Зберагчы сляды мінулага ў музейным артэфакце

№ 23 (1514) 05.06.2021 - 12.06.2021 г

Гэтая сфера дзейнасці музеяў зазвычай схаваная ад вачэй наведвальнікаў, але менавіта яна дазваляе ўратаваць найменш пашкадаваныя часам каштоўнасці і прадставіць іх публіцы ў выглядзе, набліжаным да першапачатковага. Кансервацыя і рэстаўрацыя музейных прадметаў — складаны і шматгранны працэс, які пастаянна ставіць адмыслоўцаў перад выбарам найбольш ашчаднага метаду ўмяшання ў жыццё музейнага прадмета і вымагае прыняцця адказных рашэнняў. З якімі выклікамі сутыкаюцца музейныя рэстаўратары ў сваёй дзейнасці, і што неабходна, каб падрыхтаваць добрага спецыяліста ў гэтай важнай сферы?

/i/content/pi/cult/853/18122/026.jpg28 мая на базе Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь адбыўся рэспубліканскі семінар “Айчынная рэстаўрацыя: вопыт і перспектывы”, прысвечаны пытанням захавання, кансервацыі і рэстаўрацыі музейных прадметаў — удзел у мерапрыемстве прынялі вядучыя спецыялісты гэтай галіны. Адкрыццю семінара папярэднічаў агляд часовай экспазіцыі “Мастацтва музейнай рэстаўрацыі” — яна застаецца адкрытай для наведвальнікаў музея да 13 чэрвеня.

Фонды Нацыянальнага гістарычнага музея налічваюць амаль пяцьсот тысяч адзінак захавання, сярод якіх — археалагічныя знаходкі, мэбля, грашовыя знакі, іконы, фотадакументы, кніжныя выданні, музычныя інструменты і гэтак далей. У прапанаванай часовай экспазіцыі можна пабачыць толькі невялікую частку тых артэфактаў, якія здабылі другое жыццё, дзякуючы працы музейных рэстаўратараў. У адпаведным аддзеле музея сёння працуюць пяць адмыслоўцаў, кожны з якіх спецыялізуецца на аднаўленні таго ці іншага віду музейных прадметаў, вырабленых з розных матэрыялаў — твораў тэмпернага і алейнага жывапісу, рэчаў са скуры, металаў, драўніны, фарфору, керамікі.

У экспазіцыі прадстаўлены плён карпатлівай працы спецыялістаў — вернутыя імі да жыцця адноўленыя ўзоры іканапісу XVIII — XIX стагоддзяў, фарфоравы посуд, лялькі, вопратка і абутак. Выстава з’яўляецца своеасаблівай справаздачай аб выніках працы рэстаўрацыйнага аддзела — побач з размешчанымі тут артэфактамі можна пабачыць здымкі, на якіх гэтыя ж прадметы зафіксаваныя ў стане да пачатку рэстаўрацыі, што дае магчымасць кожнаму на свае вочы пераканацца, які аб’ём працы быў здзейснены, перш чым музейныя каштоўнасці змаглі быць прадстаўленыя публіцы.

Хто адказвае за якасць

Абмеркаванне надзённых праблем айчынных музейных рэстаўратараў адкрыў намеснік генеральнага дырэктара па агульных пытаннях і рэстаўрацыі Нацыянальнага мастацкага музея Сяргей Вечар. Менавіта ў гэтай установе сёння працуе колькасна найвялікшая супольнасць рэстаўратараў — дваццаць пяць чалавек. Неўзабаве мусіць быць здадзены новы корпус музея, дзе акурат мае размясціцца яго рэстаўрацыйная служба — гэты адмыслова абсталяваны неабходнымі тэхнічнымі сродкамі будынак мог бы зрабіцца цэнтрам для новай сустрэчы спецыялістаў. Увогуле ж сёння па ўсёй краіне ў васямнаццаці музейных установах працуюць каля васьмідзесяці рэстаўратараў.

Адной з найбольш актуальных патрэб для развіцця галіны Сяргей Вечар назваў вырашэнне пытання аб атэстацыі рэстаўратараў і неабходнасць зацвярджэння дакумента з пералікам канкрэтных кампетэнцый, дзе было б зафіксавана, якімі навыкамі мусіць валодаць рэстаўратар той ці іншай катэгорыі, якія ён мусіць мець адукацыю і досвед працы. Мяркуецца, што зацвярджаць вынікі такой атэстацыі мусіць Рэспубліканская рэстаўрацыйная рада пры Міністэрстве культуры.

Ад фізікі і хіміі — да іканаграфіі

Старшы выкладчык кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Алена Шаціла засяродзіла ўвагу аўдыторыі на спецыфіцы падрыхтоўкі студэнтаў па спецыяльнасці “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (рэстаўрацыя твораў)”. Студэнты кафедры вывучаюць такія дысцыпліны, як матэрыялазнаўства, тэхналогіі кансервацыі і рэстаўрацыі твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і курс аб біяпашкоджаннях музейных прадметаў ды змаганні з імі. Тым не менш, відавочна, што падчас атрымання вышэйшай адукацыі можна набыць толькі пачаткі ведаў і навыкаў па рэстаўрацыі, а сам працэс падрыхтоўкі спецыяліста мусіць быць нашмат больш працяглым і няспынным.

Аб падрыхтоўцы спецыялістаў у галіне рэстаўрацыі на кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў распавяла майстар вытворчага навучання Дарына Даўгадзіліна. Навучанне рэстаўрацыі ў акадэміі пачалося ў 2008 годзе, сёння тут атрымліваюць прафесію тры групы рэстаўратараў, гэта ўжо чацвёрты набор студэнтаў на гэтую спецыяльнасць. Тут вывучаюцца, у тым ліку, такія вузкаспецыяльныя дысцыпліны, як іканаграфія альбо фізіка-хімічныя метады даследавання твораў мастацтва. Вялікая ўвага надаецца навучанню мастацкім дысцыплінам, у тым ліку навыкам капіявання, пераймання і імітацыі аўтарскай манеры пісьма, якія пазней могуць прыдацца ў практычнай дзейнасці пры аднаўленні выяў.

Шэраг спецыяльных дысцыплін скіраваны на навучанне навыкам рэстаўрацыі твораў жывапісу, графікі, скульптуры. Пасля шасці гадоў навучання выпускнікі атрымліваюць кваліфікацыю мастака-рэстаўратара. Дыпломныя работы студэнтаў выконваюцца на базе музеяў, яны складаюцца з дзвюх частак — рэстаўрацыі твораў тэмпернага і алейнага жывапісу і капіявання твораў мастацтва. Так, у мінулым годзе выпускнікі-рэстаўратары ў якасці дыпломнага задання выканалі рэстаўрацыю карцін з фондаў Музея старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук.

Важна дзяліцца досведам

Мастак-рэстаўратар сектара рэстаўрацыі алейнага жывапісу аддзела навукова-рэстаўрацыйных майстэрняў Нацыянальнага мастацкага музея Цімафей Палунін звярнуў увагу на ролю навуковай дзейнасці ў беларускай рэстаўрацыйнай практыцы. Праца арганізацый, майстэрань і асобных адмыслоўцаў часта перадусім засяроджаная на практычнай дзейнасці, накіраванай на атрыманне канкрэтнага выніку ў выглядзе адноўленага музейнага прадмета. Разам з тым, рэстаўратарам не варта таксама грэбаваць навуковай дзейнасцю, дзякуючы якой дасягаецца фіксацыя актуальных праблем і спосабаў іх вырашэння, ведаў аб новых тэхналогіях і методыках працы.

Праблема, аднак, палягае ў тым, што сёння ў айчыннай рэстаўрацыі большасць складаюць спецыялісты з мастацкай альбо будаўнічай адукацыяй, якія часта могуць мець вялікі досвед як рэстаўратары, але прытым не валодаюць неабходнымі навыкамі навукова-даследчай работы. Павысіць свой узровень кампетэнтнасці такі адмысловец можа, атрымаўшы паслядыпломную адукацыю. Сёння мастак-рэстаўратар мае магчымасць палепшыць свае веды і навыкі навукова-даследчай дзейнасці, скончыўшы магістратуру ці аспірантуру па спецыяльнасці “Музеязнаўства, кансервацыя і рэстаўрацыя гісторыка-культурных аб’ектаў (культуралогія)” у Беларускім дзяржаўным універсітэце альбо Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтва.

Рэканструкцыя вобраза

Частка дакладаў была прысвечаная поспехам і дасягненням у практыцы рэстаўрацыі розных відаў музейных прадметаў. Так, мастак-рэстаўратар Нацыянальнага гістарычнага музея Мар’я Нікалайчык распавяла аб рэстаўрацыі вырабаў з фарфору, звярнуўшы ўвагу, што для аднаўлення знешняга выгляду артэфактаў неабходна пільна вывучаць аналагічныя прадметы са збораў іншых музеяў нават за межамі Беларусі, бо часта такія аналіз і супастаўленне дазваляюць выявіць падабенствы, уласцівыя тым ці іншым вырабам, якія маюць падобнае паходжанне і адносяцца да аднаго перыяду.

Мастак-рэстаўратар сектара рэстаўрацыі старажытнабеларускага мастацтва аддзела навукова-рэстаўрацыйных майстэрняў Нацыянальнага мастацкага музея Вольга Міхайлава падзялілася досведам працы па рэстаўрацыі твораў сакральнага мастацтва. Напрыканцы 2019 года была распачатая рэстаўрацыя абраза Маці Божай з немаўлём “Дапамога ў родах” невядомага мастака ХІХ стагоддзя — у зборы музея гэтая ікона паступіла з мытні яшчэ ў 1994 годзе. Алейная выява знаходзілася не ў лепшым стане — фарба, грунт і аснова месцамі расслаіліся, па ўсёй паверхні пад уздзеяннем асяроддзя і ранейшых незадавальняючых умоў захоўвання засталіся ўздуцці і забруджанні.

Для рэстаўрацыі абраза было праведзенае яго ўмацаванне, неабходнае для фізіка-хімічных даследаванняў. Разам з тым, умацаванне праводзілася надзвычай далікатна, каб не ўскладніць далейшае выдаленне пазнейшых напластаванняў — бо, як паказалі даследаванні ў інфрачырвоным, ультрафіялетавым і рэнтгенаўскім выпраменьваннях, першапачатковы абраз некалькі разоў быў непрафесійна замаляваны пазнейшымі выявамі, што прывяло да разбурэння аўтарскага пласта жывапісу. Дзякуючы даследаванням, удалося выбраць методыку выдалення пазнейшых пластоў. Прытым надзвычай важна вызначыць, ці не мае пазнейшы пласт жывапісу каштоўнасці, супастаўнай з арыгінальным — такія рашэнні прымае не асабіста адмысловец, які займаецца аднаўленнем, а рэстаўрацыйны савет.

Як бачым, на сумленні рэстаўратара заўжды ляжыць вялікая адказнасць за тое, якім пабачыць наведвальнік музея той ці іншы экспанат, і ці здолее ён не толькі атрымаць уяўленне аб яго першапачатковым выглядзе, але і адчуць подых стагоддзяў, якія аддзяляюць час узнікнення гістарычнага артэфакта ад нашых дзён, прасачыць гісторыю той ці іншай рэчы альбо твору мастацтва. Надзвычай важна знайсці і захаваць неабходны баланс паміж аднаўленнем музейнага прадмета і захаваннем усіх яго рысаў і адметнасцяў, набытых цягам стагоддзяў. Безумоўна, вырашыць такую задачу па сілах толькі ўсебакова адукаванаму і падрыхтаванаму спецыялісту. Зрэшты, відаць, тыя, хто не лічыць сваю працу справай усяго жыцця, у гэтай сферы наогул не затрымліваюцца. Рэстаўратары — людзі апантаныя і самаахвярныя, таму праца іх вымагае вялікай увагі і пашаны.