Што робіць музейную прастору інклюзіўнай?

№ 22 (1513) 29.05.2021 - 04.06.2021 г

У сучасным свеце ўсё большае значэнне набіраюць пытанні інклюзіі — уключэння людзей з інваліднасцю ў актыўнае грамадскае жыццё. Часта ў сваёй працы з такой аўдыторыяй сутыкаюцца і супрацоўнікі ўстаноў сферы культуры. Як зрабіць музеі камфортнымі для ўсіх, данесці неабходную інфармацыю да людзей з асаблівасцямі і не трапіць прытым у няёмкую сітуацыю?

/i/content/pi/cult/852/18102/17.jpgАдказы на гэтыя пытанні шукалі ўдзельнікі практычнага семінара па пытаннях інклюзіі і безбар’ернага асяроддзя “Музей для ўсіх”, што прайшоў 18 мая ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча. У межах мерапрыемства прагучалі даклады спецыялістаў па пытаннях уключэння людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў культурніцкія праекты, былі разгледжаныя практычныя рэкамендацыі па паляпшэнні якасці іх абслугоўвання ў сферы культуры.

Дырэктар Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхаіл Бараноўскі распавёў, адкуль узялася ідэя правядзення такога семінара. Музей даўно раз-пораз займаўся інклюзіўнымі праектамі, але доўгі час гэта адбывалася эпізадычна і бессістэмна. А летась установа атрымала, з дапамогай Міністэрства культуры, некалькі тактыльных карцін мастака Васіля Зянько, якія даюць магчымасць невідушчым і людзям з праблемамі зроку навобмацак пазнаёміцца з творамі мастацтва. Так выспела ідэя павысіць кваліфікацыю музейных супрацоўнікаў, каб яны больш упэўнена адчувалі сябе пры працы з людзьмі з інваліднасцю.

Выхаванне з дзяцінства

Псіхолаг грамадскай ініцыятывы “Асобы маршрут” Юрый Авершын распавёў аб этыцы камунікацыі і аказання дапамогі людзям з асаблівасцямі апорна-рухальнага апарату. Ён адзначыў, што ў сваёй прафесійнай дзейнасці з тэмай інклюзіўнага асяроддзя сутыкнуўся яшчэ падчас атрымання вышэйшай адукацыі. Педагагічную практыку дакладчык праходзіў у школе, дзе існавалі інклюзіўныя класы — то-бок такія, у якіх разам навучаюцца дзеці з асаблівасцямі развіцця і без іх. Псіхолагу было цікава высветліць, як інклюзіўнае асяроддзе ўплывае на абедзве гэтыя групы навучэнцаў. Папрацаваўшы з двума групамі з інклюзіўнага і звычайнага класаў і параўнаўшы звесткі, атрыманыя ў выніку дыягностыкі самаадзнакі, цярпімасці і талерантнасці, Юрый Авершын прыйшоў да высновы, што падлеткі з інклюзіўных класаў маюць лепшыя паказчыкі ў гэтых аспектах.

Разважаючы аб тым, што робіць музейнае асяроддзе інклюзіўным, дакладчык вызначыў некалькі ўзроўняў. Па-першае, гэта арганізацыя грамадскай прасторы з улікам патрэб людзей з абмежаванымі магчымасцямі — адпаведнага абсталявання дзвярэй, пандусаў і гэтак далей. Па-другое, гэта сістэма навігацыі — то-бок, адмысловыя разметка і ўказальнікі, якія могуць дапамагчы арыентавацца ў прасторы. І па-трэцяе, безумоўна — гэта супрацоўнікі музеяў, падрыхтаваныя да ўзаемадзеяння з людзьмі з інваліднасцю.

Размова на роўных

Разглядаючы сітуацыю, калі чалавек з інваліднасцю трапляе ў музей, псіхолаг звярнуў увагу, што часта разам з такім наведвальнікам прысутнічае чалавек, які яго суправаджае. У такім выпадку перадусім варта звяртацца непасрэдна да чалавека з абмежаванымі магчымасцямі, а не да яго памочніка. Таксама варта пазбягаць стэрэатыпных уяўленняў, і ўлічваць, што чалавек з інваліднасцю — таксама дарослы і дзеяздольны, ён добра ведае аб сваіх патрэбах, таму не варта ўжываць апякальнай інтанацыі.

Вельмі важна не бянтэжыцца, падтрымліваючы зрокавы кантакт — гэта лепш дапамагае паразумецца і ўмацоўвае давер, а зусім не азначае, што вы “разглядаеце” чалавека, засяроджваючы ўвагу на яго асаблівасцях. З той жа прычыны варта захоўваць пазітыўны настрой і прыязна ўсміхацца, бо фізічныя асаблівасці — зусім не нагода для пастаяннага смутку. Што тычыцца людзей, якія карыстаюцца адмысловым вазком — пажадана, каб вочы субяседніка знаходзіліся на адным узроўні з вачыма наведвальніка, каб яму не даводзілася глядзець на суразмоўцу знізу ўверх. Акрамя таго, пажадана папярэдзіць чалавека, які мае цяжкасці з перамяшчэннем, аб магчымых бар’ерах у музейным асяроддзі, наяўнасці пад’ёмнікаў і пандусаў, што дазволіць ім адчуваць сябе больш упэўнена.

Свабода перамяшчэння

Важна памятаць, што перш, чым аказаць дапамогу, варта запытацца, ці яна патрэбная. Калі так — то можна ўдакладніць, што менавіта і як трэба рабіць. Ні ў якім разе нельга кранаць без дазволу вазок альбо кастылі. Перш чым дапамагаць з перамяшчэннем, варта запытаць у наведвальніка, як правільна трэба карыстацца яго вазком, і рабіць гэта асцярожна, бо спачатку ён рухаецца павольна, але пасля набірае хуткасць і ад рэзкіх рухаў можа страціць раўнавагу. Варта звяртаць увагу і на афармленне афіш і анонсаў музейных мерапрыемстваў — тут можна ўказваць, ці здолее чалавек з абмежаванымі магчымасцямі без перашкод трапіць у памяшканне, дзе адбываецца тая ці іншая выстава.

Кіраўнік грамадскай ініцыятывы “Асобы маршрут” Дзмітрый Хмурчык засяродзіў увагу ўдзельнікаў семінара на разглядзе праблем безбар’ернага асяроддзя. Варта ўсведамляць, што безбар’ернае асяроддзе забяспечваецца не толькі фактычнай наяўнасцю сродкаў, якія аблягчаюць перамяшчэнне — пандусаў, пад’ёмнікаў, ліфтаў — але і іх даступнасцю, якая палягае ў магчымасці іх самастойна знайсці і скарыстацца. То-бок сістэма навігацыі — указальнікі, якія паказваюць размяшчэнне таго ж пад’ёмніка ці пандуса, каб наведвальнік мог адшукаць іх без старонняй дапамогі — павінна адпавядаць неабходнаму ўзроўню.

Асягнуць невідочнае

Настаўнік-дэфектолаг сталічнай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы № 188 для дзяцей з парушэннямі зроку Юлія Бугук прысвяціла свой выступ пытанню адаптацыі музеяў для невідушчых і слабабачачых наведвальнікаў. Перадусім яна звярнула ўвагу на асаблівасці ўспрымання свету людзьмі з праблемамі зроку. Для іх часта аб’екты адлюстроўваюцца размытымі, кепска адрозніваюцца дэталі, асабліва ў аб’ёмных прадметах. Людзі з рознымі дыягназамі могуць мець розныя праблемы і абмежаванні зроку, напрыклад, можа быць звужанае кола агляду. Некаторыя, праўда, могуць адрозніваць абрысы прадметаў, на блізкай адлегласці вызначаць колеры, бачыць святло.

Пры рабоце з такімі наведвальнікамі варта выкарыстоўваць макеты прадметаў, рэльефныя выявы, але без празмернай колькасці дэталяў, што могуць ускладніць успрыманне. Варта звяртаць увагу на магчымасць стварэння паменшаных тактыльных копій музейных прадметаў. Наведвальнік з праблемамі зроку мусіць мець магчымасць максімальна наблізіцца да экспаната, каб разгледзець яго з найменшай адлегласці. Безумоўна, важная падсветка экспанатаў і дубляванне этыкетажу шрыфтам Брайля, а таксама наяўнасць падрабязных, але лаканічных аўдыёгідаў.

Арганізатар і кіраўнік праграмы Mivia Людміла Скрадаль распавяла аб арганізацыі і правядзенні інклюзіўных экскурсій і адаптаванні музейнай прасторы для іх патрэб, а таксама аб працы з дзецьмі з разладамі аўтычнага спектра. Восем гадоў таму яна выступіла ініцыятарам цыкла гарадскіх экскурсій для невідушчых, пачыналася гэтая ініцыятыва са стварэння тактыльнага макета будынка мінскай ратушы. З часам з’явіліся таксама макеты канцэртнай залы “Верхні горад” (адноўленага будынка царквы Сятога Духа), тактыльная карта сталічнай плошчы Незалежнасці. З дапамогай гэтых мадэляў правядзенне экскурсій робіцца магчымым, у тым ліку, непасрэдна на месцы, дзе знаходзяцца адлюстраваныя аб’екты. Пазней адбыліся таксама выставы тактыльных копій карцін, якія прайшлі ў Нацыянальным мастацкім музеі.

З увагай да бліжняга

Заснавальнік і дырэктар cямейнага інклюзіў-тэатра Ірына Кісялёва распавяла аб сваім досведзе працы з дзецьмі з аўтызмам — сёння ў тэатры займаюцца каля ста пяцідзясяці дзяцей, якія навучацца ў інклюзіўных групах. Выступоўца звярнула ўвагу, што пры наведванні музея варта было б стварыць умовы, у якіх людзі з аўтызмам, якія часам маюць цяжкасці ў камунікацыі, маглі б самастойна і камфортна звярнуць увагу супрацоўнікаў на сябе — напрыклад, выбраць білет з пазнакай, што яны маюць адпаведную асаблівасць.

Галоўны бібліятэкар навуковай бібліятэкі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Вольга Вовк, якая выступае куратарам кампаніі “Літаратура як інклюзія”, распавяла аб магчымасцях выкарыстання мастацкай літаратуры ў дапамогу інклюзіўным праграмам у бібліятэках. Перадусім яна звярнула ўвагу на патрэбу падрыхтоўкі грамадства да сутыкнення з людзьмі з інваліднасцю, пачынаючы з дзяцінства. Прытым пры адборы літаратуры варта звяртаць увагу на тое, што герой з інваліднасцю не мусіць выглядаць ахвярай ці другарадным персанажам.

Па выніках семінара быў прадстаўлены падбор метадычных парад ад спецыялістаў і аўтараў інклюзіўных праектаў і інфармацыя пра рэалізаваныя і бягучыя актыўнасці ў сферы інклюзіі ў Беларусі, а таксама па пытаннях безбар’ернага асяроддзя — адпаведныя матэрыялы будуць размешчаныя на сайце музея па адрасе bagdanovich.museum.by.

Тэма інклюзіі ў музеях і ў грамадскай прасторы наогул заслугоўвае самай пільнай увагі як з боку работнікаў сферы культуры, так і ўсяго грамадства ў цэлым. Застаецца спадзявацца, што падобныя семінары і інклюзіўныя праекты будуць і далей прыцягваць увагу ўсё большага кола зацікаўленых, спрыяючы павышэнню прафесіянальнага ўзроўню спецыялістаў сферы культуры і робячы музейную прастору прыязнай для ўсіх наведвальнікаў.