А два праекты — лепей

№ 12 (1503) 20.03.2021 - 27.03.2021 г

На сцэне РТБД не ўпершыню ладзяцца сумесныя праекты — самога тэатра і Цэнтра беларускай драматургіі, што знаходзіцца не проста “па суседству” ў тым жа будынку, а ў шчыльнай узаемасувязі з тэатрам. Бо абедзве ўстановы скіраваны на падтрымку і развіццё айчыннага мастацтва: тэатр не ўяўляе сябе без новых п’ес, а тыя, у сваю чаргу, прагнуць пастановак. Дзве з нядаўніх сумесных прац: спектаклі “Галава” і “С училища” патрабуюць больш дэталёвага разгляду.

Насамрэч, сумесных праектаў РТБД і ЦБД намнога больш. Да прыкладу, акурат заўтра на тэатральнай пляцоўцы — чытка п’есы Марыі Бяльковіч “Дабрабыт” у рэжысуры Дзмітрыя Багаслаўскага. А з 16 сакавіка, не выходзячы з дому, можна далучыцца да відэачыткі п’есы “Мярцвятнік” (“Мертвятник”) Андрэя Іванова, ажыццёўленай маладым рэжысёрам Яўгеніяй Давідзенка, якая паставіла і “Галаву”. Між іншым, абедзве згаданыя чыткі — па квітках, хай і з сімвалічным коштам у пяць рублёў. Такія формы, уключаючы эскізы спектакляў, распрацаваных творчай моладдзю, апошнім часам удала прыжыліся на гэтай сцэне. У падобных паказах часцяком задзейнічаны студэнты, у тым ліку разам з прафесійнымі артыстамі. Так што для публікі знаёмства атрымліваецца падвойнае-патройнае: і з новымі, часцей за ўсё маладымі аўтарамі, і з маладымі акцёрамі ды рэжысёрамі.

Што ж да спектакля “Галава”, дык у яго была свая перадгісторыя. Справа не толькі ў тым, што спярша на той жа сцэне паказваўся эскіз, а насамрэч, практычна гатовы (ну, можа хіба крыху недарэпетаваны) варыянт. П’еса Ігара Сідарука, напісаная ў 1990-м, тут ужо ставілася — у 1992-м, калі тэатр існаваў пад сваёй пачатковай назвай “Вольная сцэна”. Тая пастаноўка стала адным з першых прыкладаў (калі ўвогуле не першым) беларускага тэатра абсурду — менавіта паводле айчыннай п’есы. Ці ж не страцілася за гэтыя гады актуальнасць драматургічнага матэрыялу?

П’еса і сапраўды мае абсалютна дакладныя, пры ўсёй сваёй іншасказальнасці, спасылкі да набалелых праблем мяжы 1980 — 1990-х. Бежанцы, дефіцыт на прадукты і тавары першай неабходнасці, пошукі выйсця з гэтай сітуацыі — і, як неаспрэчны вынік, думкі чытача і гледача пра тое, што кожны павінен, нарэшце, прымаць самастойныя рашэнні, не спадзеючыся перакласці адказнасць на даволі міфічную, паводле раскладу і п’есы і спектакля, галаву. Увогуле, што тая з сябе ўяўляе? Скульптурны бюст? Помнік? Прычым спачатку папяровы, потым гумовы, а затым сталёвы...

Ці ж актуальна ўсё гэта сёння? Пытанне рытарычнае, бо не страчваюць жа філасофскага сэнсу лепшыя старажытнагрэчаскія трагедыі і камедыі. Тым больш, што пры ўсёй пазнавальнасці алегарычна апісаных у п’есе падзей, на першы план выходзяць зусім не яны, а паводзіны герояў. Чалавечая псіхалогія не змяняецца — кожны нанова перажывае тыя ж самыя пачуцці, ваганні, пошукі-спробы, што і многія пакаленні яго продкаў.

Нядаўняя выпускніца курса Віталія Катавіцкага ў нашай Акадэміі мастацтваў, а цяпер рэжысёр ЦБД Яўгенія Давідзенка звяртаецца ў сваёй пастаноўцы да працы з тканінай (мастак — Ірына Банькоўская), чым ставіць перад маладымі артыстамі дадатковыя і даволі складаныя задачы. Спектакль, у якім агучваюцца нават аўтарскія рэмаркі, як гэта часта прынята ў сучасных пастаноўках, атрымліваецца на мяжы з тэатрам лялек. Гэта таксама веянне часу: падобная эстэтыка і асобныя прыёмы, пазычаныя з іншых мастацкіх мадэляў, усё часцей выкарыстоўваюцца нават у операх і балетах. З акцёрскага складу вылучаюцца найталенавітая Паліна Дабравольская, што мае за плячыма выдатныя рэжысёрскія працы, і пластычны, здольны да акрабатыкі Мікалай Варабей. Шкада толькі, што адзіны на сёння паказ не атрымаў пакуль устойлівага працягу.

Другому сумеснаму праекту РТБД і ЦБД пашчасціла болей: прайшоўшы аднойчы, спектакль “С училища” заяўлены ў афішы на 22 сакавіка. З “Галавой” яго яднае не толькі ўдзел творчай моладзі, але і тая ж тэма, хаця і вырашаная на зусім іншым драматургічным матэрыяле: думаць сваёй галавой ці перакладаць рашэнні на чужую.

П’еса Андрэя Іванова атрымала некалькі замежных пастановак — і дзве нашых. Яе першым беларускім увасабленнем стаўся аднайменны спектакль Аляксандра Марчанкі са сцэнаграфіяй Андрэя Жыгура, дзе бюсты антычных філосафаў (як намёк яшчэ і на спецыяльнасць галоўнага героя, які выкладае філасофію) ператвараліся ва што заўгодна, ажно да любоўнага ложку. Цяперашнюю версію паставіў мастацкі кіраўнік РТБД Аляксандр Гарцуеў са студэнтамі Акадэміі мастацтваў. Двое з іх, Кацярына Жалудок (Танька) і Мікіта Чабатар (Косця), ужо прыняты ў трупу. Сцэнаграфія — кардонныя скрыні розных памераў (мастак — Юрый Саламонаў). З іх можна скласці нейкае падабенства мэблі, ды толькі тая будзе несапраўднай — усяго толькі таннай імітацыяй, як і ўсё жыццё персанажаў. Героі не адцяняюцца помнікамі славутым знакамітасцям — па кантрасце, а застаюцца сам-насам з публікай, прывакуючы яе не столькі на філасофскі роздум, колькі на жывое суперажыванне.

Раптам выбудоўваецца сувязь двух згаданых сумесных праектаў. Спектаклі “Галава” і “С училища” прынцыпова розныя не толькі паводле сваёй драматургічнай асновы, але і паводле эстэтыкі сцэнічнага рашэння. А яднае іх тое, што героямі рухае не ўласная галава, а штосьці іншае. У першым выпадку — чужая галава. У другім — інстынкты, зялёны змій, сумнеўныя сябры, помста. Ці ж можа гэта не прывесці да трагічнага выніку? Прычым без пераможцаў. У выйгрышу — хіба артысты і гледачы, а не якісьці з герояў.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"