Летні баль? Балет!

№ 24 (1515) 12.06.2021 - 19.06.2021 г

Учора ў нашым Вялікім тэатры пачалося 7-е “Балетнае лета”. А каб гледачы і папраўдзе апынуліся на сёмым небе ад шчасця, фестываль адкрыўся “Лебядзіным возерам”, прычым з “заморскім” Прынцам: у партыі Зігфрыда выступіў маскоўскі прэм’ер Дзяніс Родзькін.

/i/content/pi/cult/854/18131/2.jpgЯшчэ большым адкрыццём (асабліва для тых, хто любіць прыходзіць хаця б за паўгадзіны да пачатку) стала фотавыстава “Балет. Міфалагемы” Міхаіла Несцерава. Справа не толькі ў тым, што яе ўрачыстае адкрыццё дало старт усяму фестывалю. А ў тым, што такога балета вы яшчэ не бачылі — хіба што снілі. На гэтых здымках харэаграфія ў поўным сэнсе слова становіцца міфам. Такой жа расплывістай, з мноствам тлумачэнняў, з доўгім шлейфам “пераказаў” — і такой жа вечнай, прыстасоўваючыся да любой сучаснай з’явы. Здавалася б, разгадка вельмі простая: здымкі рабіліся на доўгай вытрымцы. Але тая “размытасць”, што ў звычайным партрэце будзе мінусам, у “партрэце балета” стала плюсам. Бо паспела замаляваць сам рух — не толькі ягоную траекторыю, але і гнуткасць, пластычнасць, сапраўдную магію, літаральна “акіян” пачуццяў, дзе немагчыма правесці графічна дакладную мяжу між хвалямі.

/i/content/pi/cult/854/18131/3.jpgСёння — другі фестывальны паказ “Лебядзінага возера”, цалкам айчынны. Цудоўная нагода для параўнанняў! Не па прынцыпе: “лепш ці горш”, а якімі атрымаліся героі. І потым параўнаць свае меркаванні з тымі, што выкажа ў расійскай прэсе кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар, гісторык балета і крытык Вольга Разанава, запрошаная на наш фестываль з Санкт-Пецярбурга. Дарэчы, сёння таксама раім прыйсці загадзя — амаль за гадзіну да пачатку. Бо ў Камернай зале імя Л. Александроўскай тэатр укараняе новы фармат — лекцыі перад спектаклем. Шаноўная госця раскажа, “Як правільна глядзець балетныя спектаклі”.

Атрыманыя веды можна будзе скарыстаць ў дачыненні не толькі да балетнай класікі, але і да сучасных пастановак. Тым больш, што далей на “Балетным леце ў Вялікім” разгорнецца суцэльны веер нашых нядаўніх прэм’ер. Трэба спадзявацца, гэта будзе не толькі “веерычна”, але і сапраўды феерычна: “Шчаўкунок” у пастаноўцы народнага артыста Беларусі і СССР Валянціна Елізар’ева і два спектаклі маладых харэографаў — “Ганна Карэніна”, асэнсаваная Вольгай Костэль, і “Пер Гюнт”, прачытаны Сяргеем Мікелем.

/i/content/pi/cult/854/18131/4.jpgВы звярнулі ўвагу? Сёлетняе “Балетнае лета”, якога мы так доўга чакалі (нагадаю, летась з-за пандэміі праект не адбыўся), вылучае на першы план не проста новыя, а менавіта сучасныя пастаноўкі. І гэта відавочна не толькі па пераліку фестывальных найменняў, але і па заключным гала-канцэрце, што адбудзецца 17 чэрвеня. Прыадкрыю таямніцу, якая ўзрадуе прыхільнікаў Раду Паклітару і ягонага “Кіеў-мадэрн-балета”. Нягледзячы на тое, што гэты калектыў не зможа прыехаць да нас з некалькімі запланаванымі паказамі, у гала-канцэрце мы ўбачым адзін з прыдуманых Р.Паклітару нумароў — “Трыстан і Ізольда” на музыку Рыхарда Вагнера. Дарэчы, Трыстанам паўстане наш Дзяніс Клімук, які апошнім часам танцуе ў Санкт-Пецярбургскім тэатры імя Л.Якабсона.

Паклітараўскія “адбіткі” можна будзе заўважыць і ў нумарах, пастаўленых Канстанцінам Кузняцовым і Юліяй Дзятко, бо пераважна на гэту зорную пару Раду ў “беларускі перыяд сваёй творчасці” ставіў першыя кампазіцыі і спектаклі.

/i/content/pi/cult/854/18131/5.jpgКожны фестывальны праект — заўжды сустрэча сяброў. Стала добрай традыцыяй запрашаць на “Балетнае лета” нашых артыстаў і выхаванцаў, якія паспяхова працуюць у замежжы і тым услаўляюць беларускую харэаграфічную школу. Вось і цяпер мы ўбачым, напрыклад, Любоў Андрэеву, што стала прымай тэатра Барыса Эйфмана і ўвасабляе ягоную Ганну Карэніну, вельмі адрозную ад нашай. А Ігар Колб з Марыінскага тэатра і колішні выпускнік нашага харэаграфічнага каледжа ўвогуле стаў заўсёднікам фэсту. Гэтым разам ён не толькі выступіць з некалькімі нумарамі, але і правядзе для артыстаў тэатра майстар-клас.

Ды ўсё ж галоўнай мэтай летняга “балю балетаў” застаецца агляд зробленага за апошні час. Таму ў фінальным гала-канцэрце сёлета так многа прэм’ерных ці нядаўна пастаўленых у нас нумароў, што выяўляюць новае, маладое аблічча харэаграфічнай класікі і неакласікі.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"