Чорная быль далёкага красавіка

№ 17 (1508) 24.04.2021 - 30.04.2021 г

Па ўсёй краіне ў самы бліжэйшы час распачнуцца — а дзе-нідзе ўжо і распачаліся — мерапрыемствы, прымеркаваныя да 35-годдзя з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

/i/content/pi/cult/847/18009/32.jpgАсаблівая ўвага да гэтых падзей — зразумелая: Беларусь найбольш пацярпела ад наступстваў той аварыі, што адбылася каля межаў нашай краіны 26 красавіка 1986 года. Помніць пра названую дату будуць не толькі нашы дзеці, унукі ці праўнукі, а, на жаль, і шматлікія пакаленні беларусаў, што з'явяцца на гэтай зямлі праз стагоддзі.

Да сумнай гадавіны па ўсёй Беларусі ладзяцца шматлікія мерапрыемствы і культурнай тэматыкі. Пройдуць яны, натуральна, і ў тых раёнах, якія найбольш пацярпелі ад радыеактыўнага забруджвання. Напрыклад, ужо 35 гадоў менавіта ў пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС раёнах Рэспублікі Беларусь праходзіць міжнародная сацыяльна-творчая праграма “У будучыню — з надзеяй”. Творчая акцыя арганізуецца ў адпаведнасці з мерапрыемствамі па інфармацыйным забеспячэнні ў рамках Дзяржаўнай праграмы па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС на 2021 — 2025 гады.

Арганізатарамі праекта выступаюць Дэпартамент па ліквідацыі вынiкаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры і Міністэрства адукацыі краіны, Беларускі фонд міру. Мастацкім кіраўніком праграмы з’яўляецца народны артыст Рэспублікі Беларусь Эдуард Ханок.

Сёлета ў праграме прымае ўдзел Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны ансамбль “Купалінка”, артысты філармоніі для дзяцей і юнацтва пры Белдзяржфілармоніі (зазвычай гэта лаўрэаты міжнародных конкурсаў), артысты беларускай эстрады, творчая моладзь, таленавітыя дзеці і падлеткі з пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы раёнаў. Лепшыя юныя артысты будуць запрошаныя на фінальны форум, які пройдзе ў Мінску ў кастрычніку бягучага года.

/i/content/pi/cult/847/18009/31.jpgТак, 1 красавіка канцэртная праграма і майстар-клас прайшлі ў Мазырскім раёне, 2 красавіка — у Брагінскім і Хойніцкім раёнах, 3 і 4 красавіка — у Лельчыцкім, Нараўлянскім, Жлобінскім і Калінкавіцкім раёнах Гомельскай вобласці. А пазней, 10 красавіка, артысты завіталі ў Столінскі раён Брэсцкай вобласці, дзе таксама ёсць шмат вёсак і мястэчак, пацярпелых ад радыеактыўнага забруджвання пасля аварыі на ЧАЭС.

— Мы прымалі творчыя калектывы праекта “У будучыню — з надзеяй” у паселішчах Рэмель і Струга, дзе былі зладжаны адметныя канцэртныя праграмы з удзелам як гасцей, так і мясцовых калектываў, — адзначыў “К” начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Столінскага райвыканкама Васіль Заруба. — Дарэчы, сапраўдным сюрпрызам для гледачоў было з’яўленне на сцэне народнага артыста Беларусі Эдуарда Ханка. А ўсе ўдзельнікі канцэртнай праграмы атрымалі традыцыйныя памятныя падарункі і кветкі.

Шэраг адметных мерапрыемстваў да сумнай чарнобыльскай даты зладзілі і ва ўстановах культуры Гомельскай вобласці. Так, у Мазырскім аб’яднаным краязнаўчым музеі з 22 па 27 красавіка ладзіцца фота-дакументальная выстава “Чарнобыль у нашай памяці”. На выставе дэманструюцца фота і дакументы, звязаныя з аварыяй на ЧАЭС, якія захоўваюцца ў музейных фондах і калекцыях.

Да гэтай жа даты ў Палацы Румянцавых і Паскевічаў у Гомелі на мінулым тыдні адкрылася выстава “35 гадоў пад знакам Ч”, падрыхтаваная Беларускім саюзам мастакоў (пра гэта “К” больш падрябязна распавядае на 6-й і 7-й старонках). Тут можна ўбачыць творы народных мастакоў Беларусі — нашых класікаў. Таксама на выставе дэманструюцца каля 70 твораў жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва аўтараў з розных рэгіёнаў Беларусі, у тым ліку — з Гомельскай вобласці. Выстава “35 гадоў пад знакам Ч” будзе працаваць да 6 чэрвеня.

А ў філіяле Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава, што таксама знаходзіцца ў Гомелі, днямі адкрылася выстава “Веткаўскія слабоды. Папсуеўка. Гісторыя ў 300 гадоў.” На імпрэзе дэманструюцца шэраг унікальных ікон з іканастасу царквы ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы вёскі Папсуеўкі Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці, жыхары якой былі выселеныя ў 1991 годзе ў сувязі з аварыяй на ЧАЭС. Больш падрабязна пра выставу можна будзе прачытаць у бліжэйшых нумарах “К”.

Дакладна 26 красавіка ў Гомельскім абласным музеі ваеннай славы адбудзецца ўрок памяці для школьнікаў “Чарнобыль — наша памяць і боль”. Падчас мерапрыемства запланавана дэманстрацыя і абмеркаванне фільма “Зямля згубленая. Зямля набытая.”

На Магілёўшчыне, якая таксама пацярпела ад чарнобыльскага радыеактыўнага забруджвання, пра сумную дату таксама не забываюць. Так, у аддзеле беларускай і краязнаўчай літаратуры Магілёўскай абласной бібліятэкі арганізавана кніжная выстава “Чарнобыль: учора, сёння, заўтра”. Прадстаўленыя на выставе кнігі распавядаюць пра падзеі, якія адбываліся на атамнай станцыі ў красавіцкія дні 1986 года. Таксама тут можна пазнаёміцца з выданнямі абласной бібліятэкі, складзенымі на аснове інфармацыйных матэрыялаў аддзела па ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС і надзвычайных сітуацыях Магілёўскага аблвыканкама. Выстава будзе дзейнічаць да 15 мая.

Акрамя таго, аддзелам інфармацыйных рэсурсаў абласной бібліятэкі падрыхтаваны віртуальны праект “Пад Чарнобыльскім попелам”. Асноўная мэта праекта — даць уяўленне аб аварыі на Чарнобыльскай АЭС, яе маштабах, пра высілкі дзяржавы па пераадоленню наступстваў аварыі і іх выніках.

А ў Краснапольскім раёне Магілёўскай вобласці ўчора, 23 красавіка, адбыўся мітынг-рэквіем, прысвечаны 35-й гадавіне Чарнобыльскай трагедыі. Зразумела, не засталіся ўбаку і мясцовыя культработнікі.

— Каб нагадаць нашым чытачам пра сумную дату 26 красавіка 1986 года, мы зладзілі шматлікія выставы ва ўсіх бібліятэках Краснапольскага раёна, — паведаміла “К” дырэктар Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Алена Раманенка. — У тым ліку, натуральна, і ў цэнтральнай раённай бібліятэцы.

У Чачэрскім раёне Магілёўскай вобласці, як адзначыў “К” начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі мясцовага райвыканкама Вадзім Крупенькін, таксама падрыхтаваліся да правядзення імпрэзаў з нагоды 35-годдзя з дня аварыі на ЧАЭС.

— Шматлікія мерапрыемствы, якія тым ці іншым чынам закранаюць чарнобыльскую тэматыку, праходзяць як у гарадскіх, так і ў сельскіх установах культуры раёна, — паведаміў Вадзім Крупенькін. — Гэта выставы, прэзентацыі, гутаркі. А, напрыклад, у нашым Цэнтры рамёстваў, этнаграфіі і фальклору, у тэматычна аформленых пакоях запланаваны цыкл лекцый, прысвечаных гэтай сумнай даце і яе наступствам.

Акрамя таго, сёння, 24 красавіка, у Чачэрску зладзяць аўтапрабег па населеных пунктах раёна, якія пацярпелі ад радыеактыўнага забруджвання. Да слова, аўтапрабегі, прысвечаныя 35-годдзю з часоў аварыі на ЧАЭС, пройдуць у гэтыя выхадныя ў многіх раёнах Магілёўскай і Гомельскай абласцей.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"