“Зоркі сёмага неба” — ужо ў кінатэатрах

№ 23 (1514) 05.06.2021 - 12.06.2021 г

Да Міжнароднага дня абароны дзяцей 1 чэрвеня была прымеркавана гучная прэм’ера першага беларускага поўнаметражнага анімацыйнага мюзікла “Зоркі сёмага неба”, створанага кінастудыяй “Беларусьфільм”. Фільм у пракаце ў кінатэатрах Беларусі, а ўрачыстая святочная праграма з удзелам здымачнай групы і запрошаных гасцей адбылася ў Доме кіно ў Мінску.

/i/content/pi/cult/853/18112/2_opt.jpegДля беларускага кіно “Зоркі сёмага неба” — праект унікальны: гэта першы анімацыйны мюзікл у фармаце поўнага метра. Праца над ім ішла на працягу пяці гадоў. У аснове сюжэта гісторыя пра тое, як
маленькія героі — хлопчык Саша, Лялька і Кот — ратуюць свет, праходзячы шэсць нябёсаў з монстрамі, што ахуталі Зямлю. А яшчэ і пра тое, як важна не забывацца марыць і як Дабро абавязкова перамагае Зло. Літаратурным падмуркам стужкі стала п’еса Генадзя Давыдзькі — 11 гадоў таму такі папулярны спектакль для дзяцей ужо ішоў на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя М. Горкага. Натуральна, для анімацыйнага, і тым больш музычнага фільма спатрэбілася напісаць новы сцэнарый, і яго сааўтарам стала сама рэжысёр Алена Турава. Мастаком-пастаноўшчыкам выступіла Святлана Кавалеўская, а музыку і многа вясёлых запамінальных песень напісаў кампазітар Леанід Шырын.

На сцэну Дома кіно перад прэм’ерай “Зорак сёмага неба” выйшла здымачная група мультфільма, а спявак Тэа, які агучыў аднаго з заўважных персанажаў — ката Муркота, забаўляў шматлікіх юных гледачоў, што сабраліся ў зале. Рэжысёр Алена Турава расказала:

— Мы з дзяцінства памятаем нашы любімыя музычныя мультфільмы “Брэменскія музыканты”, “Лятучы карабель”, “Блакітнае шчаня”, “Як ільвянё і чарапаха спявалі песню”. Але зараз гэты жанр неяк апынуўся па-за ўвагай рэжысёраў. Мы пастараліся не проста рэаніміраваць мюзікл, але і даць яму станоўчы штуршок. Музыка ў нашым фільме проста цудоўная — 45 песень. Пры гэтым яны зманціраваны так, што здаецца, быццам ідзе дзеянне.

Сярод асаблівасцей новай стужкі рэжысёр Алена Турава вызначыла і тое, што гэта не проста першы поўнаметражны анімацыйны фільм, але і цалкам беларускі прадукт: “Да працы над ім не прыцягваліся ніякія замежныя студыі, гэта ўсё вынік унутранай працы нашых мастакоў-аніматараў, артыстаў-выканаўцаў і іншых”.

Генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Уладзімір Карачэўскі зазначыў, што “Зоркі сёмага неба” выходзяць у пракат па ўсёй Беларусі, творчыя сустрэчы з рэжысёрам Аленай Туравай з прэм’ерным паказам мюзікла пройдуць па абласных гарадах. Акрамя таго, зараз ідуць перамовы з расійскімі партнёрамі, якія маюць намер набыць правы на паказ. Да таго ж ёсць варыянт з англійскімі субцітрамі, таму продажы будуць ісці не толькі ў рускамоўныя краіны. “Зоркі сёмага неба” ўключаны таксама і ў праграму міжнароднага фестывалю “Славянскі базар у Віцебску — 2021”.