Твары Перамогі. Не забыць…

№ 19 (1510) 09.05.2021 - 15.05.2021 г

Усё даўней ад нас вайна, усё болей гадоў Перамозе, усё меней тых, хто за яе змагаўся. Не забыць — імёны, подзвігі, твары… Фотапраект Яўгена Залужнага “Апошні прызыў” з партрэтамі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны стаў і актам удзячнасці, і адлюстраваннем часу, і мастацкай з’явай. “Для мяне гэта не проста твары, а нават і лікі людзей, біяграфіямі і жыццямі каторых Бог вяршыў Гісторыю”, — гаворыць мінскі фатограф. Пачаўся праект яшчэ ў 2010-м, а не скончаны, можна сказаць, і дагэтуль — аўтар па-ранейшаму заклікае, запрашае ўсіх ветэранаў, каб стварыць ім у падарунак якасныя прафесійныя партрэты, што захаваюцца і для гісторыі, і для памяці нашчадкаў.

/i/content/pi/cult/849/18033/6.jpgФотамастак Яўген Залужны — член Беларускага саюза дызайнераў, уладальнік ганаровага звання “Мінчанін года — 2008” — у прафесіі ўжо 40 гадоў. Партрэты — яго асаблівая схільнасць, асаблівае ўменне. У 2010 годзе з калегамі па фотапрадпрыемстве “Вілія”, дзе тады працаваў, ён прапанаваў распачаць дабрачынную серыю партрэтаў ветэранаў:

— Я заўсёды імкнуўся партрэтамі пісаць гісторыю нашага часу. І ў развіццё гэтай тэмы нарадзілася ідэя серыі пра ветэранаў. У якасці фатографа-практыка на “Віліі” мне часта даводзілася бачыць, які дэфіцыт якасных здымкаў у людзей сталага веку, у тым ліку і ў ветэранаў. Захацелася захаваць іх у памяці не толькі маладымі, але і нашымі сучаснікамі: у кожнай іх зморшчыне — характар, адбітак перажытага, моц, гісторыя.

Акрамя ўсяго, гэта быў падарунак, і вельмі прыемны, самім ветэранам: нямала ўдзячнасцей давялося пачуць і прачытаць Яўгену Залужнаму. Як напісаў, напрыклад, Міхаіл Міхайлавіч Грыцэнка, што ў танкавых войсках прайшоў шлях ад Сталінграда да Берліна: “У мяне ёсць фатаграфіі, але такіх добрых яшчэ не было. На фронце фатаграфавацца няма магчымасці, а потым неяк не атрымлівалася. Унукам, дачцэ і сыну я перадам гэтыя фотаздымкі, каб яны засталіся на памяць пра мяне”.

Яўген Залужны звярнуўся ў Мінскую гарадскую арганізацыю ветэранаў, каб распаўсюдзіць інфармацыю і запрасіць прыходзіць, прыязджаць у студыю, звяртацца да яго. І людзі пайшлі — па першым часе ветэранская арганізацыя дапамагала і з транспартам, здаралася, цэлымі групамі прывозіла на фотасесію. І дзейства не было фармальным — Яўген Залужны здымаў па некалькі разнастайных партрэтаў, прасіў падзяліцца ўспамінамі, нават запісаць іх, пакінуць якое-небудзь пажаданне патомкам. За кожным фота, такім чынам, вымалёўваўся лёс. Праўда, фатограф прызнае, што не ўсе ветэраны імкнуліся расказваць, нехта са слязьмі на вачах і махаў рукой — маўляў, цяжка ўспамінаць, хоць і столькі гадоў мінула. Пры гэтым ніякага адбору, натуральна, не было і няма — здымаліся і франтавікі, і партызаны, і ўдзельнікі агітбрыгад, і многія іншыя. Праз пэўны час да фотамастака звярнуліся і з арганізацыі дзяцей-блакаднікаў — і для іх былі зроблены фотапартрэты, якія сталі асобнай серыяй.

Калі лік партрэтаў пайшоў на сотні, з’явілася і назва праекта — “Апошні прызыў”. Так атрымалася, што прыходзілі ў асноўным людзі, народжаныя ў другой палове 20-х гадоў мінулага стагоддзя, тыя, хто трапіў пад апошні прызыў вайны ў 1943 годзе, на момант здымак ім было па 80 і болей гадоў. А яшчэ аўтар у назву заклаў і такі сэнс, што “Апошні прызыў” — гэта заклік прайшоўшых вайну людзей да нас, тых, хто застаецца і павінны далей зберагаць Радзіму.

У працэсе работы, пры знаёмстве з героямі, мастацкая ідэя фатографа змянілася:

— Спачатку я думаў рабіць фота ў стылі кабінетнага партрэта — толькі твары, — гаворыць Яўген Залужны, — працягнуць, так бы мовіць, традыцыю нашага земляка, знакамітага за савецкім часам майстра партрэта Майсея Напельбаўма. Але калі сталі прыязджаць ветэраны, я адчуў, як многа для іх значаць узнагароды, і пачаў рабіць фота ў поўны рост. Зайгралі іншыя дэталі — рукі, сама постаць… Часам людзі змяняліся на вачах: спачатку знаёмішся са старым, відавочна ўжо нямоглым чалавекам, а потым ён апранае кіцель з медалямі, і перад табой герой — спіна выпростваецца, позірк цвярдзее. У нейкі момант я адкінуў у бок свае мастацкія ідэі, бо зразумеў, што самае галоўнае — гэта захаваць твары, у якіх адлюстравалася ўся біяграфія гэтых людзей, што гэтым разам мастацтва павінна саступіць гісторыі.

Такім чынам, Яўген Залужны сабраў фотапартрэты каля чатырох сотняў ветэранаў, у асноўным з Мінска. І многіх з тых, што здымаліся дзесяць гадоў таму, ужо няма ў жывых. Але праект не заканчваецца, аўтар гатовы і хоча яго працягваць. Калісьці ён вельмі спадзяваўся, што гэтая серыя партрэтаў перарасце ў нешта большае, чым справа аднаго чалавека, выйдзе за межы Мінска, будзе мець шырокі розгалас. Нават саміх успамінаў, што ветераны пакідалі пасля здымак, назбіралася каля васьмі дзясяткаў. Канешне, выставы адбываюцца пастаянна — былі і вялікія, былі і больш сціплыя: у бібліятэках, кінатэатрах, Доме ветэранаў, яшчэ дзе. І прызы праект атрымліваў — “Апошні прызыў” мае Гран-пры фестывалю GRAND PRIX FOTOFESTIWAL у Польшчы, на конкурсе Canon у Санкт-Пецярбургу фатаграфіі ўвайшлі ў лік лепшых ста фота 2011 года, паказваўся праект на выніковай выставе-конкурсе “Парад пераможцаў” у Тэль-Авіве. Але ж фатограф спадзяецца, што калі-небудзь атрымаецца выдаць, напрыклад, кнігу са здымкамі і старонкамі ўспамінаў, яшчэ неаднойчы атрымаецца правесці вялікую, гучную выставу. Яўгену Залужнаму хочацца падзяліцца гісторыямі сваіх герояў менавіта побач з партрэтамі, каб можна было зазірнуць проста ў вочы.

А гісторый найцікавейшых многа, і выбраць з чатырох сотняў герояў нават і складана — усе людзі адметныя. Вось, да прыкладу, Мурзатай Берыкбаеў, які з гонарам казаў пад час фотасесіі: “Мы служым Айчыне сто гадоў!” — і сын яго служыў, і ўнук. Мурзатай Берыкбаевіч — чалавек легендарны: ганаровы салдат 120-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады, палкоўнік у адстаўцы, удзельнік Сталінградскай бітвы, штурма Кёнігсберга, Берлінскай наступальнай аперацыі, вызвалення Беларусі… Ордэнаў і медалёў — не злічыць. Пасля вайны стаў мінчанінам, і ў цяжкі пасляваенны час нават зрабіў Мінску, можна сказаць, каштоўны падарунак, прыгнаўшы з узводам аўтаматчыкаў каля тысячы кароў з Нямеччыны. Як і многія ваенныя, пасля вайны Мурзатай Берыкбаеў таксама быў задзейнічаны ў будаўніцтве — расказваў, што вазіў зямлю і на Курган Славы. Некалькі дзён таму ён адзначыў свае 98 гадоў!

— А здымаў Данііла Трафімавіча Воранава, — прыгадвае Яўген Залужны, — дык як ён стаў, я вачэй не мог адвесці: такая постаць, такі позірк, такая глыбіня — чыста ікона. Прыгледзеўся — у яго і пальцы складзены як для хросту! На жаль, ён не пакінуў мне ўспамінаў.

Дарэчы, многа ў праекце “Апошні прызыў” і партрэтаў жанчын — ваявалі ўсе, змагаліся ўсе — былі і медработнікі, і партызанкі, і артысткі агітбрыгад. Любоў Фамінічна Федасеенка, санітарка ў час вайны, напісала для фатографа сваю гісторыю — і як пераходзіла лінію фронту ў складзе групы Веры Харужай, і як да апошняга імгнення была побач з мужам, які, паранены, трапіў у шпіталь:

— Я насіла пад сэрцам наша дзіця,
толькі гэта мяне і трымала. Пахавала мужа 1 студзеня, а праз некалькі дзён нарадзіўся і сын. Назвала яго як і бацьку — Васілём. І ўнук таксама Вася.

Мікалай Аляксандравіч Нельга паўдзельнічаў у праекце “Апошні прызыў” ва ўзросце 101 года! Заслужаны трэнер БССР, заслужаны дзеяч мастацтваў СССР, колішні прарэктар і загадчык кафедры Беларускага ўніверсітэта фізічнай культуры, аўтар многіх метадычных і навуковых кніг — прайшоўшы вайну, атрымаўшы раненне. На пенсіі сур’ёзна заняўся більярдам і стаў проста зоркай у гэтай спартыўнай галіне!

Пра кожнага героя фотапраекта “Апошні прызыў” можна расказваць і расказваць. Варта яшчэ раз паўтарыцца, каб звярнуць увагу не толькі саміх ветэранаў і іх родных, але і ветэранскіх арганізацый, якія могуць цэнтралізавана данесці інфармацыю: прафесійная фотасесія ад вядомага беларускага майстра — як падарунак, як памяць для гісторыі — вас чакае. Кантакты, як і многія партрэты з гэтага фотапраекта, можна знайсці на аўтарскім сайце Яўгена Залужнага. Штогод, асабліва пад час святкаванняў Дня Перамогі і іншых дат, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной, фотапраект экспануецца ў самых розных месцах. Фотамастак гаворыць: “Няхай у кожнага героя — свой лёс, на фотаздымках ва ўсіх — твар Перамогі”.