Запавет жыцця без роспачы

№ 47 (1487) 21.11.2020 - 27.11.2020 г

Юбілей Уладзіміра Караткевіча вымусіў зрабіць выснову, што менавіта яго творы аказаліся самымі запатрабаванымі ў музычна-тэатральных жанрах беларускага мастацтва. Але чаму? Няўжо справа толькі ў “закручанасці” сюжэтнай асновы, блізкай дэтэктыўным разгортам?

/i/content/pi/cult/825/17630/18.jpgСапраўды, паводле Караткевіча ў беларускай музыцы можна налічыць тры оперы і мюзікл. Праўда, дзве партытуры па розных прычынах на сёння не завершаны, але ўражвае сам прэцэдэнт — тым больш, што сцэнічна ўвасобленыя творы застаюцца ў рэпертуары на доўгія гады, што з беларускай музыкай здараецца, на жаль, даволі рэдка.

Опера Уладзіміра Солтана “Дзікае паляванне караля Стаха”, напісаная і пастаўленая ў нашым Вялікім тэатры ў 1989 годзе, стала не проста падзеяй “нумар раз” часоў перабудовы, але і, пры ўсёй сваёй лірыка-драматычнай скіраванасці, літаральна сімвалічным гімнам жыццяздольнасці Беларусі. Яна захоўвалася ў рэпертуары больш за два дзесяцігоддзі. І аднойчы нават паказвалася ў фармаце open air — у антуражы Траецкага прадмесця на Нямізе. Плануецца і яе новая пастаноўка.

Опера Дзмітрыя Смольскага “Сівая легенда” атрымала дзве аўтарскія рэдакцыі і адну пастаноўчую — і, адпаведна, некалькі розных увасабленняў, прычым не толькі ў тэатры, але і ў кіно. Яна была напісана ў 1978 годзе, прычым лібрэтыстам выступіў сам Караткевіч. І ствараў ён тое лібрэта на ўжо гатовую музыку. У жанры оперы такога не бывае! Але аповесць так натхніла кампазітара, што той пачаў працаваць самастойна і толькі праз час паказаў гатовыя музычныя фрагменты пісьменніку, да якіх той дасачыніў вершаваныя радкі. Опера ішла ў тэатры, атрымала тэлевізійную трансляцыю, была запісана на Беларускім радыё. На аснове таго фондавага радыёзапісу, зробленага студыйна, з’явіўся тэлефільм рэжысёра Генадзя Нікалаева з удзелам тагачасных артыстаў-купалаўцаў: у кадры былі драматычныя акцёры, а спявалі за іх оперныя салісты. Здымкі ажыццяўляліся ва ўлонні прыроды і ў Мірскім замку. Вядома, па законах кінадраматургіі многія музычныя старонкі былі скарочаны, але ўзнік новы візуальны вобраз — змрочных вершнікаў, што нясуцца на конях, бы тое “дзікае паляванне”...

У 2012 годзе па просьбе рэжысёра Міхаіла Панджавідзе кампазітар зрабіў новую рэдакцыю — і яна ідзе ў тэатры дагэтуль. Прычым яе паказы часта сумяшчаюцца з іншымі праектамі Вялікага тэатра, што прыцягваюць увагу новых пакаленняў гледачоў да беларускага слова і нашай даўніны.

Да “Ладдзі Роспачы”, неаднойчы ўвасобленай на іншых сцэнах (дарэчы, абавязкова паглядзіце версію Аляксея Ляляўскага ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек), некаторы час таму амаль паралельна звярнуліся адразу два кампазітары. На жаль, Сяргей Картэс пайшоў з жыцця, так і не скончыўшы працу. А ў Алега Хадоскі існуе завершаная партытура мюзікла — пакуль без пастаноўкі.

Узгадаю і буйную праграму Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны, прафесара Міхаіла Фінберга. Маэстра звярнуўся да кампазітараў і найперш Эдуарда Зарыцкага — і рэпертуар калектыву папоўніўся новымі песнямі.

Дык чаму творы Караткевіча так натхняюць музыкаў? Можа, яшчэ і таму, што само ягонае слова — музыка? Але галоўную разгадку, на маю думку, утрымлівае згаданая “Ладдзя Роспачы”. Звычайна гэту філасофскую прыпавесць трактуюць як перамогу прагі жыцця над неадольнай сілай смерці. Так і ёсць! Ды ўсё ж у тэксце можна знайсці і больш дакладнае тлумачэнне. Калі галоўны герой — Гервасій Выліваха — вядзе свой вызначальны шахматны паядынак са Смерцю, ён раптам разумее, у чым яго перавага: “Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто, — і тады пераможаш”. Што гэта, як не гімн самой творчасці? І што такое жыццё, як не цяга да творчасці? Менавіта тым яна адрозніваецца ад простага “існавання”. Творчы чалавек пераможа амаль ус ё. Ці ж не ў тым запавет Караткевіча?

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"