Фестываль як песня

№ 23 (1514) 05.06.2021 - 12.06.2021 г

Апошнімі тыднямі паспяхова прайшоў традыцыйны абласны фестываль фальклорнага мастацтва “Таночак”, арганізатарамі якога выступілі ўпраўленне культуры Брэсцкага аблвыканкама, Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр і Драгічынскі райвыканкам.

/i/content/pi/cult/853/18115/016.jpgСпачатку — пра грошы. Для кагосьці іх недахоп — асноўная прычына, так бы мовіць, фестывальнай пасіўнасці. Нашаму фестывалю такая “хвароба” не пагражае. Упраўленне культуры Брэсцкага аблвыканкама фінансавала харчаванне і ўзнагароды ўдзельнікам фестывалю (дыпломы, ганаровыя граматы і прызы). Драгічынскі райвыканкам узяў на сябе расходы па падрыхтоўцы і рабоце сцэнічнай пляцоўкі і гукаўзмацняльнай апаратуры, набыў падарункі для ўшанавання калектываў сямейнай творчасці…

Вось ужо ў пяты раз у аграгарадку Бездзеж Драгічынскага раёна “Каля плэса” — на падворку музея “Бездзежскі фартушок” — сустрэліся сапраўдныя аматары традыцыйнага мастацтва. На прасторах інтэрнэту адразу зазіхацелі яскравыя, сакавітыя фотаздымкі, якія назаўжды захавалі эмоцыі і ўражанні ад фестывалю.

Як тое было на гэты раз

З самага ранку, нягледзячы на пахмурнае надвор’е, з усіх куточкаў Брэстчыны пачалі з’язджацца фальклорныя гурты — пачаўся сапраўдны фестывальны рух! Падворак ажывіўся і ўпрыгожыўся, нібыта маладая да вянцу, бялёсым колерам касцюмаў са старажытнымі арнаментамі.

На ўваходзе ў падворак удзельнікаў і гасцей свята сустракалі каляровыя плакаты з фотаздымкамі і інфармацыяй аб нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыне Берасцейшчыны. Далей размясціўся “Горад майстроў”, на якім былі прадстаўлены як кулінарныя шэдэўры нашай традыцыйнай кухні, так і самаробныя сувенірныя вырабы на любы густ.

Апоўдні, па складзенай традыцыі, урачыста адчыніла мерапрыемства мясцовая песня “Таночак”, у гонар якой названы фестываль. 12 дзіцячых фальклорных калектываў з хваляваннем чакалі сваёй чаргі выступіць, каб паказаць сваё майстэрства ў танцах і спевах, расказаць местачковыя байкі і казкі. Асабліва хваляваліся тыя, хто ў першыню ўдзельнічаў у фестывалі, і вельмі ўважліва назіралі за тым, што адбываеццаа на канцэртнай пляцоўцы, а тыя, хто тут быў не першы раз, дазвалялі сабе раскошу праехацца на запрэжанай канём брычцы вакол “Бездежскага фартушку”.

/i/content/pi/cult/853/18115/017.jpgМалайчыны — усе

Праз дзве гадзіны напружанай барацьбы за званне лепшага фальклорнага калектыву пачалася самая цяжкая праца для журы — вызначэнне пераможцаў. У гэты час, каб удзельнікі і госці фестывалю не сумавалі, пачаўся канцэрт аўтэнтычных фальклорных гуртоў. Прыехалі на фестываль калектывы з Пінскага, Маларыцкага, Столінскага і Драгічынскага раёнаў, галоўным госцем свята стаў узорны фальклорны ансамбль “Верабейкі” Любанскага раённага Цэнтра культуры Мінскай вобласці, пад кіраўніцтвам знакамітага этнахарэографа Сяргея Выскваркі. У гэтым годзе фестывалю пашчасціла адбыцца ў Міжнародны дзень сям’і, таму асабістую ўвагу арганізатары мерапрыемства надалі калектывам сямейнай творчасці.

І вось, настаў кульмінацыйны момант фестывалю — узнагароджванне ўдзельнікаў конкурсу. Ніводны калектыў не застаўся без увагі і быў адзначаны за сваю непаўторнасць.

На гала-канцэрце выступілі самыя маленькія, але ўжо сапраўдныя зорачкі фальклорнай песні Данута Злакаманава з Ляхавіцкага раёна, Вікторыя Матарас і Пелагея Сілка з Івацэвіцкага раёна, а таксама Вольга Бярчук і Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь узорны клуб аматараў фальклору “Вясковая табала” Хаціслаўскага сельскага Дома культуры Маларыцкага раёна, кіраўнік Галіна Хомік.

Разынкай сёлеташняга фестывалю сталі відавочныя карагодныя дзеі “Таночкі на маёвым лужочку” з цыкла этнаканцэртаў “Рух зямлі”. Закруціліся ў карагодах не толькі людзі, але і буслы што луналі і кружылі над “плэсам” “Бездзежскага фартушка”, прадказваючы доўгае жыццё фестывалю!

Ганна ПРАКАПОВІЧ, вядучы метадыст па фальклоры і этнаграфіі Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра

Фота з архіва цэнтра