Мастацтва вандруе без візы

№ 23 (1514) 05.06.2021 - 12.06.2021 г

У сталічным цэнтры сучасных мастацтваў, экспазіцыйная пляцоўка ля плошчы Якуба Коласа, ладзіцца чарговае свята станоўчых эмоцый. Я кажу гэта, бо знаёмства з густоўнымі мастацкімі творамі для людзей з адпаведнымі эстэтычнымі запытамі заўжды свята, асабліва калі ўнутры бракуе іншых падстаў для пазітыўнай ацэнкі рэчаіснасці. Дык вось, гледачу прапануецца міжнародная выстава “Гравюра без межаў”. Так, мастацтву віза не патрэбна.

/i/content/pi/cult/853/18117/019.jpgУ ёй бяруць удзел беларускія мастакі, а таксама іх калегі з Украіны, Латвіі, Чэхіі, Балгарыі, Эстоніі, Літвы, Расіі. Нашых мастакоў абсалютная большасць, ну дык на тое мы і гаспадары. У асноўным аркушы невялікіх памераў, шмат твораў у фармаце экслібрыса. Калі глядзіш на некаторыя прадстаўленыя ў экспазіцыі мініяцюры, не можаш не захапляцца майстэрствам аўтараў, іхняй творчай дысцыплінай, цярплівасцю — бо каб рабіць такое, дык, як сказана ў вядомай песні, “надо быть спокойным и упрямым”. Ад прафесіяналаў, якіх на вернісажы было шмат, можна было пачуць, што тэхнічная дасканаласць у такім малым фармаце дасягаецца сярод іншага праз скарыстанне адмысловых прыстасаванняў — не мікраскопа, зразумела (гэта інструмент навукоўцаў, а не мастакоў), але нейкага ягонага падабенства.

Не так даўно ад вядомага нашага мастака-графіка, чыя зорка запалілася ў 70-я гады, я чуў, што ў сучасным беларускім графічным мастацтве, якое калісьці, дзякуючы Кашкурэвічу, Забораву, Паплаўскаму, стала нашым нацыянальным брэндам, пануе культ майстэрства як самадастатковай каштоўнасці. Вонкава гэта выглядае як спаборніцтва па формуле “хто каго ператочыць” — хто болей уцісне дробных дэталяў у максімальна малую прастору. З’яўляюцца работы, добра разгледзець якія можна хіба пад павелічальнай лінзай. Гэта зусім не тое, што акцэнт на пляму і лінію, на настраёвасць ці, як цяпер кажуць, на атмасфернасць — як было ў спадкаемцаў “суворага стылю”. Дамінуе памкненне здзівіць вытанчанай тэхнікай сваіх калег па творчым цэху і гледачоў, а астатняе, маўляў, неяк прыкладзецца. Гэта калі агульнымі словамі. Але творчая канкрэтыка — справа іншая. Тут усё не так проста.

Высокае майстэрства аўтараў — гэта не адзінае, што вабіць на выставе. У кожнага мастака тут свой вобразны лад і почырк, свая любімая тэма. Украінец Канстанцін Каліновіч у сваіх мініяцюрах асэнсоўвае з сюррэалістычнага гледзішча класічныя вобразы мастацтва Нідэрландаў XVII cтагоддзя. Балгарын Юліян Йорданаў натхняецца антычнай і біблійнай міфалогіяй. Эстонец Лембіт Лыхмус змяшчае ў прастору экслібрыса сваю неабсяжную для патрыёта радзіму — Космас у кроплі расы.

Я не стаўлю мэтай ахарактарызаваць усіх удзельнікаў выставы і засяроджваю ўвагу на тых, хто ў кантэксце экспазіцыі цікавы асабіста мне. З беларусаў я вылучыў бы Льва Алімава, Юрыя Якавенку, Аляксандра Улыбіна, Рамана Сустава. Усе яны акрамя спадара Льва, які трансфармуе рэаліі ў абстрактныя вобразы, прыхільнікі прадметнасці ў фантастычнай аздобе. Вельмі эфектна, у прыватнасці, глядзяцца творы Рамана Сустава — як ілюстрацыі да казак дарослага зместу, якія яшчэ трэба напісаць.

У Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва ўжо было некалькі ўдалых выстаў на эратычную тэматыку. Дадзеная выстава фактычна доўжыць згаданы шэраг. Памятаючы, як цяжка давалася гэтая вечна запатрабаваная, але за савецкім часам жорстка абмежаваная цэнзурай тэма нашым мастакам, выхаваным на ўмоўнасцях “сацрэалізму”; якімі няўцямнымі былі першыя, “перабудовачныя” выставы з эратычным ухілам, мушу адзначыць велізарны прагрэс. Прынамсі, у эстэтычна-канцэптуальным плане нашы творцы сёння выглядаюць не горш за сваіх калег з краін, дзе мастацтва не спазнала брутальнага ціску. Трактаваць жа эротыку можна з пачуццёвага, нейтральнага, іранічнага ці яшчэ якога гледзішча. Прыклады рознабачання на выставе ў наяўнасці.

Паралельна з выставай “Гравюра без межаў” адбываецца персаналія лаўрэата Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва Фёдара Шурмялёва “Эйдас”. Філасофскі тэрмін, які аўтар абраў для назвы экспазіцыі, надзвычай шматзначны. Літаральна ў перакладзе з грэцкай гэта вонкавасць, вобраз, сутнасць. А для тых, каму такога тлумачэння мала, удакладню, што пад эйдасам разумеецца “спосаб арганізацыі аб’екта, а таксама катэгарыяльная структура сярэднявечнай і сучаснай філасофіі, якая інтэрпрэтуе семантыку дадзенага паняцця, адпаведна ў традыцыйным і нетрадыцыйным кантэкстах”. Магчыма вам цікава ведаць, што эйдас валодае мінімальнай этрапіяй і максімальна дастатковай колькасцю інфармацыі ў сабе. Вось пра гэта ўсё і распавядае спадар Фёдар сваёй выставай. Ці спрабуе распавядаць… Я дык эйдасу ў гэтых графічных аркушах не ўгледзеў. А памкненне пераказаць старыя скіфы сучаснымі словамі ёсць. Відаць, не надта свет з часоў Гамэра змяніўся. Дарма, думаеце, Уладзімір Караткевіч назваў адзін са сваіх паэтычных зборнікаў “Мая Іліяда”?

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"