбылася на прыканцы мая ў Бялынічах, узняла шэраг пытанняў, звязаных з далейшым развіццём бібліятэк. Што вы можаце сказаць на гэты конт?

Жанна САНЬКОВА, выконваючы абавязкі дырэктара ДУК “Бялыніцкая цэнтралізаваная бібліятэчная сетка”:

— Сёння бібліятэкі выконваюць не толькі адукацыйную, культурна-асветніцкую, але і інфармацыйную функцыі. У Бялыніцкім раёне, напрыклад, ва ўсіх 14 бібліятэках ужо ёсць выхад у інтэрнэт. Таксама на калегіі гаварылася пра важнасць карыстання адмысловымі бібліёбусамі. Мы надаем гэтай справе належную ўвагу.

Падкрэслівалі падчас калегіі і вартасць сайтаў бібліятэк, і мы можам сказаць, што наша цэнтральная раённая бібліятэка адна з першых у Магілёўскай вобласці пачала змяшчаць матэрыялы краязнаўчага накірунку. Зараз мы ствараем базу дадзеных “Беларусь памятае. Бялыніцкі раён”, прысвечаную вызваленню нашага краю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

— Ужо вядома культурная сталіца на будучы 2022 год — старажытная Ворша. Што гэтым разам пераважыла, каб аршанцы атрымалі такі высокі статус?

Сяргей ГАРБАЧОЎ, начальнік аддзела культуры Аршанскага райвыканкама:

— Я асабіста прэзентаваў на калегіі ў Бялынічах перавагі нашага горада, і ў выніку гэтым разам ён прыйшоўся даспадобы больш за іншыя 5 куткоў краіны. Так, налета Воршы спаўняецца 955 гадоў, як яна ўзгадваецца ў “Аповесці мінулых гадоў”. А ў 1620 годзе наш горад на Дняпры атрымаў Магдэбурскае права. Толькі ў нас у Беларусі была адзіная праваслаўная лаўра. Мы таксама ганарымся букваром Спірыдона Собаля, надрукаваным тут у 1631 годзе. Ды і па нядаўняй гісторыі менавіта пад Воршай прагрымеў першы залп непераможных “Кацюш”. Таксама на пасяджэнні калегіі я гаварыў пра культурныя мерапрыемствы, якія цэлы год можа прапаноўваць горад. Напрыклад, толькі ў нас у Беларусі на Міжнародны дзень аховы дзяцей праводзіцца свята марожанага і сладкаежак. Больш дэталёва план на будучы год з нагоды набыцця намі статуса культурнай сталіцы будзе распрацаваны ў ліпені.

— Не так даўно Гомель наведала тэатральная камісія з Міністэрства культуры. Што зацікавіла мінскіх гасцей?

Алена МАСТАВЕНКА, дырэктар Гомельскага моладзевага тэатра:

— Да нас насамрэч прыязджала камісія з нагодай паглядзець прэм’еру, спектакль “Смешаныя пачуцці”. Магу адзначыць, што навінка на ўсіх зрабіла самае найлепшае ўраджанне! Рэжысёрам выступіў мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я. Коласа Міхаіл Краснабаеў. Для нас запрашаць пастаноўшчыкаў з іншых месцаў — звычайная справа, бо каманда ў тэатры маленькая. Як можна здагадацца па назве спектакля, ён пра каханне. І заканчваецца шчасліва. А артысты на галоўных ролях, Сяргей Чуграй і Наталля Голубева, адыгралі ролі самым што найлепшым чынам.

Павел САЛАЎЁЎ