263 ночы з надзеяй выжыць

№ 42 (1481) 17.10.2020 - 23.10.2020 г

Думаецца, гэтай стужцы ў кожным разе наканавана ўвайсці ў гісторыю як мінімум беларускага кінематографа. Такіх анімацыйных фільмаў у нас, мякка кажучы, небагата — не “мульцікаў” (тут у нашых краях шэдэўраў акурат удосталь), але сур’ёзны’х і дарослых. Ды і сам сімбіёз неспалучальных, здавалася б, жанраў — анімацыйнага і дакументальнага -— ужо выглядае на смелы эксперымент. Аднак асаблівую ўвагу прыцягвае, усё ж, тэма. Падазраю, галівудскія прадзюсары ўхапіліся б за яе адразу — пагатоў, так ужо аднойчы было ў падобным выпадку (гутарка, як вы здагадаліся, пра фільм “Выклік” з Дэніэлам Крэйгам). І застаецца толькі парадавацца таму, што беларускія кінематаграфісты гэтым разам іх апярэдзілі. Пра тое, як і дзеля чаго стваралася стужка “263 ночы” — у нашым эксклюзіўным матэрыяле, які значна апярэджвае яе прэм’еру.

/i/content/pi/cult/820/17548/19.jpgЧыйсьці пахілены свет

Сквер ля мінскай вуліцы Клары Цэткін — гэта зазвычай вельмі ціхае і спакойнае месца. Звычайным вечарам там можна сустрэць максімум пару мінакоў — як правіла, “з братамі меншымі”. Яны акуратна абыходзяць пахіленыя мацэвы і даволі незвычайную мемарыяльную кампазіцыю: стол, крэслы… чыйсьці пахілены свет. Далікатныя згадкі пра падзеі ўжо амаль 90-гадовай даўніны.

/i/content/pi/cult/820/17548/20.jpgАле адным кастрычніцкім вечарам тое месца ажыла. Там была гурба дзяцей, гарэлі свечкі, гучала музыка і малітва… А па-над усім лунаў кран з камерай. Можа, такая ўвага стане добрай традыцыяй — хаця б раз на год? Пра тое варта задумацца акурат цяпер, напярэдадні 21 кастрычніка — дня памяці ахвяр Мінскага гета.

Як вядома, амаль усе яго насельнікі былі знішчаныя гітлераўцамі. Але здараліся і шчаслівыя выключэнні. Гэтак, некалькі сем’яў напярэдадні карнай аперацыі схаваліся ў падвал камяніцы па вуліцы Сухой. Ніхто тады не ведаў, што ім давядзецца там бязвылазна правесці ажно 263 дні…

— Для іх гэта былі не 263 дні, а 263 ночы, — тлумачыць назву фільма прадзюсар Уладзімір Бокун. — Каб зменшыць рызыку, яны вырашылі памяняць поры сутак — пагатоў, натуральнае святло да іх усё адно амаль не трапляла туды ў падвал. Можна толькі ўявіць, як мяняўся іхні настрой цягам гэтых дзевяці месяцаў: ад надзеі да роспачы, у якой ізноў ускалыхвалася надзея.

Задума новага фільма расце з ужо даўно вядомага праекта “Хроніка Мінскага гета”, які атрымаў мноства прызоў і ўзнагарод. Аўтарскі калектыў — бадай той самы. І так сталася, што адна з узрушвальных — але раней амаль нікому невядомых — гісторый цыкла ўразіла болей за іншыя.

— У самым першым фільме мы распавялі яе коратка, “сярод іншых”, — тлумачыць Уладзімір Бокун. — А потым доўга яна не выходзіла з галавы — і аўтараў, і гледачоў. І вось, пецярбургскі прадзюсар Дзмітрый Бродскі раптам мяне запытаў: чаму ж вы дасюль яшчэ не зрабілі асобнага фільма з такім сюжэтам? Гэта і быў пачатковы штуршок. А потым нам удалося знайсці ацалелага сведку тых падзей. І сёння вы можаце пачуць пра ўсё з першых вуснаў. Магу даць кантакты.

Прага жыцця насуперак пацукам

Яфім Гімельштэйн даўно жыве ў Ізраілі. Працаваў там таксістам, а цяпер, вядома, на пенсіі. Як ніяк, яму ўжо 85. Гэта прыязны сталы мужчына, з якім лёгка паразумецца — балазе, мэсанджарамі ён карыстаецца спраўна. Пажартуе пра надвор’е, выдасць нейкі барадаты савецкі мем… І ніколі не скажаш, што ў самыя лепшыя гады жыцця яму давялося пабываць у сапраўдным пекле.

У 1941-м Яфіму было шэсць. Адпаведна, калі пачаўся іх зыход пад зямлю — восем.

— Спярша мы думалі: немец мо не такі ўжо і злы, — згадвае ён. — Але потым… Яны не глядзелі на нацыянальнасць, аднак яўрэям, канешне, даставалася болей за ўсіх. Сагналі нас у гета, за калючы дрот. Маму забралі на працу — секчы ў лес дрэвы. Я заставаўся з мамінай сястрой. Харчаваліся як — нелегальна абменьваючы каштоўныя рэчы на ежу. Золата тады цанілася куды меней, ніж хлеб. Ад пагромаў неяк хаваліся — а немцы ладзілі іх штотыдзень. Дасюль гэтыя душагубкі перад вачыма… Так і жылі да 1943 года.

Хлапчук памятае, як ён радаваўся ўрыўкавым навінам пра тое, што савецкія войскі перахапілі ініцыятыву. Ды, на жаль, зарана. Калі Чырвоная Армія з цяжкімі баямі фарсіравала Днепр, акупанты вырашылі паставіць на Мінскім гета крыж.

— Мы прадчувалі, што канец хутка будзе, — кажа спадар Яфім. — І таму муж мамінай сястры, вельмі добры пячнік Пінхус Добін, даведаўся, што ў доме на Сухой — у ім да вайны была нейкая майстэрня — ёсць вялікі склеп. І абсталяваў там схованку — куды больш грунтоўную, чым нашы звычайныя “маліны”. Зрабіў патаемны лаз праз печку, падрыхтаваў драўляныя нары, запас вады і ежы… Мы думалі схавацца там толькі сваёй сям’ёй, але ўрэшце нас набілася туды ажно 26 чалавек. Я быў наймалодшым.

Усе наступныя месяцы хлопчык не бачыў сонечнага святла — ён ніводнага разу не пакідаў сховішча. На паверхню часам выходзіла ягоная маці — каб здабыць ежы. Але потым і гэтая сувязь з вонкавым светам была абарваная.

— Немцы нас, пэўна, шукалі, — згадвае спадар Яфім. — І вось, аднойчы яны закідалі дом гранатамі. Лаз быў завалены. Мы апынуліся, лічы, пахаванымі зажыва, без вады і святла. Некалькі тыдняў калупалі цэглу лыжкамі, відэльцамі — усім, чым было… Тады ўжо ў нас людзі паміраць пачалі. Тут жа і хавалі іх, у сябе пад нагамі. Урэшце, выхад зрабілі. Але тут нахлынулі пацукі, якія адразу адгрызалі пальцы… Ім жа таксама не было чаго есці!

З тых 26 чалавек, якія спусцілася ў падвал, дзень вызвалення сустрэлі толькі 13. Чырвонаармейцам даводзілася літаральна выносіць іх на руках. І байцы, і лекары — а яны паспелі пабачыць ужо многае — дзівіліся ступені іх знясіленасці. І адначасова — волі да жыцця. Якая ўрэшце перамагла. Іх выратаванне ад немінучай пагібелі без сумневу варта лічыць сапраўдным цудам.

ідэя дзіўнага сімбіёзу

Менавіта хлопчык Яфім стаў галоўным героем і наратарам стужкі: аповед вядзецца ад яго імя, мы нібыта бачым усе падзеі ягонымі вачыма.

— Ужо падчас першых абмеркаванняў мы зразумелі, што зрабіць гэты фільм у звыклым для нас дакументальна-ігравым фармаце — вельмі складана, — прызнаецца Уладзімір Бокун.— Ці можна інсцэніраваць такія перажыванні з дапамогай акцёрскай ігры? Я сумняюся. І ў выніку мы прыйшлі да ідэі дзіўнага сімбіёзу — дакументальнага і анімацыйнага кіно. Міністэрства культуры ўхваліла гэтую задуму і выдаткавала сродкі на стварэнне стужкі. Асноўную, анімацыйную частку ўзяла на сябе Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”. Знайшліся і замежныя партнёры — з Расіі і Ізраіля.

Па словах рэжысёра анімацыйнай часткі Ірыны Тарасавай, праца доўжылася ажно год. І збольшага яна ўжо завершаная. Ірына дэманструе мне на сваім экране яе пакуль прамежкавыя вынікі.

— Мы абралі мову анімацыі, каб не паказваць жахі вайны літаральна, — тлумачыць яна. — У ёй ёсць сімволіка, іншасказанне — і гэта дае гледачу пэўную свабоду ўспрымання. Ведаеце, ад пачатку нам хацелася вырвацца за рамкі і зрабіць нешта арыгінальнае. А ўлічваючы, наколькі добра ў нашым (і не толькі) кінематографе распрацаваная тэма вайны, гэта даволі няпроста: пастаянна “ўлятаеш” у нейкія штампы. Мы ж самі вайну не бачылі на свае вочы — але ладна наглядзеліся розных мастацкіх стужак пра яе. І нават у аўтарскай анімацыі на гэты конт ёсць агульныя тэмы, якія спараджаюць аднолькавыя спосабы выяўлення. Таму з аднаго боку, ты з імі змагаешся, з іншага — аналізуеш і ў пэўнай меры выкарыстоўваеш.

Мастачцы Ганне Емяльянавай варта аддаць належнае: праз сваю арыгінальную аўтарскую тэхніку яна здолела стварыць цэлую галерэю выразных вобразаў, персаніфікаваўшы кожнага з 26 “добраахвотных вязняў” згодна з апісаннем спадара Яфіма. Кантрастам тут — абагульненыя твары-маскі пашыхтаваных акупантаў.

Яшчэ адна ўдалая знаходка — размежаванне на чорна-белую і каляровую “карцінку”. Першая адлюстроўвае жахі ваеннага ліхалецця, другая — радасць вольнага свету, які героі доўгі час могуць бачыць хіба што ў снах.

Сны, дарэчы, даволі рэалістычныя — напрыклад, пра яечню на патэльні. І ты разумееш, што гатуючы яе сабе на сняданак, табе ёсць за што падзякаваць Богу.

Вобразная мова стужкі зусім не ставіць перад сабой мэту выклікаць вусціш або напампаваць свядомасць шакавальнай хронікай зверстваў. Пэўна, яна сувымерная асабістаму досведу сучаснага чалавека. І менавіта такую мэту ставілі перад сабой стваральнікі фільма.

Тройчы на парозе смерці

А вось з дакументальнай часткай узнікла замінка — і таму прэм’ера адкладаецца. Пра ўзніклыя непаразуменні з замежнымі партнёрамі я дапытвацца не стаў. Балазе, ёсць тут і прычына, якая ўсім зразумелая.

Згодна з аўтарскай задумай, гледачы павінны ўбачыць у кадры самога наратара. Аднак праз каранавірус здымкі ў Ізраілі давялося адкласці на няпэўны час. Яфім Гімельштэйн быў гатовы і сам прыляцець на месца падзей, у родны Мінск. Ён ледзь квіткі ўжо не забраніраваў, але… лекары забаранілі яму наогул выходзіць з дому, не кажучы ўжо пра падарожжы. З вышэйзгаданай прычыны. Таму хоцькі-няхоцькі даводзіцца браць паўзу.

А пакуль праца над анімацыйна-дакументальным фільмам трохі буксуе, “Майстэрня Уладзіміра Бокуна” паралельна стварае другую стужку на тую самую тэму — дакументальна-анімацыйную. У адказ на пытанне пра магчымую канкурэнцыю кіраўнік студыі запэўнівае, што непаразумення паміж партнёрамі няма — гэта проста два розныя погляды на тыя самыя падзеі. І дадае: насамрэч такіх стужак павінна быць не дзве, а тузін.

— Калі мы занурыліся ў працу над матэрыялам, дык зразумелі, што не змяшчаемся ў гэты фармат, — тлумачыць Уладзімір Бокун. — Адсюль з’явілася ідэя зрабіць яшчэ адзін фільм. Нам было вельмі важна зразумець: што ведаюць пра вайну і гета сённяшнія падлеткі? Мяне здзівіла, калі нават вучні яўрэйскай школы маюць пра тыя падзеі даволі цьмяныя ўяўленні. І тады мы ўмацаваліся ў жаданні зрабіць асобны дакументальны фільм, адлюстраваўшы ў ім праўду пра вайну вачыма дзяцей. Праўду без шакавальных сцэн і эмацыйнага гвалту.

Зрэшты, самі здымкі на Сухой засведчылі, што гістарычная памяць у Мінску яшчэ пакуль працуе. Заўважыўшы дзяўчынку, якая, пэўна, крочыла са школы дадому, рэжысёр убачыў у ёй вобраз — і з ходу прапанаваў далучыцца ў працэс.

— Я патэлефанавала ейнаму бацьку — а той не проста пагадзіўся, але і распавёў пра гісторыю сваёй сям’і, звязанай з гэтым месцам, — кажа лінейны прадзюсар фільма Аксана Мазуркевіч. — Пра бабулю, якая загінула тут у 41-м… І я ўвачавідкі пераканалася, што памяць — жыве.

— Я даўно прыйшоў да высновы: як толькі перапыняецца ланцуг жывой памяці — ад бацькі да сына — тут жа ўзнікае пагроза рэцыдыву паўтору трагедыі, — перакананы Уладзімір Бокун. — Таму нам важна працягнуць гэты ланцужок.

Другі фільм распавядае не толькі пра тыя 263 ночы, але і пра дзве іншыя цудоўныя гісторыі выратавання. Яны звязаныя з невялічкім і ціхмяным гарадком Крупкі. Нават цяжка ўявіць, што ўсяго за адзін дзень нацысты знішчылі амаль дзве тысячы яго жыхароў. Толькі таму, што яны — яўрэі.

 — Але ў нас усё акурат добра зроблена: гэта тры гісторыі пра цудоўнае выратаванне, — кажа сцэнарыст фільма Барыс Герстэн. — Першая — пра людзей, якія самі сябе замуравалі на 263 сутак у Мінску. Другая заснаваная на пратаколе сведкі расстрэлу яўрэйскага гета ў Крупках. Гэта рэальны дакумент — мне ў архівах даводзілася бачыць шмат такіх. Але цуд у тым, што сведка была сярод тых, каго расстрэльвалі! Яна ўратавалася разам з грудным дзіцём, хаця двое іншых яе дзяцей у той дзень загінулі — разам з 1900 бязвінных жыхароў Беларусі. Жанчыну пашкадаваў, як напісана ў дакуменце, немец (хаця я думаю, што гэта быў мясцовы паліцай): ён недавыканаў сваё заданне. І таму яна змагла схавацца ў яміне сярод трупаў, а потым уцякла з дзіцём у лес.

— А трэцяя гісторыя мяне ўзразіла яшчэ болей, — уступае ў гутарку рэжысёр фільма Уладзімір Луцкі. — Уявіце сабе: гэтая жанчына стаяла на парозе смерці тройчы — але засталася жывая! Першы раз — падчас буйной карнай аперацыі ў Крупках, калі было знішчана 1900 чалавек. Тады, пры расстрэле, яна выпадкова апынулася за спінай суседняга чалавека. Потым праляжала разам з нябожчыкам цэлыя суткі, а калі ўсё сціхла, здолела выбрацца з яміны. Уцякла ў суседнюю вёску да сваякоў — але неўзабаве зноў патрапіла ў гета! Ёй удалося ўцячы — а на наступны дзень гета было знішчанае. Потым яна патрапіла ў партызанскі атрад. І аднойчы, вяртаючыся з задання, вырашыла паглядзець на родны дом. Там яе і схапілі. Павялі на расстрэл. Паліцай прымусіў жанчыну выкапаць сабе яміну, але пакуль яна гэта рабіла, добра прыклаўся да пляшкі. Кабета ўрэзала яму рыдлёўкай, забрала вінтоўку і пераадолела тыя 70 кіламетраў, што аддзялялі яе ад атраду. Вось вам — кінематаграфічны характар!

Аўтарскага тэксту ў гэтай стужцы будзе зусім вобмаль. Асноўны аб’ём —вытрымкі з сачыненняў, напісаных сённяшнімі шкалярамі пасля знаёмства з падзеямі мінулага. А ў якасці візуальнага шэрагу выкарыстоўваюцца дзіцячыя малюнкі.

— Гэта пакаленне, якое вайна наогул ніяк не закранула, — кажа Барыс Герстэн. — Яны нават яе сведкаў наўрад ці заспелі — колькі іх сёння ў жывых засталося? Таму даводзілася моладзь пэўным чынам рыхтаваць, знаёміць з фактамі. Але ж яе рэакцыя ўражвае! Чаго вартая хаця б такая фраза, якую я заўсёды буду згадваць: “Чалавек жыве да той пары, пакуль пра яго нехта памятае”!

Фінал фільма — сімвалічная перадача эстафеты памяці. Ля таго дома на Сухой збіраецца дзятва. Малыя пакідаюць адбіткі сваіх далоняў на скульптурнай кампазіцыі, зробленай Элай Грышачкінай. Зробленай пакуль у мяккім матэрыяле, але ёсць надзея, што з часам твор увасобіцца ў паўнавартасны мемарыяльны знак, які будзе маркіраваць такое адметнае месца на карце Мінска.

— Галоўная ідэя фільма — досыць аптымістычная, — кажа Уладзімір Бокун. — Якімі б страшнымі ні былі падзеі, якой бы безвыходнай ні падавалася сітуацыя, усё адно бываюць цуды. І таму не трэба губляць надзею! Нам было важна, каб у выніку ў гледача заставаўся пазітыў: нават у самых жорсткіх варунках выратаванне — магчымае. Трэба верыць і спадзявацца да самага апошняга моманту.

— Здаецца, фашызм — гэта далёкая тэма, якая нас не тычыцца, — дадае Ірына Тарасава. — Але як толькі для яго ствараецца спрыяльная глеба, ён тут жа выплывае на паверхню. Таму лічу наш фільм вельмі актуальным. Бо, як сведчыць досвед гісторыі чалавецтва, фашызм праяўляецца вельмі хутка пасля таго, як пра яго забываюць.