Мемарыяльная дошка Яну Дамелю

№ 9 (1500) 27.02.2021 - 06.03.2021 г

Днямі ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа, які месціцца ў цэнтры сталічных Кальварыйскіх могілак, адбылося адкрыццё і асвячэнне памятнай дошкі, прысвечанай вядомаму беларускаму мастаку першай паловы ХІХ стагоддзя Яну Дамелю (1780 — 1840). Выбар месца для яе ўсталёўкі невыпадковы. Менавіта тут, у яшчэ недабудаваным касцёле, быў пахаваны мастак, які памёр 30 жніўня 1840 года. Мерапрыемства стала лагічным завяршэннем цыкла — выставачнага праекта “Ян Дамель. Вяртанне ў Мінск” і мемарыяльнай мастацкай выставы “Ян Дамель. Палатно, папера, лічба”, якая праходзіла ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.

/i/content/pi/cult/839/17860/10.jpgДа вырабу памятнай дошкі спрычыніўся вядомы скульптар, куратар, педагог Павел Вайніцкі. Дарэчы, ён аўтар барэльефа графа-філантропа Караля Гутэн-Чапскага.

Выдатнага прадстаўніка віленскай мастацкай школы Яна Дамеля і беларускую сталіцу яднае ў тым ліку і тое, што апошні спачын ён знайшоў на Кальварыі. Да таго ж, як сцвярджае прафесар БДАМ Леніна Міронава, славутая Кальварыйская брама, якую ў 1830 годзе ўзвёў сакратар Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу Юрый Кабыльніцкі ў гонар сваёй памерлай жонкі, была спраектавана Янам Дамелем.

Па словах спадарыні Міронавай, жыў Дамель у доме, які раней быў гарадской сядзібай Пшаздзецкіх, дзе сёння знаходзіцца галерэя Міхаіла Савіцкага (Плошча Свабоды, 15). Там, падчас рэстаўрацыі, былі знойдзены старыя фрэскі, меркавана, аўтарства Яна Дамеля.

/i/content/pi/cult/839/17860/11.jpgПасля адкрыцця і асвячэння памятнай дошкі намеснік генеральнага дырэктара па навукова-фондавай рабоце і рэстаўрацыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Сяргей Вечар распавёў “К” наступную інфармацыю.

Шмат гадоў таму, з кальварыйскага касцёла ў фонды музея патрапіў пакамечаны скрутак палатна. Прайшоў час, і рэстаўратар Аляксандр Лагуновіч-Чарапко, загадчык сектара рэстаўрацыі старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея, узяў на сябе адказнасць за рэстаўрацыю гэтага твора. На завяршальным этапе аднаўленчай працы над карцінай працавала ўжо чатыры асобы. Так “на свет”, дзякуючы руплівай працы рэстаўратараў, ужо ў другі раз з’явіўся твор Яна Дамеля “Хрыстос у аліўкавым садзе” (або, “Маленне аб чашы”).

Шыльда аднаўлялася згодна з вопісам каштоўных помнікаў Кальварыйскага касцёла і могілак пры ім 1910 года, што захоўваецца ў НДАБ.

Ул. інф.