Майстар апяваў прыроду...

№ 47 (1487) 21.11.2020 - 27.11.2020 г

10 снежня Валерыю Шкарубе споўнілася б 63 гады. Не дажыў. Пайшоў з жыцця ў гэты чацвер. Мастак заўжды памірае заўчасна. Творчасць — няспынны працэс. Сёння не падобнае на ўчора, заўтра — на сёння. І ўсё гэта так ці інакш адбіваецца ў працы мастака. Эвалюцыя творчасці канкрэтнай асобы ў часе — найкаштоўнейшы матэрыял для гісторыка і сацыёлага. Сапраўдны творца, а менавіта такім быў спадар Валерый, заўжды жыве заўтрашнім днём, заўжды скіраваны ў будучыню.

/i/content/pi/cult/825/17634/valeriy_shkarubo_opt.jpegЁсць прыпавесць пра тое, як заказчык, абураны тым, што мастак зрывае ўсе абумоўленыя тэрміны, нервова запытаўся ў яго, калі ён нарэшце скончыць работу. “А вы ведаеце, што работу ўвогуле немагчыма скончыць?!” — адказаў той. Кожная карціна Валерыя Шкарубы ўспрымаецца як скончаная, але ў панарамным аглядзе ягонай творчасці галоўны чыннік — рухомы гарызонт, які вабіў мастака сваім магнетызмам. Так прыцягвае чалавека глыбокая прорва ці высокае неба. Перажытае і асэнсаванае мастак праз свае творы трансляваў на гледача.

Карціны спадара Валерыя заўжды былі для мяне загадкай. Вада, трава, галлё — усё тое, што звычайна перад вачыма, калі сыйсці з асфальту на зямлю. Але гэта абыдзенасць пад ягоным пэндзлем набывала нейкую сюррэалістычнасць і згаданы вышэй магнетызм. Утаропішся ў такую карціну, патрапіш у поле прыцягнення, і яно не адпускае цябе як тая прорва ці тое неба…

Ментальны вобраз Беларусі ў значнай ступені сфармаваны вялікімі майстрамі пейзажу — Бялыніцкім-Бірулей, Віталем Цвіркай, Гаўрылай Вашчанкай (хоць у ягонай творчасці жанр пейзажу не быў дамінуючым). У гэтым шэрагу і Валерый Шкаруба — творца з рысамі генія.

Выдатны мастак і чалавекам быў цудоўным. На прыкладзе ягонага жыцця і творчасці відаць, што вялікі талент паўстае толькі на глебе маральнасці і прынцыповасці. Ён рана пайшоў з жыцця. Мабыць, Богу спатрэбіўся прафесіянал, здольны маляваць занябёсныя краявіды.

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"