Калі хочаце даведацца, як чалавек, дасягнуўшы паважанага ўзросту, аценьвае сваё жыццё, запытайце яго, ці збіраецца ён гучна адсвяткаваць свой юбілей. Калі ён адкажа, што аддае перавагу сціпламу колу сваякоў і самых блізкіх сяброў, дык верагодна, што гэта будзе канстатацыяй незадаволенасці пройдзеным шляхам і ўзроўнем жыццёвых здабыткаў. Чаго фанабэрыцца перад грамадой, калі, уласна кажучы, няма чаго грамадзе прад’явіць? Не паверыце, але я ведаў мастакоў, якія адмаўляліся ад юбілейнай выставы, на якую мелі абсалютна законнае права. Гэта пры тым, што ўсведамленне сябе як ўнікальнай асобы, а сваёй творчасці як выключна важнай з’явы не толькі для сябе каханага, але і для навакольнага чалавецтва, уласціва ці не кожнаму, хто трымае ў руках пэндзаль, аловак, стэку. Бо без такой упэўненасці роспачна жыць і працаваць.
Між тым, ёсць мастакі, якім юбілейная выстава і насамрэч не надта патрэбная. Бо праз свой высокі статус у прафесійным коле і ў глядацкай грамадзе яны і так ведаюць сабе цану. Яны не бачаць сэнсу, каб лішні раз нагадваць тым і другім пра сваё існаванне. Выстава ж — гэта вялікія клопаты, якія адымаюць час ад працы ў майстэрні... Але традыцыя ёсць традыцыя. А яна вымагае ў паважаным узросце зрабіць свята для сябе і людзей. Творцы, пра якіх ідзе гаворка, якраз з гэтай кагорты.
Чатыры мастакі не толькі калегі, але і сябры. Яны разам вучыліся ў легендарным “Парнаце” — Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве, а потым — у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Іх камфорт — у сумоўі, а іхнія творы гарманічна спалучаюцца з адзінай экспазіцыяй.
Аднак, хоць выстава адзіная і цэльная, кожны з яе чатырох чыннікаў аўтаномны і самадастковы. Кожны мае назву, якая адпавядае творчаму крэда аўтара, ягоным эстэтычным прыярытэтам.
Распавядзем пра сегменты экспазіцыі ў той паслядоўнасці, як яны згаданы ў анатацыі выставы.
Ігар Гардзіёнак. “29 чэрвеня 1569 года”.
Ігар Гардзіёнак. “Шлях да сябе”. Каб знайсці сябе, трэба найперш вызначыцца з жыццёвай справай. А для мастака, увогуле чалавека творчай прафесіі — вызначыцца са стрыжнявой тэмай. А ўжо яна, тэма, вызначыць лад, стыль, сродкі выразнасці і эстэтычны базіс. Ігар Гардзіёнак прысвяціў свой талент асэнсаванню беларускай мінуўшчыны, нашага Сярэднявечча. Паводле вонкавых чыннікаў тое, што ён робіць, адпавядае разуменню “нацыянальны рамантызм”. Гэта калі ў кантэксце твора міфы важней гістарычнай факталогіі, а ўвагу аўдыторыі творца звяртае на тое, чым нацыі варта ганарыцца, не засяроджваючыся на рэчах, з’явах і асобах, якія ў кожнага нармальнага чалавека выклікаюць адмоўную рэакцыю. У шматвяковай гісторыі было і тое, і другое. Летапісы і хронікі распавядаюць пра перамогі і паразы, уздым і заняпад, пра герояў і здраднікаў. А ўжо мастак выбірае, пра што і навошта яму весці гаворку са сваёй аўдыторыяй. Мы, беларусы, схільныя рамантызаваць сваю біяграфію не ў меншай ступені, чым нашы суседзі па ўсім перыметры нашых межаў, але насамрэч рэалізаваць гэтае памкненне ў нас надарылася, лічы, толькі зараз. Спадар Ігар робіць годную справу, распавядаючы мовай мастацтва пра не менш як тысячагадовую гісторыю нашай дзяржаўнасці. Пра нашых святых і ваяроў; валадароў, якім пасавалі карона, скіпетр, меч. І тых, хто ўдасканальваў свет з дапамогай Кнігі і Боскага слова.
Спадар Ігар — жывапісец, але жывапісныя выявы на ягоных творах часта спалучаюцца з металічнымі накладкамі. Прыём, запазычаны ў іканапісцаў. Дарэчы, прасторавая пабудова твораў Ігара Гардзіёнка таксама выклікае ў памяці іканапісны канон.
Аляксандр Шапо. “Пан”.
Хутчэй за ўсё Аляксанр Шапо ў гэтыя нетры не паглыбляўся, але аўтар і глядач адзін і той іерогліф прачытаюць па-рознаму. На тое і мастацтва. Пластыка спадара Аляксандра можа шакаваць таго, хто лічыць, што скульптура — гэта абавязкова Мікеланджэла, Радэн, Азгур; што скульптура мусіць лашчыць вока. Так яно збольшага і было, недзе да Першай сусветнай вайны. А потым свет адноснай гармоніі адышоў у нябыт, і нарадзілася новая, агрэсіўная эстэтыка, якая сёння мае сваю дзялянку ў грамадскай свядомасці і, адпаведна, у грамадскай прасторы. Гэты напрамак і ўвасабляе творчасць спадара Аляксандра.
Сяргей Шэмет. “Гульня ў косці”.
Сяргей Шэмет. “Аазіс”. Самае важнае скажу адразу. Мастак вельмі сур’ёзна ставіцца да рэлігіі. Натхняецца Бібліяй і творамі вялікіх еўрапейскіх мастакоў дамадэрнісцкай пары. Стылёва ён рэаліст, сутнасна — містык. Бадай, кожны ягоны твор на сюжэт Святого пісання годна глядзеўся б у касцёле. Ды і ў царкве таксама, калі не браць да галавы некаторыя кананічныя ўмоўнасці. Прыроду і матэрыяльны свет малюе так, каб глядач мог адчуць у выявах прысутнасць пазачасавага і неадменнага.
Павел Татарнікаў. “Месцы і постаці”. Зразумела, дакладна, інфармацыйна. Найбольш вядомыя культурніцкай грамадзе творы спадара Паўла — якраз пра месцы, дзе адбылася наша слаўная і драматычная гісторыя, і пра постаці, што гэту гісторыю рабілі. Гледзячы на аркушы Паўла Татарнікава (фактычна гэта жывапісныя карціны на паперы), усведамляеш, што Полацк, Наваградак, Вільня, іншыя гарады нашай гісторыі паўсталі на зямлі невыпадкова. Без Бога тут не абышлося. Толькі тут маглі нарадзіцца Вітаўт і Леў Сапега, Адам Міцкевіч і Кастусь Каліноўскі.
Павел Татарнікаў. “Стралок і дзесяць сонцаў”.
Павел Татарнікаў сёння самы запатрабаваны мастак-ілюстратар. Толькі даводзіцца шкадаваць, што беларуская паліграфія не заўжды дацягвае да ўзроўню ягонага майстэрства. Кнігі з ілюстрацыямі спадара Паўла — гэта добра, але каб па-сапраўднаму адчуць магію ягоных твораў, трэба бачыць іх у арыгінале.
Выстава працуе апошнія дні. Спяшайцеся бачыць. Гэта між намі і для нас.
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ