“Мінская вясна” як своеасаблівая малодшая калега “Беларускай музычнай восені”, што збірала прызнаных майстроў, калісьці была скіравана на паказ дасягненняў маладых кампазітараў і артыстаў з розных краін. Сёлета замежных гасцей, вядома, будзе не так шмат, як раней. Фестываль стане дэманстрацыяй творчых сіл найперш самой філармоніі. Багата будзе прадстаўлена і моладзь — нароўні з прызнанымі майстрамі. Дый у зале не будзе падзелу на вечарыны для сталых сіньёраў ці юнакоў: музыка насамрэч не падзяляе, а яднае, бо звернута да чалавечых пачуццяў.
Тую ж “Музыкатэрапію” ладзіць са сваімі паплечнікамі малады саліст, лаўрэат міжнародных конкурсаў Арцём Шаплыка. Прыглушанае святло ў зале, спецыяльна падабраны відэакантэнт, творы Палестрыны, Баха, Гендэля, Скарлаці ў выдатным выкананні — і толькі лепшыя эмоцыі.
Юбілейная вечарына да 85-годдзя Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі збярэ не толькі вучняў, але і шматлікіх былых выпускнікоў гэтай кузні лепшых музычных кадраў краіны і нават замежжа, дзе нашы артысты ўслаўляюць Беларусь. Яшчэ адзін канцэрт так і названы — “Узыходзячыя зоркі”, у ім выступяць трое юных музыкантаў з Масквы.
Завяршэнне фестывалю таксама пройдзе з маладзёжным адценнем: 27 красавіка з сольным канцэртам выступіць маладая беларуская арганістка Кацярына Нікалаева.
Будуць і замежныя прэм’еры. Так, да 35-годдзя з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС прагучыць “Чарнобыльская літургія”, створаная мітрапалітам Іанафанам (Ялецкіх) з Украіны. Яе выканаюць Мітрапалічы хор Свята-Духава кафедральнага сабора і Дзяржаўны сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Аляксандра Анісімава. Некалькімі днямі раней Дзяржаўны камерны аркестр на чале з Яўгенам Бушковым сярод іншых твораў прэзентуе расійскую прэм’еру — Канчэртантэ для духавога квінтэта і струнных Андрэя Рубцова.
Што ж да беларускай музыкі, дык дзякуючы народнаму артысту нашай краіны, прафесару Ігару Алоўнікаву ажывуць яе “Тэатральныя старонкі ў гуках раяля”: акрамя пералажэнняў замежнай класікі, прагучаць фрагменты з буйных партытур Анатоля Багатырова, Яўгена Глебава. А колькі яшчэ ўсяго новага, цікавага, адметнага! Так што сачыце за афішамі, прыходзьце ў філармонію — і набірайцеся духоўнай моцы.