“Каласавінам” — ужо 35 гадоў!

№ 43 (1482) 24.10.2020 - 31.10.2020 г

Для Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі кастрычнік гэтага года атрымаўся даволі насычаным на падзеі. Спярша 1 кастрычніка адбылася “ІІ Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Крэўскія чытанні: гісторыя, археалогія, культурная спадчына Крэва” (другі дзень прайшоў у самім Крэва). А 2 кастрычніка там жа распачаўся не менш важны форум — “ХХХIV навукова-практычная канферэнцыя “Каласавіны” (другі дзень якога прайшоў у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа). Менавіта пра “Каласавіны”, арганізатарам якога, нароўні з музеям Якуба Коласа, з’яўляецца Міністэрства культуры, мы і пагаворым.

/i/content/pi/cult/821/17572/24.jpg“Каласавіны” — гэта брэнд!

“2 — 3 кастрычніка 2020 года ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбудзецца чарговая навукова-практычная канферэнцыя “Каласавіны”, прымеркаваная да 138-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа (Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча), — паведамлялі арганізатары праекта. — Традыцыя адзначаць дзень нараджэння нацыянальнага класіка шэрагам мерапрыемстваў трывае на працягу ўжо 35 гадоў. Звычайна доўжыцца свята тры дні: ранішнік “Казкі жыцця” для самых маленькіх жыхароў нашай краіны, навуковая канферэнцыя “Каласавіны” і святочная праграма на малой радзіме Якуба Коласа — у Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці. Сёлета па задуме супрацоўнікаў музея сцэнарый крыху зменены, і адкрые мерапрыемства ХХХIV навуковая канферэнцыя. Фармат яе пашыраны: побач з матэрыяламі па коласазнаўстве свае работы на тэму захавання матэрыяльнай культуры, у прыватнасці, помнікаў драўлянага дойлідства, прадставяць выдатныя гісторыкі і краязнаўцы.

Беларускае коласазнаўства — разнастайнае і шматграннае. За мінулыя гады не толькі філолагі, але і гісторыкі, краязнаўцы, музыказнаўцы, мастацтвазнаўцы і іншыя разглядалі творчасць народнага класіка на высокім прафесійным узроўні ў рэчышчы сваіх галін ведаў. Але спадчына Коласа надзвычай багатая і актуальная ў любыя часы, таму па сённяшні дзень навукоўцы знаходзяць яшчэ не разгледжаныя праблемы, актыўна даследуюць іх і выносяць на агульнае абмеркаванне. Нездарма на канферэнцыі будуць падняты праблемы захавання, рэстаўрацыі і інтэрпрэтацыі архітэктурных помнікаў і гістарычных мясцін, бо значная частка коласаўскай спадчыны — гэта аб’екты філіяла музея на радзіме Якуба Коласа і цэлы шэраг мясцін, звязаных з жыццём і творчасцю Песняра.”

Каб даведацца, ці спраўдзіліся спадзяванні арганізатараў канферэнцыі, мы звярнуліся да супрацоўнікаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, якія выступілі мадэратарамі дзвюх секцый канферэнцыі — вядучага навуковага супрацоўніка Ірыны КАЗЛОВІЧ і спадара Антона АСТАПОВІЧА, загадчыка навукова-асветніцкага аддзела.

З размовы са спадарыняй Казловіч, мадэратарам “Літаратуразнаўчай секцыі”, мы даведаліся пра гісторыю “Каласавінаў”, іх канцэпцыю, пра тэматыку дакладаў з папярэдніх і гэтай канферэнцый і пра кола ўстаноў, якія традыцыйна бяруць удзел у форуме. Геаграфічны абсяг — уся Беларусь. Тэматычна — гэта жыццё і творчасць Якуба Коласа.

На вялікі жаль, як аказалася, тэмай, якой мала адводзіцца ўвагі, застаецца радавод Песняра. Прынамсі, у гэтай канферэнцыі не было заяўлена аніводнага даклада. Таму хочацца адрасаваць пэўны “сігнал” беларускім генеолагам.

З заяўленых дакладчыкаў у канферэнцыі ўзялі ўдзел супрацоўнікі Інстытута Літаратуразнаўства імя Янкі Купалы ДНУ “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі” — Анатоль ТРАФІМЧЫК (вучоны сакратар, кандыдат філалагічных навук), Таццяна ВАБІШЧЭВІЧ (старшы навуковы супрацоўнік аддзела беларускай літаратуры ХХ і ХХІ стагоддзяў, кандыдат філалагічных навук), Вера МІЦКЕВІЧ (малодшы навуковы супрацоўнік філіяла). Дарэчы, спадарыня Вера Міцкевіч з’яўляецца ўнучкай Якуба Коласа.

Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа быў прадстаўлены наступнымі дакладчыкамі — Васіліна МІЦКЕВІЧ (галоўны захавальнік фондаў і праўнучка Якуба Коласа), Іван ДОБОВІК (вядучы навуковы супрацоўнік), Аляксандр КРЫЖЭВІЧ (старшы навуковы супрацоўнік) і Вольга НАВАЖЫЛАВА (навуковы супрацоўнік).

Традыцыйна узяла ўдзел у канферэнцыі і другая ўнучка Якуба Коласа — Марыя МІЦКЕВІЧ, старшыня грамадскага аб’яднання “Дзіцячы фонд духоўнага і культурнага адраджэння “САКАВІК”. Сёлета далучыліся да канферэнцыі таксама Анатоль БРУСЕВІЧ (дацэнт кафедры польскай філалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, кандыдат

філалагічных навук, дацэнт) і Юлія НАЗАРАНКА (дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат філалагічных навук, дацэнт).

На жаль, па цалкам зразумелых прычынах (ковід), сёлета каля паловы дакладчыкаў не змаглі выступіць. Але іх даклады будуць апублікаваныя ў чарговым зборніку матэрыялаў канферэнцыі. Як нам паведаміла спадарыня Ірына Казловіч, выданне зборніка запланавана на гэты год. У немалой ступені гэта звязана з тым, што тэмы іншай секцыі запатрабаваны ўжо “тут і зараз”.

Новая і актуальная секцыя

Калі даклады пра навінкі Каласазнаўства маюць “вечны” характар і іх можна чытаць і перачытваць доўгімі зімовымі вечарамі, то праблемы захавання спадчыны, што называецца, маюць актуальны характар. Таму, уласна, і нарадзілася думка надаць Каласавінам яшчэ і прыкладны характар.

Каб больш дэталёва даведацца пра мэты другой секцыі “Пытанне кансервацыі, рэстаўрацыі і музеефікацыі помнікаў драўлянага дойлідства”, мы звярнуліся да яе мадэратара — Антона Астаповіча, загадчыка навукова-асветніцкага аддзела Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Антон Астаповіч адносна нядаўна працуе ў музеі, таму грамадскасці ён больш вядомы як старшыня Рэспубліканскага савета Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

“Традыцыйны фармат канферэнцыі быў зменены ў сувязі з тым, што ў музея Якуба Коласа маецца філіял “Мікалаеўшчына”, у склад якога ўваходзіць чатыры аб’екты, якія маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Гаворка вядзецца пра помнікі традыцыйнага драўлянага дойлідства — мемарыяльныя сядзібы-леснічоўкі ў Акінчыцах, Смольні, Ластку і Альбуці. Зразумела, што дрэва такі матэрыял, што ўзнікаюць праблемы с захаваннем і эксплуатацыяй помнікаў драўлянага дойлідства. Таму і было прынята рашэнне правесці секцыю, прысвечаную рэстаўрацыі і захаванню драўлянай спадчыны”.

Заяўлены на канферэнцыі вядомы спецыяліст-рэстаўратар з Расійскай Федэрацыі Сяргей СЕНА, кіраўнік аддзялення НП “Расрэгіёнрэстаўрацыя” па Паўднёвай федэральнай акрузе Расіі, Дырэктар ТАА “Навукова-праектнае аб’яднанне архітэктуры, горадабудаўніцтва і дызайну”, на вялікі жаль, не змог прыехаць, але, дзякуючы яму, канферэнцыя атрымала статус “міжнароднай”.

“Заяўлена было дванаццаць выступоўцаў, прагучала ж дзесяць карысных і змястоўных дакладаў. Вельмі прыемна, што выступіла з дакладам спадарыня Наталля ХВІР, начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Актыўна ўдзельнічаў у спрэчках і абмеркаваннях начальнік аддзела па наглядзе за выкананнем прыродаахоўнага і зямельнага заканадаўства Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь Дзмітрый ВАСІЛЕВІЧ.

Бралі ўдзел у канферэнцыі такія вядомыя спецыялісты, як Міхаіл ЖЫХ (намеснік дырэктара РКП “Белжылпраект”), Леанід КАЛЯДЗІНСКІ (навуковы супрацоўнік Цэнтра даследавання Беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук), Алег ЛЕАНОВІЧ (Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт), Ігар РАХАНСКІ (Беларускі камітэт ICOMOS, дырэктар ПП “Неф-праект”), Юрый МЕЛЯШКЕВІЧ (намеснік старшыні Рэспубліканскага савета Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры), Марына КІСЯЛЁВА (старшы выкладчык Беларускага нацыянальнага тэхнічнага універсітэта), Валерый КАЛЯСІНСКІ (Беларускі саюз мастакоў), Наталля НОВІК і Уладзімір МІЦЛЕР (ТАА “ІНЖЭЛІТ”)”. Прагучала і два даклада ад самога мадэрата секцыі Антона Астаповіча.

Што называецца, за жывое

Фактычна, пасля кожнага даклада ў прысутных узнікалі пытанні, якія часам перарасталі ў невялічкія дыскусіі. Некаторыя з іх працягваліся пазней і па-за “сцэнай”. Так як арганізатары канферэнцыі самі падштурхоўвалі прысутных задаваць пытанні, то карыстаючыся магчымасцю паўдзельнічаў ў працы секцыі і я, журналіст “К”.

Пасля даклада Уладзіміра Міцлера, адметнага правядзеннем рэстаўрацыйных прац у сядзібе роду Рэйтанаў (вёска Грушаўка, Ляхавіцкі раён), мною было ўзнята пытанне, якое таксама датычылася котлішча Рэйтанаў. З нашых артыкулаў чытачы “К” пэўна ведаюць, што акрамя драўлянай сядзібы канца ХІХ стагоддзя ў Грушаўцы ёсць яшчэ адзін драўляны будынак таго ж часу. Толькі значна больш праблемны. У “К” (№ 6, 2016 г.) прафесар Сяргей Сергачоў (БНТУ), эксперт у драўляным дойліцтве, падкрэсліў унікальнасць гэтага будынка для Беларусі. Пазней мы згадвалі пра яго незайздрасны стан (№ 17, 2020 г.). Час, на вялікі жаль, немагчыма спыніць, а зрухаў у плане нейкіх супрацьаварыйных прац, на жаль, пакуль няма. Уласна кажучы, мы проста хацелі атрымаць парады спецыялістаў, што трэба зрабіць, каб зберагчы гэты аб’ект, роўнага якому ў Беларусі ўжо не знайсці. Рэакцыя спецыялістаў была розная. Як і прапановы. Шмат хто, як аказалася, ведае пра праблемы гэтага будынка. Але галоўным вынікам “Грушаўскай дыскусіі” стала тое, што з боку спадарыні Наталлі Хвір прагучала мудрая прапанова аб’яднаць высілкі грамадскасці і дзяржавы.

Аб тым, як прасоўваюцца рэстаўрацыйныя працы ў самой сядзібе, мы паспрабуем распавесці чытачам у бліжэйшых нумарах “К”.

Ну, а на завяршэнне трэба адзначыць, што такі фармат змененых Каласавінаў павінен прыжыцца. Бо, яшчэ раз нагадаем, узнятыя на канферэнцыі праблемы захавання помнікаў драўлянага дойлідства маюць самы актуальны характар для Беларусі.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар