Духоўнасць супраць гравітацыі

№ 16 (1507) 17.04.2021 - 23.04.2021 г

У сталіцы адкрыўся ХХVІ фестываль духоўнай музыкі “Залатагорская ліра”. Ён складаецца з шасці канцэртаў і завершыцца 26 красавіка.

/i/content/pi/cult/846/17976/1.jpgКасцёл Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску зноў гасцінна расчыніў дзверы для ўсіх прыхільнікаў добрай музыкі незалежна ад іх веравызнання. Тут гучаць разнастайныя харавыя калектывы, арган, цымбалы і дудук. Уваход на ўсе канцэрты вольны, а праграма складзена — на ўсе густы, акрамя дрэннага.

Сярод удзельнікаў фестывалю — Дзяржаўны камерны хор Беларусі пад кіраўніцтвам заслужанай артысткі краіны Наталлі Міхайлавай, які дасць сольны канцэрт “Гравітацыі насуперак”, Музычная капэла “Санорус”, нядаўна створаны Харавы ансамбль сучаснай музыкі Concertino Беларускага саюза кампазітараў на чале з мастацкім кіраўніком і дырыжорам Аляксеем Снітко. Чацвёра арганістаў: Кацярына Іванова, Лізавета Марозава, Віктар Кісцень і заслужаная артыстка Беларусі Ксенія Пагарэлая, што прывязе “музычныя прывітанні” ад аргана Полацкага Сафійскага сабора. Дарэчы, арган будзе гучаць не толькі сольна ці з хорам, але і ў нечаканых спалучэннях з іншымі музычнымі інструментамі. Так, у адзін з вечароў да яго дадасца дудук, ігру на якім засвоіў прафесійны флейтыст Глеб Якушаў. На заключным канцэрце арган “заспявае” разам з беларускімі цымбаламі. Калі такое было?

Праграмы складзены з вялікай любоўю і адказнасцю. У іх уключана папраўдзе лепшая духоўная музыка, раскіданая па часе і прасторы. Тут і заходнееўрапейская класіка (К.Мантэвердзі, Д. Палестрына, К. Джэзуальда, А.Вівальдзі, І.С.Бах, Ф.Шуберт, Ф.Мендэльсон, К.Сен-Санс, А.Брукнер), і рознастылёвыя сучасныя творы. Шмат беларускай музыкі, прычым пераважна найноўшай — канца ХХ і ХХІ стагоддзяў: творы Алега Хадоскі, Вольгі Падгайскай, Віктара Кісценя, Ганны Кароткінай, іншых аўтараў.

/i/content/pi/cult/846/17976/2.jpgРаней “Залатагорская ліра” ладзілася на Каляды. Цяперашні фестываль змяшчаецца акурат між каталіцкім і праваслаўным Вялікднем — атрымліваецца штосьці накшталт гэткага фестывалю духоўнага адзінства, скіраванага супраць залішняй прыземленасці і побытавай мітусні. Паводле даўняй традыцыі, усе канцэрты пачынаюцца а 20-й гадзіне, быццам робячы крок да музыкі ночы, азоранай нязгасным святлом зорак.