У пачатку 1950-х гадоў жыхары Мінска маглі бачыць новенькую аўтамашыну “Победа”, якая хутка рухалася па цэнтральным праспекце сталіцы. Не многія ведалі, што ў машыне едзе ніхто іншы як народны паэт Беларусі Якуб Колас. Уладальнікам аўто Пясняр стаў у 1953 годзе. Тады гэты лімузін быў найбольш камфартабельнай машынай, якой валодалі савецкія грамадзяне.
Усё ж пачыналася так
Аб чым гаварылася вышэй, было ў 1950-я, сёлета ж спаўняецца 75 гадоў з часу пачатку выпуску савецкага аўтамабіля “Победа”, які верна служыў вялікаму беларускаму Песняру. Першыя крокі па распрацоўцы машыны сталі рабіцца яшчэ ў ваенныя часы, у лютым 1943-га. Першапачатковы эскіз новага аўтамабіля зрабіў мастак Усевалад Бродскі. Канчатковае ж дызайнерскае рашэнне машыны належала Веніяміну Самойлаву. Менавіта па яго эскізах былі створаны гіпсавыя мадэлі новага аўтамабіля ў маштабе 1:5, на падставе якіх і рабілася далейшая распрацоўка.
“Победа”-кабрыялет.
Спачатку стваральнікі новай машыны адштурхоўваліся ад нямецкай мадэлі “Опель-Капітан”, аднак у кантрукцыю прататыпа былі ўнесены значныя змены, якія прывялі да стварэння зусім незалежнага ад аналага рашэння. Трэба заўважыць, што Самойлаву ўдалося сказаць новае слова не толькі ў савецкім, але і ў сусветным аўтадызайне. У канструкцыі створанага ім аўтамабіля былі выкарыстаны зусім новыя хады формаўтварэння: крылы, якія паглыналіся корпусам, утопленыя фары, адсутнасць выступаючых падножак, абцякальная форма. Пазней пад уплывам савецкай “Победы” і многія замежныя аўтамабілі набылі такую абцякальную, кроплепадобную форму. Але першынства ўсё ж было за СССР. На жаль, Веніямін Самойлаў да ажыццяўлення свайго праекта не дажыў, неўзабаве пасля заканчэння работы над эскізамі ён па невядомых прычынах скончыў жыццё самагубствам. Пасля смерці Самойлава даводзіў знешні выгляд “Победы” яго калега, англічанін па нацыянальнасці Джын Уільямс, вялікі спецыяліст у галіне аўтамабільных кузавоў. Ён быў камуністам-інтэрнацыяналістам, братам сакратара кампартыі Вялікабрытаніі, удзельнічаў у грамадзянскай вайне ў Іспаніі і пасля перабраўся ў СССР.
Тэхнічным праектам “Перамогі” займалася група канструктараў на чале з вопытным спецыялістам у галіне аўтабудавання Барысам Кірсанавым. Вядучым канструктарам кузава быў А. Кірылаў. Стварэннем шасі і рухавіка кіраваў намеснік галоўнага канструктара завода А. Крыгер, а кузава — Ю. Сарочкін. Першы вопытны ўзор аўтамабіля быў гатовы ў лістападзе 1944 года. Але першапачаткова машыну хацелі назваць не “Победа”, а “Родина”.
Аўтамашына ГАЗ М-20 “Победа”.
Рэзюме сталіна
У ліпені 1945 года Сталіну паказалі новую, створаную на Горкаўскім аўтазаводзе легкавую аўтамашыну. Бацьку народаў аўтамабіль спадабаўся, але калі ён даведаўся, што яго хочуць назваць “Родина” (“Радзіма”), яхідна спытаў дырэктара прадпрыемства Івана Ласкутова: “І пачым Радзіму прадаваць будзеце?” Але ў стваральнікаў машыны быў запасны варыянт назвы — “Победа” (“Перамога”), які і быў нададзены новаму аўтамабілю. Праўда, гавораць, што гэта толькі легенда, і назва машыны з самага пачатку была звязана з перамогай савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Дакладным жа з’яўляецца тое, што спачатку прадугледжваўся выпуск дзвюх мадыфікацый аўтамабіля: з 6-цыліндравым і 4-цыліндравым рухавіком. Пры гэтым першая мадыфікацыя лічылася асноўнай, другая ж прызначалася для камплектацыі таксапаркаў. Аднак калі новая машына была паказана Сталіну, той выкарыстанне 6-цыліндравага рухавіка не ўхваліў, сказаўшы, што ён будзе расходаваць зашмат паліва. У выніку асноўны тыраж “Победы” стаў выпускацца с 4-цыліндравым рухавіком.
Пачатак масавага выпуску
Выпуск “Победы”, якая афіцыйна мела марку ГАЗ-М20, пачаўся ў жніўні 1946 года. Літара “М” у індэксе абазначала слова “Молатавец” — з 1935 па 1957 год завод насіў імя Вячаслава Молатава. Цыфра “20” пазначала прыналежнасць аўтамабіля да новага модульнага рада з паменшаным рабочым аб’ёмам рухавіка (да двух літраў). Трэба сказаць, што зборка аўтамабля ажыццяўлялася ў большасці ўручную, таму да канца 1946 года было выпушчана толькі 23 машыны. Масавая ж вытворчасць пачалася толькі з сакавіка 1947 года. Пры гэтым аўтамабіль падвергся мадэрнізацыі: была зменена пярэдняя частка машыны, заменены спідометр (з лентачнага на стрэлачны), прадугледжана месца для радыёпрыёмніка. Пазней была створана і яшчэ адна версія “Победы” — кабрыялет ГАЗ М-20Б. Аднак, калі зараз кабрыялет успрымаецца як машына для багатай эліты, то ў дадзеным выпадку ўсё было зроблена наадварот для эканоміі. Метал быў дэфіцытам, і аўтамабіль без стальнога даху быў больш танны. Праўда, такіх мадэляў было выпушчана не так многа — толькі 14 222 экземпляраў у параўнанні з 236 тысячамі агульнага выпуску. Аднак трэба сказаць, што “Победа”-кабрыялет пастаўлялася не толькі на поўдзень, але і на поўнач, таму паўночныя аўтаўладальнікі стараліся знайсці замену прагумаванаму баваўнянаму верху: часам зверху проста наварвалі стальны ліст, часам умацоўвалі верх са старых аўтамабіляў.
“Победа” Якуба Коласа.
Да лета 1947 года было выпушчана 1700 “Побед”, але потым выпуск машын быў спынены. З’явілася шмат прэтэнзій ад спажыўцоў, былі выяўлены сур’ёзныя недахопы канструкцыі. Галоўнае было ў няякасным кузаве — няроўныя швы абшыўкі, негерметычнасць салона, нязручнае палажэнне задняга сядзення — людзі ўпіраліся галавой у столь. Да таго ж у машыне не было штатнага ацяпляльніка, і зімой у салоне было холадна. У выніку шматлікіх скаргаў на новы аўтамабіль з работы быў знят дырэктар завода Іван Ласкутоў, які літаральна паставіў на ногі прадпрыемства ў 1943 годзе. Гаварылі, што галоўнага інжынера завода Андрэя Ліпгарта чакае арышт. Але на ГАЗе блізіўся выпуск новых машын “ЗІМ” і джып ГАЗ-69, што без вопытнага галоўнага інжынера зрабілася б праблемай, таму Ліпгарта не кранулі. “Победа” падверглася мадэрнізацыі, у працэсе якой былі перапрацаваны і радыкальна зменены 346 дэталяў і вузлоў кузава аўтамабіля.
Зноў “Победа”!
У лістападзе 1949 года выпуск “Победы” ўзнавіўся. Гэта ўжо была тая самая “Победа”, на якой ездзіў народны паэт Беларусі Якуб Колас. Акрамя кабрыялета, былі распрацаваны і іншыя мадыфікацыі: аўтамабіль-таксі, міліцэйская машына, “хуткая дапамога”. У 1951 годзе ў Польшчы на заводзе FSO (Fabryka Samochodow Osobowych) пачаўся выпуск “Победы” пад назвай “Варшава”, які доўжыўся на працягу 15 гадоў — да 1965 года. У СССР вытворчасць “Побед” вялася да 1958 года. За 12,5 гадоў было выпушчана 236 000 машын. У Польшчы ж аўтамабіляў “Варшава” сабралі больш за 253 000!
Лёс аўтамабіля Песняра
Кажуць, што машына Якуба Коласа на хаду і сёння і належыць унуку Песняра Андрэю Данілавічу Міцкевічу.
Якаў Ленсу, доктар мастацтвазнаўства