Чытач — газета — Міністэрства

№ 18 (1509) 01.05.2021 - 07.05.2021 г

Сёння ў нашай новай рубрыцы “Чытач — Міністэрства — газета” спецыялісты Міністэрства культуры краіны адказваюць на пытанні чытачоў з рэгіёнаў. Будзем і надалей чакаць вашы лісты ў рэдакцыю, паважаныя чытачы “К”, на электронны адрас — kultura@tut.by

Намеснік дырэктара Веткаўскага музея стараабрадства і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава па навуковай дзейнасці Галіна НЯЧАЕВА:

У музеі я працую больш за сорак гадоў. І ўвесь гэты час мы ладзім экспедыцыі, у выніку знаходзім унікальныя рэчы. Дык вось, пытанне такое: мы лічымся навуковымі супрацоўнікамі, а фінансаванне музейных экспедыцый не прадугледжана, чаму? Станоўчае вырашэнне праблемы вельмі дапамагло б развіццю музеяў, у першую чаргу, перыферыйных.

— Фінансаванне экспедыцыйнай дзейнасці праводзіцца за кошт запланаваных сродкаў на камандзіровачныя выдаткі, якія трэба прадугледжваць пры планаванні бюджэту на наступны год, згодна плану дзейнасці ўстановы.

Дырэктар Віцебскага абласнога метадычнага Цэнтра народнай творчасці Кацярына ЛАБУКА:

Ці адновяцца калі-небудзь рэспубліканскія конкурсы на лепшы сельскі клуб аграгарадкоў? Гэтыя конкурсы былі добрай матывацыяй для выніковай клубнай дзейнасці.

— Рэспубліканскі конкурс на лепшую арганізацыю клубнай работы запланавана правесці ў 2022 годзе, адной з намінацый якога стане конкурснае спаборніцтва на лепшы сельскі клуб аграгарадкоў.

У гэтым годзе Рэспубліканскім Саветам па пытаннях клубнай дзейнасці і народнай творчасці пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь запланавана распрацоўка канцэпцыі, палажэння і графіка работы журы рэспубліканскага агляду-конкурсу, аб правядзенні якога будзе аб’яўлена напрыканцы 2021 года.

Усяго па рэспубліцы ў сярэднім штогод праводзіцца каля 160 аглядаў-конкурсаў розных па статусе (міжнародныя, рэспубліканскія, рэгіянальныя) і відам клубнай дзейнасці.

Ксенія Сямашка, дырэктар Музея бітвы за Днепр (Лоеў):

На 4-м нацыянальным форуме “Музеі Беларусі” мы занялі І месца ў намінацыі “За лепшае прадстаўленне музея на экспазіцыі форуму”. Гэта, бадай, першы выпадак, калі такую перамогу атрымаў невялічкі рэгіянальны музей — дакладней, цэлы кластар, бо для прэзентацыі мы прыцягнулі некалькі суседніх музеяў. У звычайнай жа сітуацыі канкурэнцыя буйных установаў з раённымі папросту немагчымая — першыя маюць відавочную перавагу і па эканамічных, і па людскіх рэсурсах, і па фондавых зборах. Таму ўзнікае пытанне: ці не варта было б цягам наступнага музейнага форУму праводзіць спаборніцтва ў розных музейных “лігах” або “вагавых катэгорыях”? І яшчэ адно пытанне. На форуме музеі імкнуцца прэзентаваць сябе як тураб’екты або праз культурна-адукацыйныя праекты. Але ці не варта браць пад увагу і іншыя “музейныя” складнікі работы?

— Гэтае пытанне было абмеркавана на пасяджэнні рэспубліканскай рады дырэктароў музеяў, дзе было вырашана, што пры падрыхтоўцы 5 музейнага форуму, які пройдзе ў 2022 годзе дадзеныя прапановы будуць улічаны.

Ірына Карповіч, начальнік упраўлення культуры і народнага мастацтва Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь