Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аб прысуджэнні прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

№ 2 (1494) 08.01.2021 - 15.01.2021 г


1. За выдатныя дасягненні ў галіне музычнага мастацтва, музейнай і бібліятэчнай справы, журналістыкі, тэлебачання, народнай і аматарскай мастацкай творчасці, навучання і выхавання творчай моладзі, якія атрымалі грамадскае прызнанне, прысудзіць спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2020 года:

Анісімаву Аляксандру Міхайлавічу, галоўнаму дырыжору Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь установы “Беларуская дзяржаўная ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга філармонія”, народнаму артысту Беларусі, — за значны асабісты ўклад ва ўмацаванне міру і згоды ў грамадстве праз музыку, за рэалізацыю буйных рэспубліканскіх і міжнародных творчых праектаў;

аўтарскаму калектыву ў складзе Касцюк Юліі Аляксандраўны, галоўнага бібліятэкара аддзела маркетынгу і бібліятэказнаўчай работы ўстановы культуры “Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І.Леніна”, Малініна Івана Уладзіміравіча, вядучага бібліятэкара аддзела маркетынгу і бібліятэказнаўчай работы ўстановы культуры “Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І.Леніна”, — за значныя дасягненні ў справе выхавання любові да роднага краю, стварэнне інфармацыйных рэсурсаў, прысвечаных тэме малой радзімы;

аўтарскаму калектыву ў складзе Лакізы Вадзіма Леанідавіча, дырэктара дзяржаўнай навуковай установы “Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”, кандыдата гістарычных навук, Кнігі Руслана Сяргеевіча, навуковага супрацоўніка дзяржаўнай прыродаахоўнай установы “Нацыянальны парк “Белавежская пушча”, магістра гістарычных навук, Нічыпорчык Вольгі Іванаўны, галоўнага архітэктара праектаў філіяла “Брэстрэстаўрацыяпраект” адкрытага акцыянернага таварыства “Белрэстаўрацыя”, — за самаадданую працу па захаванні гістарычнай памяці беларускага народа, стварэнне археалагічнага музея пад адкрытым небам у Белавежскай пушчы;

аўтарскаму калектыву ў складзе Мусіенкі Сяргея Рыгоравіча, кіраўніка аналітычнага цэнтра “EcooM” таварыства з абмежаванай адказнасцю “МЕДЫЯФАКТ-ЭКО”, Осіпава Максіма Уладзіміравіча, аглядальніка рэдакцыі аддзела палітычнай інфармацыі ўстановы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Выдавецкі дом “Беларусь сегодня”, Шніпа Максіма Віктаравіча, начальніка аддзела падрыхтоўкі ілюстрацый упраўлення аб’яднанага сакратарыята ўстановы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Выдавецкі дом “Беларусь сегодня”, — за вялікі ўклад у фарміраванне патрыятычнай самасвядомасці грамадзян, стварэнне праекта “Гордасць ЗА Беларусь”;

калектыву дзяржаўнай установы адукацыі “Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь” — за значны ўклад у фарміраванне духоўных асноў падрастаючага пакалення, рэалізацыю маладзёжнага патрыятычнага праекта “Тым, хто мужнасцю сваёй у неўміручасць крочыў”;

калектыву дзяржаўнай установы “Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці” — за выдатныя дасягненні ў справе захавання гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, адраджэнне традыцыйнай тэхналогіі вырабу гліняных цацак Аршанскага Падняпроўя і Віцебскага Падзвіння;

калектыву дзяржаўнай установы “Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой” — за значны ўклад у захаванне гістарычнай праўды аб Вялікай Айчыннай вайне, рэалізацыю праекта Саюзнай дзяржавы па рэканструкцыі будынкаў і збудаванняў Брэсцкай крэпасці;

калектыву ўстановы адукацыі “Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі” Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь — за адраджэнне і захаванне нацыянальных традыцый, развіццё сучасных напрамкаў мастацкай творчасці, значны ўклад у выхаванне дзяцей і моладзі;

Маркаву Марату Сяргеевічу, старшыні праўлення закрытага акцыянернага таварыства “Другі нацыянальны тэлеканал”, — за стварэнне аўтарскіх тэлеперадач аб людзях, падзеях і дасягненнях суверэннай Беларусі;

Скрамблевічу Мар’яну Антонавічу, майстру народных мастацкіх рамёстваў Адэльскага цэнтра культуры і народнай творчасці — філіяла дзяржаўнай установы культуры “Гродзенскі раённы культурна-інфармацыйны цэнтр”, — за значны асабісты ўклад у адраджэнне традыцый вытворчасці музычных інструментаў.

2. Міністэрству культуры ажыццявіць выплату спецыяльных прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2020 года са сродкаў фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва.

3. Вызваліць сумы прэмій, атрыманых у адпаведнасці з дадзеным Указам, ад абкладання падаходным падаткам з фізічных асоб.

4. Дадзены Указ уступае ў сілу з дня яго падпісання.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.ЛУКАШЭНКА