“Наша мова — нібыта музыка!”

№ 23 (1514) 05.06.2021 - 12.06.2021 г

11 — 12 чэрвеня пройдзе ХХ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2021”. Праграма, як заўсёды, уключае багата разнастайных падзей, што адбудуцца не толькі ў амфітэатры, але не раўнуючы па ўсім горадзе. Аднак асаблівая ўвага нададзеная дзвюм легендарным постацям — Уладзіміру Караткевічу і Ігару Паліводзе. Іх юбілеі выпалі яшчэ на мінулы год, але пандэмія зблытала планы. Зрэшты, адзначаць такія гадавіны — заўсёды своечасова. Што засведчыць канцэрт адкрыцця, для якога Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі падрыхтаваў адмысловую праграму “Талака”. Пра перадачу нацыянальных музычных традыцый і культурную ды псіхалагічную місію фестывалю мы гутарым з яго нязменным мастацкім кіраўніком — знакамітым маэстра Міхаілам ФІНБЕРГАМ.

/i/content/pi/cult/853/18119/022.jpg— Імя Караткевіча, на шчасце, вядомае кожнаму. А вось творчасць Ігара Паліводы, як мне здаецца, патрабуе папулярызацыі…

— Абсалютна з вамі згодны! Ягоныя цудоўныя творы павінны гучаць адусюль: па радыё, тэлебачанні, на канцэртах… Гэта класіка, “залаты фонд” нашай культуры. Я вельмі ганаруся, што быў з ім побач і магу назваць Ігара сваім сябрам ды паплечнікам. Лічу яго геніям, якога, на вялікі жаль, пры жыцці належным чынам не ацанілі. І заўсёды мяне ўражвала, наколькі гэта рознабаковая ў плане сваёй адоранасці асоба! Як піяніст ён стаў лаўрэатам конкурсу Чайкоўскага — а гэта вельмі дарагога вартае. А потым у даволі маладым веку ўвайшоў у склад ужо тады легендарных “Песняроў” — што таксама пра многае сведчыць, калі ўлічваць патрабавальнасць Мулявіна і яго нюх на таленты.

Ігар заўсёды здзіўляў сваёй грунтоўнасцю, абазнанасцю — ён увесь час прагнуў унутранага развіцця, што вельмі патрэбна для кожнага сапраўднага музыканта. Без перабольшвання, гэта вялікі чалавек, варты самага шырокага ўшанавання ў грамадстве. Думаю, музей, вуліцы, помнік — толькі справа часу: геніяў жа відаць на адлегласці. А пакуль я шчаслівы, што наш калектыў можа зноў звярнуцца да яго творчасці — з прачуласцю і любоўю. Калі ўчора Наташа Тамела спявала на рэпетыцыі песню Паліводы, я, прызнаюся, покрадкам плакаў! Вельмі рады, калі аркестранты — у тым ліку і маладыя — любяць гэтую музыку, разумеюць яе, адчуваюць душой. Зрэшты, я заўсёды казаў, што наш калектыў аб’ядноўвае сапраўдных беларусаў, якія любяць сваю краіну і робяць усё магчымае для яе развіцця.

— Цяперашняя праграма робіцца не на пустым месцы: ваш аркестр у свой час увасобіў многія выбітныя творы Паліводы — згадайма хаця б оперу-песню “Беларушчына” паводле вершаў Янкі Купалы...

— Так, я вельмі ганаруся, што Ігар доўга і плённа працаваў у нашым калектыве, і што менавіта мне давялося рабіць апошні яго аўтарскі канцэрт — напярэдадні заўчаснай смерці.

— Ігар Палівода — творца ва ўсіх сэнсах слова поліфанічны. Ён ствараў як грунтоўныя акадэмічныя творы, гэтак і сапраўдныя шлягеры — не кажучы ўжо пра літаратуру, маляванне ды многае іншае. Можа, вы ведаеце сакрэт, як яму ўдавалася гэта ўсё спалучаць?

— Палівода імкнуўся ствараць сучасную музыку, але пры гэтым грунтаваўся на класіцы. У яго выдатная кансерваторская адукацыя, і менавіта таму ён задаў тую надзвычай высокую планку ў песенным жанры. Толькі калі маеш такі моцны базіс, можаш нечага дасягнуць на эстрадзе. Лічу, гэта запавет для ўсіх музыкантаў. У свой час я шмат гадоў працаваў у цыркавым аркестры, дзе рэпертуар, вядома ж, не можа быць акадэмічным. Але паспяхова ствараючы эмацыйны фон для дзеі на арэне — а працаваць нам давялося, пэўна, з усімі савецкімі зоркамі, — мы заўсёды шукалі і прагнулі той грунтоўнасці, без якой сапраўднай музыкі не бывае. А калі ставіцца да сваёй справы легкадумна, па-рамесніцку, нічога не атрымліваецца. Прыкладаў сёння процьма, але не буду іх тут называць.

— А ці прагучыць сёлета знакаміты фестывальны гімн “Маладзечна”? Бо, як я чуў, раней адносна яго ўзнікалі пэўныя непаразуменні…

— На шчасце, яны ўжо вырашаныя, і песня зойме самае пачэснае месца ў праграме. Падчас ейнага выканання кожнага разу шкадую, што не жыву ў гэтым цудоўным горадзе — настолькі яна прачулая! Асабліва калі яе спявае колішні ўладальнік Гран-пры конкурсу маладых выканаўцаў “Маладзечна” Дзмітрый Качароўскі.

— Менавіта пасля гэтай перамогі ён стаў салістам вашага аркестра — і такі выпадак не адзінкавы. Аднак многія пераможцы, на жаль, сыходзілі ў цень…

— Мабыць, гэта не праблема конкурсу, які мае вялікі аўтарытэт у музычным свеце і сапраўды стаў стартавай пляцоўкай для многіх вядомых спевакоў. Справа ў іншым: трэба, каб за раскрутку і далейшае развіццё тых талентаў, якіх адзначыла кампетэнтнае журы, браліся прафесіяналы — тады і вынік будзе. І кожны павінен памятаць, што гэты конкурс мае эпітэт “нацыянальны”. Ён прышчапляе моладзі любоў да беларускай песні.

— Спалучэнне ў самой назве фэсту музыкі і паэзіі, на мой погляд, вельмі актуальнае. Бо сёння можна сустрэць музыкантаў, якія ледзь не ганарацца тым, што не бяруць у рукі кнігу…

— Не разумею такіх, калі шчыра. Я нарадзіўся ў Беларусі і беларускую літаратуру ведаю з дзяцінства — лічы, выхоўваўся на ёй. А калі потым мне даводзілася асабіста пазнаёміцца з выбітным паэтам або пісьменнікам, заўсёды лічыў гэта вялікім гонарам. Часта ўзгадваю, як Генадзь Бураўкін мяне колісь вучыў: Мішка, вымаўляй гэтае слова іначай, услухоўвайся ў нашу мову — нібыта гэта музыка! І яно сапраўды так — калі сапраўды ўслухаешся!

А як я быў рады магчымасці падоўгу гутарыць з Караткевічам! На той час ён стаў знакамітасцю, у Оперным з поспехам ішла яго “Сівая легенда”, а кнігі разляталіся імгненна. Я наведваў яго ў шпіталі (Уладзімір Сямёнавіч ужо цяжка хварэў) і праседжваў там гадзінамі, слухаючы неверагодныя гісторыі з нашай мінуўшчыны, адкрываў яе для сябе з яго дапамогай. Як уражваў ягоны патрыятызм, любоў да Беларусі! Гэта вельмі на мяне паўплывала, натхніла… І я спрабаваў аддзячыць, ствараючы праграмы на яго магутныя вершы. Калі аркестр не так даўно выконваў гэтыя песні ў Оршы, на радзіме Караткевіча, уся зала плакала. Ніколі раней такога бачыць не давозілася!

Шчаслівы, што мне ў жыцці давялося выканаць столькі цудоўнай беларускай музыкі, напаткаць столькі таленавітых творцаў. Думаю, мала каму ў гэтым плане пашчасціла больш за мяне. Той жа Мулявін і Ігар Палівода… Геніі, якія прымусілі беларускае слова загучаць ва ўсю моц. Хаця яго ў свой час нехта нават саромеўся.

 — Дарэчы, у фестывальнай праграме будзе і сольнік Дзяржаўнага ансамбля “Песняры”…

— Мулявіна ведаў яшчэ з тых часоў, калі гэта быў кампанейскі хлопец з гітарай. Калі я служыў у войску, неяк патрапіў на канцэрт, пасля якога мы і пасябравалі. Колькі ўсяго цікавага і творчага было ў нас за наступныя дзесяцігоддзі — не перадаць словамі. Вельмі рады, што яго неўміручыя песні зноў прагучаць у Маладзечне, на фэсце, які ён вельмі любіў.

— У фестывалю сёлета юбілей, прычым даволі паважны: ён праходзіць у 20-ты раз. На ваш погляд, у каго вырасла гэтае “дзіця” за 28 гадоў свайго веку?

— У вялікае і выкшталцонае свята нацыянальнай музыкі і слова, у сапраўдны фэст беларускага духу. Сёння ў гэта ўжо цяжка паверыць, але раней такой маштабнай імпрэзы, прысвечанай менавіта беларускай песні і слову, у нас не было. Памятаю, калі мы першы раз сабраліся, каб абмеркаваць ідэю фестывалю, многія не верылі, што ён мае вялікую перспектыву. Маўляў, няўжо можна забяспечыць высокі мастацкі ўзровень толькі сваімі сіламі, без замежных зорак? Цяпер над гэтымі сумневамі можна хіба пасмяяцца.

— Вечнае пытанне: як пазбыцца гэтай недаацэнкі сваіх вартасцяў?

— Адказ вельмі просты. Трэба любіць сваё, беларускае. Гэта самае галоўнае, што ёсць у нас у жыцці. Любіць — і рабіць. І верыць у сваю дзяржаву, у наш цудоўны народ.