З Альбома Памяці

№ 19 (1510) 09.05.2021 - 15.05.2021 г

Напярэдадні 9 мая ўнукі прынеслі мне з дзіцячага сада фатаграфію. Фатограф зняў іх у падагнанай форме салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі часоў Вялікай Айчыннай вайны.

/i/content/pi/cult/849/18032/4.jpgПамяць заўсёды схільная да асацыяцый, і я адразу ўспомніў фатаграфію свайго дзеда — Сцяпанава Сцяпана Лагвеявіча, 1902 года нараджэння, ураджэнца вёскі Стары Двор Гомельскай вобласці, чалавека, па расказах мамы, працавітага, сціплага, надзейнага.

/i/content/pi/cult/849/18032/5.jpg

Пасля вызвалення Беларусі ў 1944 годзе ён быў прызваны ў Чырвоную Армію. У баях за вызваленне Польшчы быў цяжка паранены і памёр ад ран у красавіку 1945 года. Яго пахавалі на брацкіх могілках каля горада Быдгашч (Польшча)...

У пачатку 90-х гадоў ужо мінулага стагоддзя наша сям’я паспрабавала даведацца пра больш дакладнае месца знаходжання могілак, каб з’ездзіць на магілу, ушанаваць памяць блізкага чалавека, які загінуў за нашу агульную, такую цяжкую, але слаўную Перамогу. Мы атрымалі скупы адказ ад мясцовых польскіх уладаў: могілак больш няма...

Гляджу на фатаграфіі дзеда, унукаў у форме... І адразу з глыбіні душы ўзнікаюць словы падзякі. Усім тым, хто не вярнуўся з той вайны, усім, хто аддаў свае жыцці за мірнае неба для нашых дзяцей і ўнукаў. Памяць нашая не перапыніцца і далей, пераемнасць пакаленняў — паняцце каранёвае, глыбокае.

Добра, што мы не толькі памятаем гісторыю сваёй краіны, але і стараемся данесці гістарычную праўду да падрастаючых пакаленняў.

Васіль Свістуноў