Музейны фонд Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны мае такія ўнікальныя музейныя прадметы, як кінаафішы пасляваеннага часу, якія з’яўляюцца часткай калекцыі “Плакаты”. Большасць з іх былі перададзеныя ў музей дырэкцыяй кінатэатра “Первый” у 1950 годзе. Як гістарычная крыніца яны адлюстроўваюць развіццё айчыннай кінематаграфіі ў пасляваенны перыяд.
Людзі, якія стаміліся ад незлічоных пакут вайны, імкнуліся да культуры. Кінамастацтва пасляваенных гадоў, нягледзячы на складанасці жыцця, натхняла іх на аднаўленне разбуранай краіны.
Рэкламныя афішы, што захаваліся ў музейнай калекцыі да кінафільмаў сведчаць аб тым, што ў Мінску і ў іншых беларускіх гарадах жыхары мелі магчымасць знаёміцца з новымі савецкімі мастацкімі фільмамі, у тым ліку створанымі на роднай кінастудыі “Беларусфільм”, а таксама з замежнымі кінастужкамі. Яркія і прывабныя, афішы нясуць моцны эмацыйны і сэнсавы пасыл, так як былі закліканы прыцягнуць гледача ў залы кінатэатраў. У сучаснікаў ж яны здольныя выклікаць жывую цікавасць да фільмаў пасляваеннай эпохі.
Таксама на часовай экспазіцыі будуць прадстаўлены кінаафішы з фондаў Музея гісторыі беларускага кіно і ўнікальныя прадметы рэквізіту ад Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” — са здымак фільмаў “Дзяўчынка шукае бацьку” (рэж. Л. Голуб, 1959 г.) і “Канстанцін Заслонаў” (рэж. А.Файнцымер, У.Корш-Саблін, 1949 г.).
У 14:40 у канферэнц-зале (3-ці паверх) адбудзецца паказ фільма “Дзяўчынка шукае бацьку”. Папярэднічаць прагляду будзе аповяд пра гісторыю стварэння фільма, а таксама пра лёс дзяцей на акупаванай тэрыторыі.
У мерапрыемстве прымуць удзел: старшыня Беларускай гільдыі акцёраў кіно Святлана Сухавей, дырэктар Музея гісторыі беларускага кіно Ігар Аўдзееў, прадстаўнікі Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” і іншыя.
Праца часовай экспазіцыі прадоўжыцца да 18 красавіка 2021 года.