Кранальнасць інтанацыі як фактар выбару

№ 19 (1510) 09.05.2021 - 15.05.2021 г

Да 76-й гадавіны Вялікай Перамогі ў афішы Тэатра-студыі кінаакцёра з’явіліся тры паказы спектакля “Фальшывая нота”. Прычым запар, цягам двух перадсвяточных дзён. І гэта невыпадкова. Размоўная “дуэль”, што разгортваецца між дырыжорам і быццам бы яго прыхільнікам, тычыцца насамрэч не тонкасцяў музычнай інтэрпрэтацыі, а праблемы маральнага выбару, які ёсць у кожнага.

/i/content/pi/cult/849/18037/13.jpgДзея адбываецца ў год падзення Берлінскай сцяны. І збірае не сяброў дзяцінства, а сыноў двух розных бацькоў. Абедзве сям’і жылі ў Германіі, любілі музыку Моцарта, але вайна зрабіла іх непрымірымымі ворагамі. Бо бацька аднаго стаў гітлераўцам, а другога — вязнем канцлагера. Як склалася жыццё іх сыноў? Ці магло б скласціся штосьці іначай?

Спектакль пастаўлены мастацкім кіраўніком тэатра, заслужаным дзеячам мастацтваў Беларусі, народным артыстам нашай краіны Аляксандрам Яфрэмавым. І можа лічыцца аўтарскім, бо рэжысёр адначасова выступіў тут аўтарам сцэнаграфіі і касцюмаў. У аснове — аднайменная п’еса сучаснага французскага драматурга і акцёра Дзідзье Карона, які ўзначальвае парыжскі тэатр “Мішэль” і ў дадзенай гісторыі выходзіць на яго сцэну ў ролі Дзінкеля. Напісаная ў 2017 годзе, яна пастаўлена ў многіх тэатрах, у тым ліку, у некалькіх тэатрах Расіі, уключаючы знакаміты Тэатр імя Яўгена Вахтангава, дзе яе ўвасобіў Рымас Тумінас. У розных сцэнічных версіях змяняецца колькасць удзельнікаў. Дзесьці іграюць двое акцёраў. А дзесьці ў спектаклі заняты і пяцёра чалавек. У нас — трое. Але ж агульная лічба не ўплывае на сутнасць: у цэнтры ўсё роўна аказваюцца двое артыстаў. І па разгорту жарсцяў, зменам настрою абедзве ролі — бенефісныя.

/i/content/pi/cult/849/18037/14.jpgЗаслужаны артыст Беларусі Уладзімір Мішчанчук пражывае за гэтыя крыху больш за паўтары гадзіны не адно, а быццам некалькі жыццяў свайго Мілера. Усё напісана на твары і ўсё імгненна змяняецца: раз’юшанасць, пяшчота, паказная далікатнасць, калі насамрэч хочацца паслаць настырнага суразмоўцу куды падалей, разгубленасць, сапраўдная трагедыя і яе канчатковае ўсведамленне — гэта немагчыма пераказаць. Можна толькі ўбачыць. І памятаць, што наступным паказам усё можа быць крыху іначай, бо пастаноўка (і асабліва такая, як гэта, што цалкам трымаецца на дакладных артыстах — так званы “акцёрскі спектакль”) наўпрост залежыць ад кожнай псіхалагічнай дэталі.

Сяргей Лапаніцын (між іншым, былы выпускнік нашай Акадэміі мастацтваў і таго ж прафесара У.Мішчанчука) малюе свайго Дзінкеля разважлівым, стрыманым, нават крыху халодным. Як-ніяк, яго герой рыхтаваўся да гэтага візіту, “пралічваў”, “прайграваў” раз за разам кожную дробязь ва ўсіх падрабязнасцях.

Некалькі разоў на сцэну выходзіць юны скрыпач Нікан Мазаль — унук Уладзіміра Андрэевіча, пераможца тэлеконкурсу “Таленты краіны”. У розных абліччах, але нязменна са скрыпкай у руках. Яна ў яго не проста спявае, гаворыць ці плача. Кранальнасць інтанацыі такая, што душа разрываецца ад болю. Можа, гэты падлетак і ёсць увасабленне той чыстай, першароднай душы, з якой кожны нараджаецца на свет? А потым праз сваю сям’ю, атачэнне, выхаванне і мноства іншых самых розных фактараў робіць свой выбар, які і вызначае далейшы жыццёвы шлях.

У музыцы, у адпаведнасці з сюжэтам, цытуецца А.Вівальдзі, В.А.Моцарт, Р.Вагнер. А ёсць і аўтарскія “рэплікі” беларускага кампазітара Віктара Капыцько. Тыя шоргаты-фразы з’яўляюцца нечакана, знікаюць імгненна — яны быццам сцісла “каментуюць” некаторыя дэталі дзеяння, акцэнтуюць тыя ці іншыя словы, іх інтанацыйныя адценні, на якія глядач павінен скіраваць увагу. У п’есе ёсць элементы псіхалагічнага дэтэктыву, і чым раней глядач заўважыць кінутыя яму “падказкі”, тым хутчэй прымерыць на сябе два лёсы — і пачне шукаць трэці, больш шчаслівы.

Бо тут усе — пацярпелыя. У спектаклі, як і ў п’есе, няма рэзкага падзелу на белае і чорнае. Кат і ахвяра ўвесь час змяняюцца месцамі, быццам імкнуцца пабываць у скуры адзін аднаго. І тым самым запрашаюць гледача апынуцца на іх месцы. Так-так, менавіта на месцы абодвух — і па чарзе, і разам, адначасова. І вучыць спектакль не толькі ўрокам гісторыі, але і чалавечнасці. Вымушае зазірнуць далёка ўглыб сваёй душы, знайсці там парасткі пустазелля, яшчэ не ўбачаныя іншымі, і не перашкаджаць сумленню зрабіць праполку.

Менавіта таму, мабыць, у сцэнаграфіі, што даволі рэалістычна малюе прасторны дырыжорскі пакой, ёсць дзіўнаватыя белыя дзверы. Яны ну ніяк не адпавядаюць агульнай эстэтыцы, але змешчаны ў цэнтры, і позірк увесь час утаропліваецца ў іх, а не ў штосьці іншае. Сімвал белага ліста? І таго, што жыццё трэба адразу пісаць начыста. А “чарнавіком” можа быць мастацтва, што дае магчымасць убачыць чужыя памылкі. Асэнсаваць іх — і не паўтараць.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"